Яму падабаецца плыць… супраць плыні

======IMG_0323

Цікавы, можна сказаць фенаменальны чалавек жыве побач з намі – Аляксандр Іванавіч Пасько. Ён – Заслужаны настаўнік рэспублікі, усё жыццё прысвяціў фізічнаму выхаванню падрастаючага пакалення, у свой час стварыў у Слоніме школу па плаванню і веславанню. Аляксандр Іванавіч – добры спартсмен, нават у 81 год лёгка праплывае 300 метраў па рацэ супраць плыні. Да таго ж ён – вельмі творчы чалавек, цудоўнаіграе на акардэоне, піша вершы-песні. Мабыць, нямногія ведаюць, што Пасько стаў прататыпам для скульптара Курачкіна ў стварэнні помніка воіну-вызваліцелю, які стаіць у скверы на вуліцы Пушкіна нашага горада. Бліжэй пазнаёміцца з незвычайным земляком дапаможа наша інтэрв’ю. Дарэчы, размаўляць з субяседнікам – адна асалода, так натуральна і прыгожа гучыць з яго вуснаў родная мова.

– Аляксандр Іванавіч, як Вам удаецца ў такім шаноўным узросце быць у форме?
– Вядома ж, гэтаму спрыяюць заняткі фізкультурай і спортам, здаровы лад жыцця. Ідучы да Вас, я ўжо выкупаўся ў Шчары, праплыў стометроўку. І прыйшоў у рэдакцыю пешшу.
– Але ж з раніцы вада халодная. Ды Іьля ўжо мінуў.
– Вада нармальная, яна вельмі бадзёрыць. А наконт Ільі скажу наступнае. Я паважаю гэтую народную і хрысціянскую традыцыю і 2 жніўня не купаюся. А ўжо 3 жніўня і ў наступныя дні зноў накіроўваюся да ракі. Мой купальны сезон заканчваецца звычайна 1 лістапада.
– Маржаваць не спрабавалі?
– Не спрабаваў. Але і зімой, і летам ні адзін раз бываў у вадзе, як толькі каму патрабавалася дапамога.
– Вы ратавалі людзей? Успомніце які-небудзь выпадак.
– Мне было ўжо 75 гадоў, калі на Шчары, у раёне так званага дзікага пляжа, выцягнуў, можна сказаць, з тагосвету, дваіх маладых людзей – мужчыну і жанчыну…
– Бадай, самыя яркія ўражанні ў чалавека – у дзяцінстве. Якім яно было ў Вас?
– Маё дзяцінства супала з Вялікай Айчыннай вайной. Але ж дзяцінства ёсць дзяцінства – гэта ўсё ж добры,
бесклапотны час. Былі побач сябры, былі дзіцячыя гульні, захапленне плаваннем. Хоць і жылі ў час нямецка-фашысцкай акупацыі.
Нарадзіўся я ў вёсцы Баравікі ў 1932 годзе. Маці нарадзіла мяне на сенажаці. У той дзень пайшла сена варушыць ля рэчкі Булы, за 5 кіламетраў ад вёскі. А вечарам ужо мяне прынесла дадому… Мой бацька Іван Іосіфавіч Пасько – паляк украінскага паходжання, прыехаў на Слонімшчыну з Польшчы, а маці – Фёкла Фамінічна Касачык, з бежанцаў, з Расіі. На слонімскай зямлі яны сустрэліся і пажаніліся.
Мой бацька ў свой час шмат плаваў па Вісле, ныраў пад тратвы – платы, якія так называліся. На іх па Вісле
сплаўлялі лес. Відаць, ад бацькі і ўнаследаваў любоў да воднай стыхіі. Бо першае, аб чым запытаў маму ў свае тры гады ў Баравіках, – ці ёсць тут рэчка? А мама спалохалася, бо ўсе матулі вельмі трывожацца за дзяцей, калі паблізу дома знаходзіцца вадаём. Дарэчы, мая мама была незвычайная жанчына. Яна адважылася на ўчынак, з якога ўсе ў нашай акрузе дзівіліся. Маўляў, як магла разумная жанчына зрабіць такое глупства. У 1937 годзе маці прадала атрыманыя ў спадчыну 5 гектараў зямлі. А зямля тады была для чалавека – усё. На выручаныя грошы маці купіла ў татарына Александровіча ў Слоніме палоску зямлі на 12 сотак і горку з пяску. Бацька набыў зруб і перавёз яго на Шасэйную, 34, дзе і быў пабудаваны наш дом. І толькі пазней аказалася, што наш пераезд у горад быў вельмі дальнабачным. Бо на час ваеннага ліхалецця і пасля вайны наш дом стаў прытулкам для сям’і, аднавяскоўцаў і іншых людзей.
– Якім запамяталася жыццё ў акупацыі?
– То быў складаны час. Былі пастаянныя каменданцкія гадзіны пасля дзевяці вечара, а таксама больш працяглыя – некалькі сутак. Вуліцы патруліраваліся. Як толькі ў забаронены для выхаду час нехта паказваў нос – адразу расстрэльвалі, без аніякіх высвятленняў абставін. Расстрэлаў нявінных людзей было вельмі многа. Аўтаматная чарга не раз пагражала і мне…
– Пасля вайны жыццё таксама было нялёгкім…
– Ведаеце, мне ніколі не было цяжка. Мне падабаецца плыць супраць плыні. Я і плаваць, помню, вучыўся ў
пахмурны халодны дзень кастрычніка.
Быў вецер з дажджом, а я ў той дзень за 15 мінут навучыўся плаваць…
– Раскажыце пра свае «ўніверсітэты».
– У школу, якая была ў час акупацыі на Студэнцкай вуліцы, я рэдка хадзіў, больш прагульваў заняткі. Пасля вайны адразу пайшоў у чацвёрты клас у першую школу Слоніма. Нядрэнна яе закончыў. Маю яшчэ адну адукацыю – адзін дзень польскай школы, якая размяшчалася тады ў 5-й школе. 1 верасня я пайшоў у гэтую школу, а калі вяртаўся дахаты, даведаўся, што назаўтра ісці на ўрокі ўжо непатрэбна, бо пачалася вайна. Але я размаўляю і чытаю на польскай мове, як, дарэчы, і на украінскай. На гэтых мовах у мяне ёсць некаторыя песні.
Са школьных гадоў актыўна ўдзельнічаў у розных спартыўных спаборніцтвах. Дасягаў добрых вынікаў. Вядома ж, больш за ўсё мне падабалася плаванне. І менавіта хуткае плаванне, такі яго від, як кроль на грудзях. Я і цяпер з’яўляюся адным з самых хуткіх плыўцоў у рэспубліцы ў сваёй узроставай групе. Магу праплыць 300 метраў супраць плыні. Прыемна, што да гэтай пары мяне помняць і запрашаюць на заплывы ветэранаў у Мінск.
– Але вернемся да пары Вашай маладосці. Відаць, любоў да плавання стала вызначальнай у выбары Вашай прафесіі?
– Так, плаванне, наогул спорт мне быў вельмі даспадобы. Але я адчуваў, што буду працаваць з дзецьмі, таму выбраў прафесію настаўніцкую, аб трэнерскай рабоце тады мала хто ведаў. Я паступіў у Кіеўскі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. На той час тут была адна з самых моцных школ па развіццю водных відаў спорту – плавання і веславання. Мне пашанцавала, што я займаўся ў двух прафесараў, братоў Вжэснеўскіх – Івана і Віктара. Гэта людзі, якіх ведаў увесь свет. Вучоба мне давалася лёгка, я быў выдатнікам. Да таго ж не прамінаў ніводнага спаборніцтва, якія праходзілі ў Кіеве, іншых гарадах. Помню, як выступалі разам са сваім трэнерам Хадалоўскім у камбінаванай эстафеце. Па Дняпру на лодцы пераадолелі паўтара кіламетра, выйгралі з вялікім адрывам ад сапернікаў.
Наогул розных спартыўных перамог за жыццё было шмат і па іншых відах спорту – лыжных гонках, шматбор’ю ГПА, стральбе. Вельмі дарагое для мяне першае месца па веславанню на кубак Тамары Шыманскай у Мінску. Я выступаў у заездах з такімі вядомымі спартсменамі, як алімпійскі чэмпіён Леанід Гейштэр, тройчы майстар спорту Яноўскі і іншыя.
– Якія цікавыя моманты помняцца са студэнцкага жыцця?
– Іх, вядома, многа. Прыпынюся на адным. Мне тры разы прапаноўвалі ўступіць у партыю, але я кожны раз адмаўляўся.
Казаў: «Я не магу ўступіць у партыю, не магу належыць адной партыі, таму што збіраюся працаваць з дзецьмі. А ў дзяцей бацькі «рознапартыйныя». Мяне ніхто не разумеў. Але я застаўся беспартыйным.
– Як склаўся Ваш лёс пасля інстытута?
– Пасля інстытута пачаў працаваць настаўнікам фізкультуры ў школах на Чарнігаўшчыне. У гэты ж час паспеў ажаніцца. Дарэчы, мая жонка Марыя закончыла фізмат Белдзяржуніверсітэту. Перспектыў з жыллём і з працаўладкаваннем для жонкі па месцы маёй работы не было, і я прыехаў на радзіму ў Слонім. Тут нарадзіліся ў нас трое дзяцей. Мяне назначылі настаўнікам фізкультуры ў першую школу. Адразу ж пайшоў да Івана Анікіевіча Аксюткі і выпрасіў у яго пракатныя лодкі, якія не давалі даходу. Гэтыя лодкі прывёз да школы, паставіў іх пад елачкамі і паралельна з урокамі фізкультуры пачаў весці трэнерскую работу, закладваць падмурак па развіццю плавання і веславання на Слонімшчыне.
– Нейкіх цяжкасцей і перашкод на гэтым шляху не ўзнікала?
– Наадварот, у маім пачынанні дапамагаў увесь Слонім – улады, партыя.
Для развіцця новай справы выдзяляліся неабходныя сродкі.
– Як у рэдкага на той час спецыяліста па водных відах спорту, здольнага спартсмена, у Вас была, напэўна, магчымасць будаваць паспяховую кар’еру?
– Якраз да кар’еры я ніколі не імкнуўся. Помню, як мяне назначылі ў 1973 годзе дырэктарам спартыўнага
комплексу, які тады ўяўляў сабой даўгабуд. Літаральна за 6 месяцаў мне ўдалося завяршыць будоўлю. Але мая душа не ляжала да работы на такой пасадзе. Я лічыў і лічу сябе настаўнікам. Таму неўзабаве зноў апынуўся ў адной са школ. Але, бывала, мяне прасілі пайсці на нейкі адказны ўчастак работы, і я не мог адмовіць.
Аднойчы прыехаў да мяне загадчык абласнога аддзела адукацыі і назначыў завучам спартыўнай школы. А я ў той час і так быў загружаны: працаваў трэнерам па веславанню ў школе, трэнерам зборнай вобласці і трэнерам зборнай рэспублікі. А яшчэ ў галоўнага трэнера СССР у Маскве Сілаева, які трэніраваў і садзіў у лодку алімпійскага чэмпіёна Раманоўскага, я лічыўся вядучым трэнерам Савецкага Саюза.
Як завучу даводзілася весці і кіраваць усёй метадычнай работай па фізкультуры і спорту ў раёне. Вось калі сапраўды было цяжка. Хоць я гаварыў раней, што мне ніколі не было цяжка. Тым не менш я спраўляўся. Наш раённы метадычны цэнтр быў вядучым у вобласці, рэспубліцы і ва ўсім Савецкім Саюзе. Мае прафесійныя метадычныя распрацоўкі друкаваліся ў «Настаўніцкай» і «Учительской» газетах, у часопісу “Физическое воспитание в школе”.
– Як трэнер, якімі здабыткамі можаце ганарыцца?
– Сярод маіх вучняў і выхаванцаў даволі шмат майстроў спорту. Пры гэтым у мяне не было нейкіх амбіцый, самалюбства, накшталт: я – не я, калі не падрыхтую майстра спорту. Я проста шчыра займаўся з дзецьмі, перадаваў ім свае веды, вопыт. Рабіў гэта з задавальненнем. А як бачыў, што мой выхаванец, якога я трэніраваў як плыўца або веславальшчыка, можа дабіцца большага, скажам, у лёгкай атлетыцы, дык сам і накіроўваў яго туды. І радаваўся, што ў дзіцяці затым усё складвалася належным чынам.
– Са спортам Вы, Аляксандр Іванавіч, сябруеце і цяпер.
– Так. Як прыватная асоба, працягваю творчую працу па развіццю алімпізма ў спорце і турызме. Час гэтага
патрабуе, трэба адстойваць нацыянальны гонар краіны. Тым больш, што ў нашай рэспубліцы ўдзяляецца вялікая ўвага фізкультуры і спорту.
– Ведаю, што ў «залатым узросце» Вы пачалі пісаць вершы-песні і цудоўна выконваеце іх на акардэоне. Здавалася, што можа аб’ядноўваць спорт і песню?
– Музыка прываблівала мяне з дзяцінства. Гэтак жа, як я спытаў маці пра рэчку ў тры гады, так у раннім дзяцінстве прасіў у яе на каленях, каб купіла мне скрыпачку, якую аднойчы ўбачыў у сябра. Пазней працяглы час іграў вечарынкі на гармоніку. Усё гэта апісана ў маіх вершах-песнях.
Спорт і музыка – гэта перш за ўсё – рытм. Рытм жыцця, майго жыцця.
– Колькі вершаў-песень Вы напісалі?
– Недзе паўтысячы. Пішу песні на вершы Васіля Супруна, Алеся Пісьменкова і іншых. Складаю і свае ўласныя вершы-песні на розныя тэмы. А спорт мне дапамагае, бо для гэтага трэба шмат сіл.

Алена АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.