Лёгкага хлеба не бывае

+++++IMG_7589Гаспадаркі раёна вядуць палявыя работы. Напрыклад, у РУСП “Новадзявяткавічы” першымі ў пачатку тыдня вывелі ў поле пасяўныя агрэгаты (на сёння сеюць ужо практычна ўсе гаспадаркі). Зіма, якая сёлета зацягнулася, прыбавіла клопатаў, да таго ж не хапае запасу гаручага. Але хлебаробы ўпэўнены — палі засеюць, тыя пасевы, якія загінулі, перасеюць. Пачатак земляробчага года для аграрыяў рэдка бывае спрыяльным.

У мінулы аўторак мы пабывалі ў РУСП “Пераможац”. Другі  дзень, як механізатары выйшлі ў поле. Прычым, асноўныя работы вяліся на больш лёгкіх землях Вялікашылавіцкай зоны, на прыгарадных палях, якія да нядаўняга часу належылі былой фермерскай гаспадарцы. Адно з палёў культываваў механізатар Анатоль Несцяровіч. Нават на гэтым узвышаным месцы яшчэ хапае вільгаці, і трактар абсталяваны дадатковымі заднімі коламі. Ужо заўтра па гэтым і суседніх палях пройдуць сеялкі, запраўляючы ў глебу насенне аўса. Як і спрадвеку: пасееш авёс у гразь — будзеш князь.

Каля вёскі Чапялёва культываваў, «закрываў» вільгаць другі механізатар Віктар Цітко. Яшчэ з восені тут унеслі арганіку і поле ўзаралі — разлічваюць атрымаць добры ўраджай кукурузы. Поле праз дарогу, здавалася б, вышэй, а ў лагчыне трактар з агрэгатам, які ўносіў вадкія ўгнаенні, пакінуў пасля сябе глыбокі чорны след. У гэты ж дзень земляробы прыкатвалі сенакосы. Зямля ўшчыльнялася для лепшага росту травы, і што вельмі важна для работы тэхнікі ў час касавіцы: каменне пад цяжарам каткоў уганяецца ў зямлю. Каля склада мінеральных угнаенняў запраўляў свой РУМ механізатар Сяргей Пякарскі. Кожны механізатар старанна рабіў сваю справу. І хоць у гэты дзень людзей у полі яшчэ не кармілі, што, вядома ж, не ёсць добра, але механізатары не скардзіліся: пасяўная ўвойдзе ў нармальны рытм у бліжэйшыя дзень-два — будзе і гарачае харчаванне, і аператыўнае падвядзенне вынікаў работы за дзень. Галоўнае, што пачалася сапраўдная работа — пасяўная стартавала.

Расказвае галоўны аграном гаспадаркі Іван Грэцкі:

— Другі дзень працуем у полі, дзе ёсць магчымасць для работы тэхнікі. Пачалі з падкормкі пашы і шматгадовых траў. Учора ж пачалі культывацыю, сёння пачынаем ворыва пад кукурузу. З пачаткам масавых работ будзем працаваць з васьмі гадзін раніцы ўвесь светлавы дзень. Належыць пасеяць 360 га ячменю, 100 га аўса, 160 га зернебабовых, 75 га яравой пшаніцы, 30 га грэчкі, 25 га проса, 100 га кукурузы на зерне, 550 га кукурузы на сілас, 211 га аднагадовых траў, пасадзіць 70 га бульбы. Азімыя выйшлі з зімы ў цэлым нядрэнна, хоць некаторыя ўчасткі (8-10% азімых) давядзецца перасяваць. На ўзвышшах пацярпеў ад марозаў рапс. Уздоўж дарог, дзе вялікі снег быў ссунуты ў кюветы, цяпер чорныя палосы — там папрэла і вымакла. Узнікае праблема з падкормкай азімых. Калі так сонейка будзе прыпякаць, то праз некалькі дзён могуць быць апёкі раслін, калі падкормліваць іх вадкімі ўгнаеннямі.

Давядзецца працаваць або зранку, або позна ўвечары. Цяпер галоўнае — даць азот раслінам, каб пайшлі ў рост. Снег праблем дабавіў, але затое будзе вільгаць. А нашы людзі зробяць усё як след. Не ўпершыню.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.