Узнагародзілі футбалістаў

beltransgazВа ўпраўленні магістральных газаправодаў адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне футбольнай каманды «Белтрансгаз». Як вядома, газавікі, падапечныя Аляксея Шубянка, занялі ў чэмпіянаце краіны ў другой лізе другое месца, якое дазваляе гуляць у наступным сезоне ў першай лізе.

Уручыць сярэбраныя медалі і Дыпломы ігракам, трэнерам каманды прыехалі прадстаўнікі Федэрацыі футбола Ігар Бялоў і Аляксандр Чэрнік.

Начальнік упраўлення Юрый Бяссонаў, які многа зрабіў для стварэння каманды, яе развіцця, каманды, якая на трэці сезон выйшла з другой у першую лігу, цёпла павіншаваў футбалістаў, трэнераў з тым, што задача выканана, прычым датэрмінова.

Свае словы ўдзячнасці за ўклад у развіццё футбола выказалі ганаровыя госці з Федэрацыі футбола, аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.

Самы хвалюючы і ўрачысты момант, вядома ж, уручэнне ўзнагарод футбалістам, трэнерам. Медаля ўдастоены і Юрый Бяссонаў. Ды і па праву.

Не верай адзінай…

У восьмы раз у Слоніме, у спартыўным комплексе, прайшоў турнір каманд каталіцкіх прыходаў Беларусі. Турнір прысвячаецца памяці Іана Паўла ІІ і арганізуецца па ініцыятыве ксяндза Артура з Гродна. Натуральна, што турнір пачаўся з малебна ў касцёле святога Андрэя.

Каталіцкія святары арганізуюць гэты турнір на добрую зайздрасць і многім спартыўным арганізацыям: усе каманды ў спартыўнай форме, строгая дысцыпліна ў камандах, узмацняльная апаратура, і на кожным матчы (якія праходзяць амаль без перапынкаў) працуе суддзя-інфарматар, усе прадстаўнікі каманд маюць бейджыкі. Два дні доўжыцца турнір – харчаванне, пражыванне – ўсіх – за кошт спонсараў. Медалі атрымліваюць прызёры, а прызы – усе ігракі, трэнеры, суддзі, арганізатары. У перапынках матчаў музыка ўзнімае настрой.

На гэты раз турнір сабраў 10 каманд з Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. У саставе адной з каманд былі толькі ксяндзы. Спорт ёсць спорт, і прыхаджане на пляцоўцы не «соблюдали табель о рангах» – ксяндзы занялі перадапошняе месца.

Гульні праходзілі захапляюча, на добрым прафесіянальным узроўні. З матчаў, якія давялося назіраць, запомніўся гол, які забіў пяткай ксёндз Артур. Гэты гол мог бы ўпрыгожыць любы матч і англійскай прэм’ер-лігі.

У спорце павінны быць пераможцы. Першай стала каманда «Гродна-Паўднёвы». Каманда з Жабінкі заваявала сярэбраныя медалі, «Гродна-Аўгустувэк» – бронзавыя. Зборная слонімскіх касцёлаў размясцілася ў турніры адразу за прызёрамі.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.