Сельскія сходы пад музыку баяна і скрыпкі

Нефармальна і запамінальна праходзяць сельскія сходы ў Вялікашылавіцкім сельсавеце. І ў многім дзякуючы мясцовым энтузіястам — старастам. Такім, напрыклад, як Таццяна Генадзьеўна Чувашова. У адзін з пагодлівых вераснёўскіх дзён яна наладзіла сапраўднае свята для жыхароў Новай Стражы, дзе і сама пражывае. Імправізаваныя глядзельная зала і сцэна размясціліся пад адкрытым небам ля дома старасты, які, дарэчы, з’яўляецца ў вёсцы ўзорнапаказальным. Тут жа руплівымі мясцовымі гаспадынямі былі накрыты сталы з чаем і прысмакамі.
Перад прысутнымі выступіла старшыня Вялікашылавіцкага сельвыканкама Ала Васільеўна Пінчук. Яна павіншавала вяскоўцаў з Днём пажылых людзей, падзякавала сяльчанам за тое, што яны падтрымліваюць парадак у вёсцы. Цёплыя віншаванні ў свой адрас і прывітальныя адрасы сельвыканкама атрымалі тыя з вяскоўцаў, хто адзначаў у гэтыя дні юбілейныя даты з дня нараджэння.
Самым урачыстым і захапляючым момантам сустрэчы стала выступленне педагогаў Дзеравянчыцкага філіяла Жыровіцкай дзіцячай школы мастацтваў, якіх запрасіла ў госці Таццяна Чувашова. Алена Анатольеўна Кузьміч, Алена Міхайлаўна Данілевіч, Анастасія Анатольеўна Данілевіч, Іван Уладзіміравіч Ружыцкі, Іна Аляксандраўна Ягаўдзік, Наталля Станіславаўна Сіняк, Людміла Сяргееўна Сідарава паказалі цудоўны канцэрт. Жывыя гукі баяна, акардэона, скрыпкі прынеслі сапраўдную асалоду сельскім слухачам. Некаторыя былі настолькі ўражаны, што міжволі праслязіліся.
Добрая пагалоска аб гэтым канцэрце разнеслася па наваколлі. І неўзабаве падобнае мерапрыемства з запрашэннем дзеравянчыцкіх педагогаў-музыкантаў адбылося ў вёсцы Шылавічы (спіртзавод), дзе старастам Віктар Уладзіміравіч Гурскі. Тут, у мясцовым доме сацыяльных паслуг, таксама цёпла сустракалі гасцей. Частавалі яблычнымі пірагамі і блінамі, падрыхтавалі выстаўку «Багацце восеньскіх дароў”. На сустрэчу з сяльчанамі прыехалі зноў жа кіраўнік мясцовага сельвыканкама Ала Пінчук, а таксама прадстаўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія данеслі да вяскоўцаў карысную інфармацыю. У адказ на цудоўны канцэрт гасцей-прафесіяналаў шылавіцкія жанчыны парадавалі сваімі самабытнымі народнымі спевамі. Думаецца, у такіх мерапрыемстваў будзе добры працяг.

Алена АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.