Дзень роднай мовы

++++P1030441прайшоў  у  дзясятай  сярэдняй  школе.  Гэта  быў своеасаблівы  дзень  адкрытых дзвярэй для будучых першакласнікаў і іх бацькоў пад назвай “Мову матчыну шануйце”. Сёлета ў гэтай школе плануюць на базе трох першых класаў адкрыць хаця б адзін беларускі.

Пра перавагі навучання на роднай мове красамоўна расказалі  вучні  1  “А”  класа,  дзе  класным  кіраўніком з’яўляецца настаўніца Ірына Куліна. Сабраліся  школьнікі, настаўнікі і бацькі ў пасвяточнаму ўпрыгожанай  актавай  зале  СШ №  10.  З  прывітальным словам перад  прысутнымі  выступіла намеснік  дырэктара  па  пачатковых  класах  Ірына  Умецкая.

Выступаючая  падкрэсліла,  як важна  і  неабходна  ў  роднай краіне вучыць  і  ведаць родную мову. Вучні падмацавалі яе словы мілагучнымі радкамі вершаў беларускіх  паэтаў,  як  класікаў – Купалы,  Коласа, Багдановіча, Броўкі, Вольскага, так і знакамітых землякоў – Руцкай, Іверса, Чыгрына. Госці паглядзелі невялікае відэападарожжа па Слонімшчыне. А праходзіла яно пад беларускія песні ў выкананні старшакласнікаў.

Практычна, уся пачатковая школа была задзейнічана ў  правядзенні  мерапрыемства.  Дапамагалі  малодшым  школьнікам  і  старшакласнікі.  У  прыватнасці,  яны падрыхтавалі нумары  мастацкай  самадзейнасці,  збіралі экспанаты выставы народнай творчасці. Прайшлі цікавыя асобныя мерапрыемствы і непасрэдна па класах. Так, 1 “А” запрасіў гасцей на адкрыты ўрок роднай мовы, які прайшоў у форме літаратурных чытанняў.

Варта  адзначыць,  што  гэты клас па праву лічыцца адным з лепшых  у  школе  і  тут асабліва добрыя вынікі ў веданні роднай мовы.

“Пазнайце  Беларусь  і  вы яе  палюбіце”  –  так  назвалі літаратурна-геаграфічнае падарожжа  вучні  другіх класаў.  Дзеці  запрасілі  і  дарослых  паўдзельнічаць  у інтэлектуальным  шоу  “Беларусам  я  завуся,  родным  краем ганаруся”.  А  паралель  трэціх класаў наладзіла ў  гэты дзень сапраўдныя  вячоркі.  Вучні прыйшлі ў школу ў нацыянальнай  вопратцы.  Здабылі  народныя прадметы побыту і правялі старадаўнія  абрады. Дарэчы,  у школе даўно  існуе  куток этнаграфіі. Яго экспанаты таксама былі выкарыстаны на мерапрыемстве, у прыватнасці, у выставе беларускага побыту.

Самы  актыўны  ўдзел у  падрыхтоўцы  свята  роднай мовы і культуры прынялі намеснік дырэктара Ірына Умецкая, настаўнікі Нэля Зайкоўская, Людміла Пралюк, Святлана  Цімошка, Людміла Петушкова, Наталля Зайчук, Наталля Верамейчык, Наталля Нікалайчук і другія педагогі.

Не  засталіся  ўбаку  і  бацькі,  а  таксама  бабулі  і  дзядулі вучняў СШ № 10. А вялі мерапрыемства сямікласнікі Дар’я Парфінец і Віталь Еўтушэнка. Няма сумнення, што пасля такой сустрэчы ў школе з’явіцца нямала жадаючых аддаць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы. Перавагі такога выбару відавочныя.

Анна ЦЫВІНСКАЯ.

Фота Ірыны УМЕЦКАЙ.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.