Кніга слонімскага пісьменніка

+++21_03_13 007Па добрай даўняй традыцыі ў час веснавых школьныхканікул у дзіцячых і школьных бібліятэках  праводзіцца Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі. На гэтым чароўным свяце, якое арганізоўваецца толькі адзін раз у год, ажываюць героі кніжных старонак і прыходзяць на сустрэчу са сваімі маленькімі чытачамі. А ўпершыню свята кнігі было праведзена вясной 1944 года па прапанове рускага пісьменніка Льва Касіля.

Гэтымі днямі хлопчыкі і дзяўчынкі  са слонімскіх школ сабраліся у вялікай зале раённага Дома культуры на адкрыццё Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі, якое называлася “Кніга – розуму крыніца, царства ведаў і ідэй”. Для прысутных у зале была падрыхтавана літаратурна-музычная кампазіцыя “Гэты цуд завецца кніга” і прэзентацыя “Дзіцячыя кнігі-юбіляры года”, з якімі ўсіх пазнаёмілі юныя вядучыя, вучні гімназіі № 1 Дзіяна Апанасік і Арцём Казакевіч. Музычныя нумары падрыхтавалі вучні СШ № 2 і СШ № 8.

Да свята кнігі пісьменнік Сяргей Чыгрын падрыхтаваў для школьніка літаратурны сюрпрыз – новую кнігу “Слонімскі буквар”. Кніга мае кра язнаўчы змест, расказвае пра гістарычнае мінулае і сучаснае жыццё Слоніма, утрымлівае ілюстрацыйны матэрыял пра гістарычныя помнікі Слоніма, установы і прадпрыемствы нашага горада, аб знакамітых земляках.

Вось, што расказаў юным чытачам аўтар пра “Слонімскі буквар”:

– Прыемна, што кніга паспела выйсці з друку да свята кнігі. Дзякуючы ёй вы будзеце пачынаць пазнаваць гісторыю Слоніма і вывучаць Слонімшчыну. Буквар гэты – суб’ектыўны і напісаны ён згодна з маім пунктам гледжання. Дарэчы, кожны з вас, тут прысутных, таксама можа напісаць свой буквар. Мяркую, калі вы прачытаеце гэты буквар, то будзеце добра ведаць гісторыю нашага горада. Нават калі проста пагартаць кнігу, дык можна ўбачыць многа здымкаў нашага горада – і ранейшага, і цяперашняга. Спадзяюся, што буквар стане добрым падарункам для школьнікаў нашага горада і раёна. Хочацца пажадаць усім:  вывучайце і ведайце свае родныя мясціны.

Кніжкіны імяніны доўжацца цэлы тыдзень – на працягу ўсіх веснавых канікул. У гэтыя дні ў гарадской і раённай дзіцячых бібліятэках штодзённа будуць праводзіцца цікавыя і пазнавальныя мерапрыемствы. Юныя чытачы змогуць прыняць удзел у літаратурных гульнях і віктарынах, падарожжах па кнігах, качазных ранішніках, аглядах кніг, гадзінах паэзіі, пабываць на мерапрыемствах, прысвечаных творчасці дзіцячых пісьменнікаў Сяргея Міхалкова, Аляксея Якімовіча, Сяргея Чыгрына і інш.

Веснавыя канікулы правесці з кнігай – гэта карысна і цікава. Таму наведвайце раённую і гарадскую бібліятэкі.

Марыя СЯРГЕЕВА.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.