Слонімшчына адзначыла Дзень Перамогі

+++++Img_8148++Першыя два дзесяцігоддзі пасля вайны Дзень Перамогі не  адзначаўся як дзяржаўнае свята. Не да свят было, краіну трэба было ўзнімаць з руін. Вайна забрала 26,6 млн. жыццяў савецкіх людзей, у пераважнай большасці мужчын, асноўнай фізічнай сілы. Да таго ж у еўрапейскай частцы СССР практычна не было сямей, каго б ні кранула вайна. Амаль увесь народ змагаўся, народ перамог, народ падняў краіну з руін.
Адразу пасля вайны, мабыць, не кожны і асэнсоўваў, які гераічны подзвіг здзейсніў савецкі народ для ўсёй Еўропы і для ўсяго свету, разграміўшы фашызм. Але час браў сваё, сталі адыходзіць ад нас героі, сёй-той у
свеце захацеў прысвоіць не свой гераізм, захацеў прысвоіць Перамогу і перапісаць гісторыю. Не быць гэтаму, забудзем герояў — страцім усё, што яны адваявалі крывёю.
Даўно Дзень Перамогі стаў святам. У такое свята памяць “успыхвае” з новай сілай, бы Пераможны Салют. Святкуе ўвесь народ. Як шкада, што франтавікоў, партызан становіцца ўсё менш. У раёне іх цяпер менш за 70 чалавек. Нядаўна не стала, бадай, апошняга ветэрана, які прайшоў вайну з першага да апошняга дня, кавалера многіх ордэнаў Мікалая Іванавіча Кір’янава…
Урачыстасці на Слонімшчыне з нагоды Дня Перамогі па традыцыі пачынаюцца з прыёма кіраўнікамі мясцовай улады ветэранаў вайны. На гэты раз старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Рагозік, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Юшкевіч сустрэліся з У.М. Лойка, М.І. Лакцюшыным, С.П. Мацыновіч, М.А. Кузьміцкім і другімі франтавікамі і партызанамі — прыехаць на сустрэчу змаглі толькі 14 ветэранаў. У гэты ж дзень на сустрэчы з губерантарам пабываў А.С. Верашчавін, ветэран вайны са Слоніма.
8 мая ў раённым Доме культуры адбыўся ўрачысты сход з нагоды Дня Перамогі. Іграў духавы аркестр, у фае і ля ўваходу ў РДК былі наладжаны выставы зброі сучаснай і перыяду вайны, ваеннай формы. Самыя ганаровыя госці ўрачыстасці — ветэраны вайны. Іх сабралася толькі каля дзесяці чалавек. Найперш ім былі адрасаваны словы ўдзячнасці намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Юшкевіча за здабытую Перамогу, за сённяшні мірны дзень роднай Беларусі. Ветэраны прымалі віншаванні, кветкі, удзячнасць нашчадкаў. А затым быў вялікі святочны канцэрт.
9 мая. Свята працягвалася на ўсёй тэрыторыі раёна. Галоўнай пляцоўкай урачыстасці стаў цэнтр Слоніма. Раніцай пасля службы ў храмах хрэсным ходам вернікі накіраваліся да брацкай магілы і помніка воіну вызваліцелю на вуліцы Пушкіна, каб па-хрысціянску ўславіць збавіцеляў Айчыны ад фашызму і аддаць даніну загінуўшым.
Ад вайсковай часці ўжо рушылі “каробкі” воінаў да цэнтра ўрачыстасцей. Ля Дома Саветаў калона вырасла, у яе авангардзе — ветэраны вайны на вайсковых УАЗіках. Людское мора напоўніла цэнтр горада. Героям вайны апладзіравалі стоячы. Разам са святочнай калонай людскі паток рушыў на вуліцу Пушкіна. Тут адбыўся мітынг, ускладанне вянкоў да брацкіх магіл.
Урачыстым маршам прайшлі воіны гарнізона. Затым урачыстасць перамясцілася на Першамайскую вуліцу, дзе адбылася лёгкаатлетычная эстафета. Іграў духавы аркестр, была выстаўлена сучасная баявая тэхніка. Тут жа стартаваў мотааўтапрабег.
У гарадскім парку пачалося масавае гулянне. Пад вечар святочныя праграмы ладзіліся ў мікрараёнах горада.
Дзень Перамогі скончыўся, але вечна будзе жыць у сэрцах і памяці народнай нязгасны подзвіг салдат Перамогі.

Васіль АФАНАСІК.
Фота Вольгі КУР’ЯН і аўтара.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.