Слонімскае дэрбі ўдалося

derbi

«Камунальнік” (Слонім) – «Белтрансгаз” (Слонім) – 3:2
4 лістапада, стадыён «Юнацтва”, пахмурна, 1850 гледачоў. Пачатак у 14 гадзін.
Суддзі: Сафар’ян (Iк, Мінск), Гідрэвіч (ас. рэф. ФІФА), Юцэвіч (Iк, абодва – Гродна).
Інспектар: Жук (мк, Мінск).
«Камунальнік”: Карней, Куцко, Жукаў, Носаль, Багдзевіч, Гусар, Сакалоўскі, Саваняка, Арочка, Спасюк, Асташэнкаў.
«Белтрансгаз”: Мялік, Дабрыян, Снапко, Харытановіч, Кеўра, Кулікоў, Лужанкоў, Жэгала, Кіслюк, Чудноўскі (Касінец, 88), Круглы.
Папярэджанні: Жукаў, Багдзевіч, Снапко, Харытановіч, Лужанкоў, Круглы.
Выдаленне: Лужанкоў (77).
Галы: Жэгала (18), Кеўра (36), Куцко (42 – з пенальці, 86 – з пенальці), Арочка (90+3).

У чарговы раз слонімскае дэрбі ўдалося – гэта быў футбольны спектакль, паказаны на другалігавай сцэне, але па накалу страсцей ды і па выканальніцкаму майстэрству не ўступаў многім матчам на сцэне вышэйшай лігі беларускага футбола.

1850 гледачоў (рэкорд для другой лігі), якія прыйшлі на матч убачылі відовішчны футбол. І ў многім гэта здарылася таму, што ігралі землякі. Ужо гэты спектакль даў яскравы адказ на пытанне: ці патрэбны Слоніму дзве каманды? Шкада толькі, што ўжо даўно дамашнія матчы слонімскія каманды праводзяць на газоне, які пераўтвораны ў брудна-зялёнае месіва – калецтва ды і толькі. На штучным газоне «Белтрансгаза” афіцыйныя матчы праводзіць не дазваляецца, там няма трыбун. Інспектарам матча быў суддзя міжнароднай катэгорыі Вадзім Жук, які, дарэчы, як афіцыйная асоба, ужо гадоў дзесяць не быў у Слоніме. Так што, на слонімскае дэрбі прыехалі паглядзець не толькі заўзятыя паклоннікі каманд. Сапернікі правялі два розныя таймы. У першым вострыя моманты мелі і тыя, і другія, але забівалі газавікі. На працягу дзвюх мінут Жэгала мог вызначыцца двойчы. У першым выпадку Куцко без праблем пакінуў нападаючага без мяча, у другім – Аляксандр даставіў прадмет гульні па прызначэнню. Другі гол з раёна дугі хлёсткім ударам забівае Кеўра. Здавалася, газавікі змогуць развіць галявы кураж, але за некалькі мінут да перапынку іх наступальны пыл згас. Як аказалася да канца матча. У сваёй штрафной Лужанкоў згуляў рукой і Сафар’ян указвае на «кропку”. Дарэчы, Лужанкоў наўрад ці можа занесці гэты матч сабе ў актыў. Праўда, гуляў ён не на звыклай пазіцыі нападаючага, а ў цэнтры… абароны – Анцыпаў з-за чырвонай карткі ў папярэднім матчы гульню прапускаў. Лужанкоў «зарабіў” пенальці, затым дзве жоўтыя карткі і быў выдалены з поля.
Чвэрць гадзіны газавікі гулялі ў меншасці. Пенальці рэалізоўвае Куцко. У другім тайме працягваўся адкрыты футбол з галявымі атакамі абодвух сапернікаў. І ўсё ж канцоўка матча была за «Камунальнікам”. Каманда літаральна прагла перамогі і дабілася яе. На 86-й мінуце пасля розыгрышу вуглавога ў штрафной газавікоў на газоне на «пятай кропцы” аказаўся Жукаў і арбітр зноў назначае пенальці – і на гэты раз Куцко б’е дакладна – 2:2. А на апошняй (з трох) кампенсаванай мінуце матча тэхнічны Арочка, нягледзячы на гразь па цэнтры поля, змог пазбавіцца ад апекі двух абаронцаў і дакладна прабіць – 3:2. На радасцях на поле выбегла нават забаўнае «ільвяня”, талісман каманды. «Белтрансгаз” церпіць другое паражэнне запар. Наступны матч газавікі праводзяць 11
лістапада на сваім полі з «Забудовай”. Пачатак матча ў 14 гадзін. «Камунальнік” на выездзе згуляе з «Гомельжелдортрансом”.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.