Аляксей Шубянок: Прафесійны падыход адыграў вялікую ролю

shubenok

Завяршыўся чэмпіянаткраіны па футболу ў другой лізе. Тры каманды: «Смалявічы-СТИ”, слонімскі «Белтрансгаз” (здымак на 13-й стар.) і «Іслач” з Мінскага раёна заваявалі права ў наступным сезоне ўдзельнічаць у чэмпіянаце ў першай лізе.
«Белтрансгаз” трэцяга прызёра апярэдзіў у выніку на 8 ачкоў і за некалькі тураў да заканчэння чэмпіянату рашыў галоўную задачу — выхад у першую лігу. Амаль па ўсіх турнірных кампанентах газавікі сталі другімі: па колькасці перамог, паражэнняў, забітых мячоў, набраных ачкоў. Толькі па прапушчаных мячах — чацвёртыя. Аб выніках чэмпіянату наша гутарка з галоўным трэнерам «Белтрансгаза” Аляксеем Шубянком.

— Аляксей Іванавіч, пракаменціруй вынікі чэмпіянату сваёй каманды.
— Галоўнае, што сваю задачу — выхад у першую лігу, мы выканалі, хоць вельмі стараліся гэта зрабіць і ў мінулым сезоне. Хачу выказаць шчырае дзякуй усім аматарам футбола, якія перажывалі, падтрымлівалі каманду і ў перамогі, і ў няўдачы. Вялікі дзякуй начальніку ўпраўлення магістральных газаправодаў Юрыю Валянцінавічу Бяссонаву і кіраўніцтву «Белтрансгаза”. І вядома ж, асаблівая падзяка футбалістам. Аналізуючы чэмпіянат, адзначу, што мы не пракрочылі па ім на адной назе, хаця мы і «Смалявічы” былі ўсё ж мацней за іншых. Пры гэтым нічуць не хачу прынізіць іншыя каманды. Проста каманды-лідары — паўнацэнныя каманды і правялі і падрыхтоўку да чэмпіянату, і вучэбна-трэніровачны працэс крыху на больш сур’ёзным узроўні, чым большасць аматарскіх каманд. Прафесійны падыход адыграў вялікую ролю ў нашым выніку, калі мы дасягнулі мэты.
— Аляксей, як трэнер, задаволены вынікамі сезона? Я не маю на ўвазе выхад у першую лігу, а найперш якасць гульні каманды.
— Прайсці такі адрэзак чэмпіянату (20 каманд, шкада, што распалася добрая каманда «Клечаск”) — 37 матчаў плюс кубкавыя — у адным тэмпе нам не ўдалося. Былі спады. Але я ўдзячны свайму трэнерскаму штабу, які ў цяжкія моманты змог псіхалагічна настроіць рабят на канчатковую мэту. Былі гульні яркія (летась устанавілі рэкорд з «Забудовай” — 9:0, сёлета з «Міёрамі” — 15:0). У другім крузе прыйшоў да нас з Магілёва Руслан Кіслюк. Вельмі прыйшоўся нам Аляксандр Лужанкоў, які вядомы па гульні за многія каманды, у тым ліку і за слонімскі «Камунальнік”, і які забіў у другім крузе 11 галоў. Вельмі яркай была гульня з камандай першай лігі «Гранітам” на кубак, «панюхалі пораху” з камандай вышэйшай лігі — салігорскім «Шахцёрам” — хоць і прайгралі, але паказалі дастойны футбол.
— Той састаў, які ёсць цяпер, здольны на роўных змагацца ў першай лізе?
— Адназначна не адкажу. Узровень першай лігі ўсё ж значна вышэй, чым другой. Хаця, лічу, што па накалу барацьбы, па страсці, па жаданню гуляць у футбол, па дзеяннях у атацы другая ліга больш
імпануе, у першай ідзе больш змаганне за вынік. Канешне, «свежая кроў” камандзе неабходна для першай лігі, як кажуць, намёткі ёсць — трэба ўмацоўваць літаральна ўсе пазіцыі. Задача на сёння —
захаваць касцяк каманды, усё ж рабяты за тры сезоны з 12-га месца скокнулі на другое, але змены будуць. Паўтаруся, вельмі рады за рабят, якія нечага хочуць дабіцца ў футболе. У сезоне мы забілі 95 галоў, другі паказчык, у абароне — чацвёрты. Але я не скажу, што ў нас дрэнная абарона. Мы ўсё ж стараліся больш гуляць на атаку. Не ставілі мэту на прагматычны вынік.
— Бразільскі прынцып: мы забіваем колькі хочам, нам — колькі змогуць?
— Майстэрства нашых футбалістаў у другой лізе дазваляла многа забіваць і іншы раз асабліва не звярталі ўвагі на прапушчаныя мячы. Вядома, у першай лізе такой «раскошы” не будзе.
— З выхадам у першую лігу зменіцца і структура клуба. Ужо ёсць нейкія планы?
— Вядома. Запросім новых футбалістаў. Мы рады, што вярнулі Слоніму футбол рангам вышэй, страчаны раней. Першая ліга — прафесіянальная. Клуб павінен мець дзве дзіцячыя каманды на ўдзел у турніры ліцэнзіравання. Таму будзем наладжваць сувязь, браць пад сваё крыло юных футбалістаў ДЮСШ-1.
— Самай вялікай праблемай можа стаць футбольнае поле — газон стадыёна «Юнацтва” наўрад ці ў такім стане, як цяпер, дапусцяць да правядзення матчаў першай лігі.
— Гэта, як кажуць, не наша кампетэнцыя, размоў многа было. Тым не менш я ад імя каманды хачу падзякаваць дырэкцыі ДЮСШ-3 за добрыя ўмовы, створаныя ў час правядзення матчаў. А газон — наўрад ці залежыць ад кіраўніцтва спартыўнай школы: з прыродай не паспрачаешся, стан грунту, пакладзенага ў свой час пад газон стадыёна, не той якасці што трэба. Праблему газона трэба вырашаць.
— Чым каманда займецца ў бліжэйшы час?
— Першага снежня едзем на тыдзень на збор у прафілакторый «Алеся”. З 10 снежня каманда ідзе ў водпуск. Пасля 10 студзеня адновім работу.
— Ці можна сказаць нешта канкрэтнае пра пераабсталяванне вашага штучнага поля ў стадыён?
— Пакуль гаварыць рана. Гэтае цудоўнае штучнае поле вельмі дапамагае нам, «Камунальніку”, другім камандам, дзецям. Яно не пустуе. Але пакуль як трэніровачнае поле.
— Аляксей, як ты ставішся як спецыяліст футбола да таго, што ў Слоніме дзве футбольныя каманды ўдзельнічаюць у чэмпіянаце рэспублікі?
— Станоўча. Горад, дзе няма футбола, не горад, бо футбол — спорт № 1. У тым, што мы падняліся на ранг вышэй, дзякуй і «Камунальніку” — саперніцтва пры рэкордна запоўненых трыбунах — толькі на карысць футболу. Я лічу, што «Камунальнік” павінен існаваць. Нягледзячы на мінімальныя фінансавыя магчымасці, «Камунальнік” паказаў сёлета гульню, якая дастойна павагі. Паявіўся дастойны мясцовы трэнер Аляксандр Кадаўбік. Я пераканаўся, што ігракі «Камунальніка” гулялі за горад, за футбольную ідэю. Ім крыху не хапіла, каб выйсці ў першую лігу — па гульні былі дастойныя таго. Паміж намі не было ніякіх падводных цячэнняў, акрамя спартыўных мэт. Я хацеў бы звярнуцца да балельшчыкаў, каб успрымалі такі футбол, які ў нас ёсць. Вядома, усім хочацца на стадыёне таго, што бачым па тэлевізары з чэмпіянатаў Англіі, Іспаніі. Але давайце будзем рэалістамі. А мы будзем старацца павышаць майстэрства.
— Калі футбалісты і трэнеры атрымаюць заслужаныя медалі?
— 28 лістапада ў 17 гадзін прадстаўнікі Федэрацыі футбола будуць у нас, ва ўпраўленні магістральных газаправодаў. На жаль, у невялікую залу не зможам запрасіць балельшчыкаў. У мінулым годзе ў нас быў Аляксей Гапонаў, які, гуляючы за «Гарадзею”, заваяваў залатыя медалі другой лігі. Сёлета ў нас гуляў Аляксей Кулікоў, які ўжо меў «серабро”, выступаючы за «Бярозу-2010”. Астатнія рабяты зрабілі крок наперад. Шкада, што сёлета нам так і не ўдалося перайграць каманду максімаліста Пунтуса, хаця гулялі дастойна і наша серабро атрымалася з залатым адлівам.
— У чэмпіянаце лепшым бамбардзірам стаў Трапашка — 42 галы, які пераўзыйшоў рэкорд мінулага года Стаіна. У нас жа Жэгала вызначыўся 22 разы.
— Са стратай нашага бамбардзіра Дзмітрыя Гомзы (яго запрасілі ў «Гомель”, але аддалі ў арэнду ў Віцебск (першая ліга), дзе ён у полі зроку, другі ў спісе бамбардзіраў пасля Мархеля («СКВІЧ”), ролю бамбардзіра ўзяў на сябе Саша Жэгала. Дарэчы, ён выконваў вялікі аб’ём работы, не толькі ў атацы. На рахунку бамбардзіра Паўла Касінца — 11 галоў. Крайні паўабаронца Аляксей Кулікоў забіў 7 галоў. Апорны паўабаронца Дзмітрый Кеўра забіваў вельмі важныя мячы. Рады, што «да двара” прыйшоўся выхаванец слонімскага футбола Дзіма Харытановіч, які таксама забіваў, яго трапныя ўдары, напрыклад, прынеслі важныя перамогі ў Гомелі, са «Звяздой-БДУ”. Не стану выдзяляць некага асабліва, усе працавалі дружна, што і прывяло да выніку.
— Аляксей, ведаю, што ты цяпер вучышся і хутка атрымаеш дыплом.
— Так, вынік вучобы — атрыманне трэнерскай катэгорыі А, якая дае права трэніраваць каманды вышэйшай лігі і каманды краін СНД.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.