Аляксандр Кадаўбік: На гульні нашы футбалісты выходзілі з агеньчыкам у вачах

kadovbik

Слонімскі «Камунальнік” закончыў чэмпіянат на восьмым месцы. Спецыялісты адзначаюць, што па гульні каманда мела шанцы і на большае. Галоўнае, каманда ў большасці матчаў радавала балельшчыкаў. Усё гэта пры тым, што ў клубе было толькі 11 штатных ігракоў, астатнія (іх было заяўлена за сезон таксама 16 — усіх 27 футбалісты) — аматары, якія прыязджалі толькі на гульні (бо працуюць у розных месцах і з работы іх не заўсёды адпускалі). Каманда мела абмежаваныя фінансавыя магчымасці нават у параўнанні з мінулымі сезонамі. І тым не менш ігракі і трэнеры ў пачатку сезона пажадалі ўдзельнічаць у чэмпіянаце, каб захаваць клуб з добрымі традыцыямі. Сёння наша размова з галоўным трэнерам «Камунальніка” Аляксандрам Кадаўбікам. Дарэчы, Аляксандр — мясцовы жыхар, тут вучыўся гуляць у футбол, цяпер праявіў неблагія арганізатарска-трэнерскія здольнасці. З ім наша размова.

— Аляксандр Мікалаевіч, наколькі задаволены вынікам чэмпіянату?
— Сезон атрымаўся доўгім і цяжкім, для нас удвайне — паўаматарская каманда, дайгравалі чэмпіянат з вельмі кароткай лаўкай запасных ігракоў. Даводзілася на пазіцыю нападаючага выпускаць нават варатара. Занялі восьмае месца, хацелася большага. Хаця райвыканкам нам канкрэтную задачу не ставіў, для сябе мы планавалі выступіць не горш, чым летась. У мінулым годзе з 16 каманд мы былі пятыя, сёлета з 19 — восьмыя. У прынцыпе сваю задачу выканалі.
— Тым не менш почырк гульні сёлета быў лепшым, чым летась. Не атрымалася так, як з той зборнай Даніі на чэмпіянаце Еўропы — неабцяжараныя даведзенымі заданнямі, хлопцы проста гулялі ў футбол у сваё задавальненне, што і ацанілі балельшчыкі?
— Мы захавалі касцяк каманды — гэта слонімскія рабяты, якія збіраліся мяняць каманды, але нам удалося іх адстаяць. Сабралі мы і лепшых аматараў з вобласці. Рабяты паказалі нядрэнны футбол, сапраўды гулялі для балельшчыка, у сваю асалоду. Футбалісты не мелі прэміяльных, не жылі мы ў гасцініцах. Штатныя ігракі мелі аклады (1,7 млн. руб.) і аплату за харчаванне (1,2 млн. руб.), аматары атрымлівалі толькі харчаванне. Праблем з выездамі не ўзнікала, але цяжкімі былі дальнія выезды — Міёры, Віцебск, Орша. Едзем у дзень гульняў мікрааўтобусам і, як кажуць, з калёс — на стадыён. Трацілі ачкі са слабымі камандамі найперш з-за стомленасці ігракоў ад дальніх пераездаў.
— Каманда задаволена сваім выступленнем?
— Сезон быў нядрэнным. Рабяты разумеюць, што маглі дабіцца большага, а ў цэлым — задаволены. Былі ўдалыя гульні і іх большасць. Напрыклад, другі матч з «Белтрансгазам”. І рад другіх. Крыху падвялі балельшчыкаў у апошнім матчы чэмпіянату, калі прайгралі дома «Іслачы”. Праўда, сапернік быў значна больш матэваваны турнірным становішчам.
— Што самае прыемнае вынес з чэмпіянату?
— Прыемна, што каманду не трэба было асабліва настройваць на гульні, рабяты выходзілі на поле з агеньчыкам у вачах, атрымлівалі ад футбола задавальненне, гулялі з вялікай самааддачай. Я выдзеліў бы лінію атакі — па забітых мячах мы чацвёртыя ў лізе. А футбол прыгожы найперш галамі. Лепшы наш бамбардзір Андрэй Арочка — 11 галоў. На рахунку Аляксандра Асташэнкава — 8 трапных удараў. Больш за ўсіх правёў матчаў Сяргей Гусар (37), ён жа аддаў найбольш галявых перадач (11) і забіў 3 галы. Карней за 19 гульняў прапусціў 32 галы, Саматошанка за 19 матчаў – 23 галы. Цэнтральны абаронца Дзяніс Куцко забіў 7 галоў.
— Цяпер, ведаю, каманда ў водпуску. Якія перспектывы?
— Рабяты, трэнерскі штаб спадзяюцца на добрую перспектыву. Калі каманда захаваецца, прыцягнем да сябе 4-5 маладых слонімскіх ігракоў. Лепш, калі іграюць мясцовыя футбалісты. Яны ўвесь час навідавоку. І вельмі складана працаваць, калі палова ігракоў на кантракце, палова аматараў. Згулянасць дасягаецца толькі ў працэсе матчаў. Карыстаючыся выпадкам, хачу ад імя каманды шчыра павіншаваць каманду «Белтрансгаз” з выхадам у першую лігу і жадаю дастойна прадстаўляць у ёй наш горад. Вялікі дзякуй балельшчыкам за падтрымку. Заўсёды было прыемна бачыць нашых фанатаў на гульнях.
— Дарэчы, хто прыдумаў ваш талісман — забаўнае львянё?
— Прыдумаў яго Аляксандр Гусар, трэнер каманды. Дапамаглі спонсары, а пашылі касцюм у Слонімскім драматычным тэатры. Дзве апошнія гульні ў скуры львяняці хадзіў наш заўзяты фанат Аляксей Апановіч.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.