Урачыстасць у Cынкавічах з нагоды 605-годдзя знакамітай мясцовай царквы

synkovichicerkov'

У мінулую суботу ўсе праваслаўныя шляхі вялі ў Сынковічы. З самага ранку аўтобусы і шматлікія легкавыя аўтамабілі запаланілі абочыны пад’язных да храма дарог. Велізарнае поле побач з царквою «засеялі” майстры народнай творчасці. На гэтым жа полі злева ад храма ўстанавілі вялікую сцэну з паўкупалам. Свята-Міхайлаўская царква адзначала 605-годдзе — людскі паток накіраваўся сюды адусюль, сярод паломнікаў быў нават манах з Вялікабрытаніі.

У 9 гадзін прыехаў упраўляючы епархіі архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Ён у саслужэнні з епіскапам Мозырскім і Тураўскім Леанідам (у свой час быў рэктарам Мінскіх Духоўных семінарыі і акадэміі, што ў Жыровіцах) і іншымі свяшчэннаслужыцелямі і пачалі галоўнае дзейства — Божую літургію, у ходзе якой уручаліся ўзнагароды. Настаяцель храма протаіерэй Арсеній Ананка, які так многа зрабіў для адраджэння святыні і яе праслаўлення праз сэрцы праваслаўнага люду, удастоены Каложскага Крыжа.

Чаму ж так узнёсла гаворыцца сёння аб храме ў Сынковічах, і чаму ён стаў так вядомы і папулярны за некалькі апошніх гадоў, што нават на такі, здавалася б, не круглы юбілей прыехала многа людзей: паломнікаў, артыстаў — цвет беларускай сцэны?

Вядома, многія імкнуцца да іконы «Усецарыца”, ля якой творацца цуды ў нашы дні. Пагалоска аб пакрове Богамаці як добрая вестка нясецца з хуткасцю маланкі. А з нагоды «неюбілейнага” юбілею вельмі трапна сказаў клірык храма прафесар Мінскай Духоўнай акадэміі протаіерэй Віталь Антонік:

— Гэты храм адзін з самых старадаўніх у Беларусі і тут, напэўна, трэба кожны год збірацца. Тут маліліся нашы продкі 6 стагоддзяў. Такіх намоленых храмаў вельмі мала: у Полацку ды Каложскі. Таму гэта асаблівая святыня беларускай зямлі — не толькі для Праваслаўнай царквы, але і для ўсіх беларусаў. Гэта жывая гісторыя, да якой кожны можа дакрануцца. Праваслаўе спрадвеку было школай высокай маралі, працалюбства, вернасці і іншых духоўных каштоўнасцей. Аб гэтым храме павінны ведаць як мага больш людзей. Цікавы факт: пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі паднёс каралеве кнігу аб нашай краіне, і яна, бегла гартаючы старонкі, раптам здзіўлена прыпыніла свой позірк на фатаграфіі Сынковіцкай царквы — няўжо ёсць падобнае ў Беларусі? Гэта для Шатландыі не рэдкасць — сярэдневяковыя замкі.

…Пасля Божай літургіі людское мора захліснула прасторны двор вакол храма. З песнапеннямі, з іконамі архангела Міхаіла і «Усецарыца” свяшчэннаслужыцелі і паломнікі прайшлі хрэсным ходам вакол храма.

Прашу падзяліцца ўражаннямі ўдзельнікаў урачыстасці.

Алесь Пушкін, мастак:

— Вельмі ўражаны словам архіепіскапа Арцемія, які сказаў, што не храмы — галоўнае, нават такія старадаўнія, а галоўнае — любоў і хрысціянскія пачуцці ў душы, вера ў Хрыста.

Юлія, якая прыехала з сястрой з Івацэвіч:

— Была цудоўная служба ў гэтым старадаўнім храме. А прывёў сюды мяне Гасподзь Бог наш.

Пасля завяршэння ўрачыстасцей у храме адбыўся вялікі канцэрт вядучых майстроў мастацтва краіны. Тут гучала і царкоўная, і свецкая тэматыка. Але ўсіх яднаў адзіны хрысціянскі матыў і каштоўнасці, якія заўсёды, па праваслаўнай традыцыі, аб’ядноўвалі наш народ.

Свята ў сынкавічах

У Ватапедскім манастыры, што на святым Афоне ў Грэцыі, захоўваецца сем цудатворных абразоў Божай Маці. Сярод іх ікона «Усецарыца”. Копія гэтай іконы, напісаная манахамі Ватапедскага манастыра, прыкладзеная да арыгінала і асвечаная ва ўсіх 20 манастырах Афона, ёсць у Сынкавіцкай царкве.

Знаходзіцца ў храме яшчэ адна копія «Усецарыцы”, упрыгожаная ў кіёце сотнямі каштоўных вырабаў. Гэта дары людзей, якія пасля шчырых малітваў ля іконы Богамаці атрымалі вылячэнне ад анкалагічных захворванняў і ад бясплоддзя. Пагалоска аб цудах у Сынкавіцкім храме хутка разнеслася не толькі па ўсёй Беларусі, але і далёка за яе межы.

У прастольнае свята іконы «Усецарыца” ў Сынкавічы накіраваліся калоны аўтамашын і аўтобусаў. У час Божай літургіі, якую вёў настаяцель протаіерэй Арсеній Ананка ў саслужэнні з іншымі свяшчэннаслужыцелямі, храм не мог умясціць усіх жадаючых. Гучная трансляцыя вялася і звонку храма.

Пасля літургіі шматлюдная працэсія з харугвамі і іконай «Усецарыца” наперадзе пайшла Хрэсным ходам да святой крыніцы. Па шляху ўзносіўся акафіст «Усецарыцы”.

Ля святой крыніцы адслужылі малебен, а затым усе жадаючыя акунуліся ў святую купель.

Наперадзе — 15 верасня, калі ў Сынкавічах пройдзе грандыёзнае свята: храм будзе адзначаць 605- годдзе.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.