22 чэрвеня 1941 года…

vajna

71 год мінуў з таго чорнага і трагічнага 22 чэрвеня 1941 года. Пачалася вайна, страшней якой не бачыў свет. А гісторыкі, даследчыкі ўсё шукаюць і шукаюць ісцінныя прычыны трагедыі. Здаецца, што сёння ўжо нават самая праўдзівая версія наўрад ці будзе ўспрынята шырокай грамадскасцю за адзіную праўду. Версіі растуць, як грыбы пасля дажджу. Яны мала што мяняюць у прынцыпе, хіба што ўскрываюць нейкія асобныя факты. Новая версія расійскіх даследчыкаў сведчыць, што Сталін давяраў Гітлеру больш, чым сваёй разведцы. У прынцыпе і яна не новая.
Усё больш разгараюцца спрэчкі наконт таго, хто на каго збіраўся нападаць першы: Германія на СССР ці СССР на Германію. З’явіліся сур’ёзныя выданні. Аднак, як прызнавалі гітлераўскія генералы, нават беглае знаёмства з картай дыслакацыі войск Чырвонай Арміі напачатку вайны гаворыць пра тое, што яна не магла наносіць удар першай.
Чым далей адыходзяць гістарычныя падзеі, тым больш становіцца «сведкаў” гэтых падзей. Безумоўна, палітыкі далі маху, руская перастрахоўка ў крытычны час абярнулася страшнымі стратамі. Каварны вораг улічыў усё, нават дзень пачатку вайны ў нядзелю — у выхадны, калі, як сказана ў фільме «Бітва за Маскву”, «сёння нядзеля — склады наркамата абароны закрыты. Выхадны”. Палітычнае і ваеннае кіраўніцтва краіны не дапускала і думкі, што давядзецца ваяваць у глыбіні краіны, армія выхоўвалася ў духу адпору любому агрэсару і знішчэння яго там, адкуль прыйшоў. У гітлераўцаў былі другія планы. Згодна з планам «Барбаросса”, Гітлер марыў не толькі разграміць Чырвоную Армію, захапіць Маскву, Ленінград, Каўказ. Ён марыў знішчыць наш народ, сцерці з твару
зямлі нашу краіну і засяліць яе немцамі.
Да моманту нападу на СССР у арміі вермахта было 7 млн. 234 тыс. салдат. У складзе трох франтавых груп «Поўдзень”, «Цэнтр” і «Поўнач” было 7 палявых армій, чатыры танкавыя групы — 4 тыс. танкаў і тры паветраныя флоты — 5 тыс. самалётаў, усяго — 190 дывізій. Уздоўж заходняй граніцы ў ваенных акругах было сканцэнтравана 149 дывізій Чырвонай Арміі. З іх многія былі ў стадыі фарміравання і
па асабоваму саставу не больш 8-тысячнага саставу. У той час як дывізіі немцаў былі ўкамплектаваны і ўзброены па штату ваеннага часу і складалі 14-16 тыс. салдат. У саставе Чырвонай Арміі на пачатак вайны было 4 млн. 900, 8 тыс. чалавек. А за вайну пад «ружжо” паставілі 34 млн. 476, 7 тыс. чалавек. Аднак па колькасці ўзбраення Чырвоная Армія значна пераўзыходзіла агрэсара ў пачатковы перыяд вайны. На жаль, у першыя дні вайны былі страчаны велізарныя рэсурсы. Па нямецкіх звестках, толькі з Заходняга фронта было захоплена 3332 танкі, 1809 гармат. У шасці мехкарпусах фронта з 2502 танкаў у канцы чэрвеня засталося некалькі дзясяткаў танкаў. За 9 дзён вайны Заходні фронт страціў 1483 самалёты, многія не змаглі ўзняцца нават з аэрадромаў. Заходні фронт страціў 1766 вагонаў боепрыпасаў, 22717 тон авіяцыйнага гаручага, 1655 тон дызельнага. Дарэчы, трэць сваіх затрат у гаручым праціўнік пакрываў за кошт трафейнага. Перад пачаткам вайны гітлераўцы ўмела правялі шырокамаштабную кампанію па дэзінфармацыі савецкай разведкі, мэтай якой было ўтаіць перакід вялікай колькасці салдат і бронетэхнікі да граніц СССР. Дэзінфармацыя сцвярджала, што ідзе падрыхтоўка вайны Германіі з Англіяй. З гэтай мэтай было арганізавана з вясны да пачатку лета масіраванае паветранае наступленне на Брытанскія астравы.
Заключэнне СССР і Германіі Пакта аб ненападзенні было для Гітлера ні чым іншым, як адным з элементаў дэзінфармацыі.
22 чэрвеня 1941 года. Раніца таго летняга дня наступіла раней, чым узнялося сонца. Тысячы разрываў снарадаў, бомбаў, зарывы пажараў асвяцілі паўзмрочныя нябёсы. Мірны сон нашых людзей перарваўся дачасна, каб на 1418 сутак ператварыцца ў кашмар, які справакаваў фашызм. Пачалася жудасная вайна, якой не бачыла чалавецтва ні па яе маштабах, ні па колькасці чалавечых ахвяр.
У першы ж дзень вайны дыверсійны полк «Брандэнбург 800” пашкодзіў усе лініі сувязі, захапіў масты.
Людскія раны не зарубцаваліся дагэтуль. Да сённяшняга дня падлічваюцца ахвяры. 26,6 мільёна савецкіх людзей дачасна забрала вайна. Гэта апошнія звесткі расійскіх даследчыкаў. Сайт Мемарыял” расійскага Міністэрства абароны пра страты ў вайне сёння даступны ўсім.
Чырвоная Армія апынулася ў першыя дні вайны перад магутнай лавінай гітлераўскай армады. Былі адступленне, паніка. Але быў і масавы гераізм салдат. Хоць і не арганізаваны.
24 чэрвеня раніцай 17-я танкавая дывізія з другой танкавай групы Г. Гудэрыяна ўвайшла на заходнюю ўскраіну Слоніма. Практычна замкнулася пастка для войск, якія адступалі з «беластоцкага выступу”. На паўночны захад ад Слоніма захоўвалася «горлышка бутэлькі”, праз якое нямногім часцям 10-й і 3-й армій удалося прарвацца на ўсход.
155-я, 143-я, 121-я стралковыя дывізіі другога эшалона Заходняга фронту, якія падышлі да Слоніма, не змаглі спыніць танкавую армаду. І каб не трапіць у «кацёл”, адступілі на ўсход. У сваёй кнізе «Горыч 41-га” расказваю пра гэтыя падзеі.
У першыя дні вайны на Слонімшчыне ці паблізу яе загнулі тры генералы: М.Г. Хацкілевіч, Д.П. Сафонаў, А.С. Мітрафанаў. Яшчэ адзін, верагодна, загінуў пад Азярніцай. Відавочцы бачылі, як хавалі ваеннага ў лампасах, але гэту магілу пакуль не знайшлі.
Наогул за вайну загінула 416 генералаў Чырвонай Арміі (з іх 4 — генералы арміі). Да слова, у палон трапілі 80 генералаў, 25 з іх загінулі. У баях загінулі 185 генералаў, прапалі без вестак — 14, ад ран памёр 61 генерал, астатнія памерлі ад хвароб і па іншых прычынах. У перыяд перадваенных рэпрэсій армія страціла 738 генералаў.
За гады вайны войскі вермахта страцілі 963 генералы.
Каля 60 тысяч салдат палягло на слонімскай зямлі ў першыя дні вайны. Кожныя суткі ў першыя дні вайны ў Беларусі гінулі 23210 чырвонаармейцаў (у бітве за Маскву — 8825, пад Сталінградам — 5151, у бітве за Берлін — 15325 чалавек). На сёння на Слонімшчыне з безыменных у брацкія магілы перазахавана толькі каля 5,5 тысячы салдат. Пошукі працягваюцца. Вайна на Слонімшчыне пачалася 22 чэрвеня ў 15 гадзін з бамбардзіроўкі Дзеравянчыцкага аэрадрома. Два гады назад каля Какошчыц быў адкрыты памятны знак па воінах, якія загінулі ў першыя дні вайны на Слонімшчыне.
25 чэрвеня гітлераўцы поўнасцю акупіравалі Слонім. Пачалося жыццё ў рабстве. З першага дня «новага парадку” запрацаваў фашысцкі план знішчэння славянскай, яўрэйскай нацый.
У слонімскае гета звозілі яўрэяў не толькі са Слоніма (у горадзе да вайны 85% насельніцтва былі яўрэі), але і з Польшчы, Германіі і нават Францыі. Больш за 40 тысяч яўрэяў закончылі свой зямны шлях на Чапялёўскіх палях, на Пятралевіцкай гары, ва ўрочышчы Маргі. 44,5 тысячы мірных грамадзян знішчылі фашысты ў нашым краі, з іх 7 тысяч — дзеці. Разам з чырвонаармейцамі атрымліваецца, што на кожны квадратны кіламетр слонімскай зямлі прыходзіцца 70 чалавечых ахвяр. Сёння шчыльнасць насельніцтва раёна куды меншая. 31 вёску знішчыў вораг. У Заводным Лесе, Загор’і, Завершы, Залессі (жыхароў трох апошніх вёсак сагналі ў Андрэева), на акунінаўскіх хутарах людзей спалілі жывымі, як і ў вёсках Урач, Рудня. Прычым многія вогнішчы палалі пад нечалавечы енк яшчэ да таго, як у нашых мясцінах з’явіліся партызаны. Хоць карнікі і спрабавалі абяліць сваю чорную справу пад выглядам барацьбы з партызанамі.
Не стаў на калені наш народ, узняўся на барацьбу, як мог дапамагаў Чырвонай Арміі. Тры гады 15 дзён жыў і змагаўся Слонім у акупацыі. Партызанскія камандзіры Яшка і Максім наводзілі жах на немцаў і паліцаяў, Касьян Панасевіч яшчэ за 101 дзень да Матросава здзейсніў такі ж подзвіг на Слонімшчыне пры штурме нямецкапаліцэйскага гарнізона ў вёсцы Трыбушкі. Аддаў юнае жыццё за свабоду роднага краю Вася Крайні. Яны, і такія ж як яны змагары, ішлі на смерць за сваю зямлю. Барацьба была доўгая і адчайная. Каб наступіла 10 ліпеня 1944 года, калі нашы непакораныя землякі сустрэлі Чырвоную Армію, а з ёю і свабоду роднага краю. І якія б сёння ні пладзіліся версіі наконт пачатку вайны, але савецкі народ перамог моцнага і лютага ворага. І гэта ёсць ісціна.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.