Аляксей Шубянок: пастараемся «выплыць» сваімі сіламі

++++IMG_0620

Пасля заканчэння першага круга чэмпіянату краіны па футболу ў першай лізе футбольны клуб “Слонім” займае 13-е месца з 16 каманд. Калі і не тоне, але і не плыве. Балельшчык расчараваны: невыразная гульня любімай каманды, яшчэ горшы — вынік.
Наш субяседнік — галоўны трэнер каманды Аляксей Шубянок. Паспрабуем з яго дапамогай высветліць прычыны няўдалага выступлення каманды і тое, як намераны “выплываць” з віру, які завецца падвалам турнірнай табліцы.

— Вядома, мы моцна засмучаны, бо разлічвалі на лепшае выступленне, — гаворыць Аляксей Шубянок. — Добрая падрыхтоўка каманды зімой, усяляла аптымізм гульня з камандамі вышэйшай лігі на турнірах — усё гэта не прадвяшчала непрыемнасцей. Але пачаўся чэмпіянат і высветлілася, што ўзровень першай лігі куды вышэй, чым другой. Хоць у нас нядрэнны падбор футбалістаў. Па забітых мячах мы закончылі на сёмым месцы, па прапушчаных — на апошнім. З нашай каманды Аляксандр Жэгала — сярод бамбардзіраў лігі, а Андрэй Кухаронак па сістэме гол+пас наогул — трэці.
Правялі аналіз таго, чаму прапусцілі больш за іншых. Мы запрасілі варатара Паўла Шышэю са СКВІЧа і вельмі спадзяваліся на яго, але ў некаторых гульнях ён не апраўдаў надзеі. Слабой была пазіцыя правага абаронцы і, як аказалася, вопытны Уладзімір Маргулец нам не дапамог.
Вялікая нагрузка выпала на маладога варатара Яўгена Мяліка. Была проста паласа гульняў, калі абарона выпадала з абоймы.  З-за траўм прапускалі матчы Яўген Снапко,  Дзмітрый Харытановіч. За 15 матчаў мы правальна згулялі з “Гарадзеяй” і пінскай “Хваляй” — дома, са “Смалявічамі” — на выездзе.
У астатніх матчах мы гулялі дастойна. Футбол — гульня памылак, але мы іх дапусцілі вельмі многа. У матчы з “Віцебскам” незразумелыя дзеянні нашай лініі абароны — і літаральна за чатыры мінуты сапернік нас зламаў — атрымалі пенальці ў свае вароты, выдаленне. У матчы з “Ведрычам”, выйграючы па ходу матча, нам не хапіла канцэнтрацыі, не забілі пенальці. Павел Шышэя прапускае вельмі крыўдны гол у канцы матча. 2:0 вялі з камандай “Іслач” і таксама ўпусцілі перамогу.
— Чаго ж не хапае — майстэрства, вопыту, псіхалагічнай устойлівасці?
— Вядома, былі агрэхі ў рабоце з мячом, але нам не ўдаваліся канцоўкі матчаў…
— І пачаткі таксама. У некалькіх матчах яны былі проста правальныя.
— Хутчэй не хапала псіхалагічнай устойлівасці. Пачаткі матчаў былі правальнымі не з-за таго, што дрэнна разміналіся. Гэта нейкая сітуацыя, якую і патлумачыць цяжка. У той жа час мы забілі самы хуткі гол у чэмпіянаце ў матчы з “Ведрычам”.
— Не спрацаваў прынцып “шапкозакидательства” пасля ўдалага мінулага сезона і ўдалых матчаў у перадсезоннай падрыхтоўцы?
— Ды не. Мы ж рэальна разумеем, што мы — дэбютанты лігі. За выключэннем “СКВІЧа”, “Мінска-2”, дзе гуляе моладзь, у астатніх камандах многа вопытных ігракоў. Для нас першая ліга — не скажу, што невядомая, але гэта не другая.
— Але ж балельшчыку незразумела, як гэта ў нейкіх “правінцыяльных” камандах падбор ігракоў лепшы, чым у камандзе газавікоў, у якіх фінансавыя магчымасці, пэўна ж, лепшыя?
— ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” — толькі спонсар каманды сёння, і там таксама ўмеюць лічыць грошы. Хаця ўсё, што патрэбна нашай камандзе, у нас ёсць.
— Як лічыце цяпер: ці правільна было з дзвюх каманд рабіць адну, а больш правільна — з адной адну, з “Камунальніка” ўзялі толькі двух ігракоў?
— Калі гаварыць пра развіццё слонімскага футбола, то гэта трэба было зрабіць гады тры назад. Сёння многія крыўдуюць, што прапала каманда “Камунальнік”. Я лічу, што мець адну добрую каманду першай лігі лепш, чым дзве ў другой. Пры аб’яднанні заўсёды ідзе прыцірка. Гэта нармальны працэс.
— Паміж трэнерамі, ігракамі ёсць нейкія непаразуменні?
— Ды не, мы даўно працуем і з Аляксандрам Кадаўбікам, і з Аляксандрам Гусарам. Мы працуем на стварэнне, а не на разбурэнне. Няма дзвюх каманд, ёсць “Слонім”, і канец чэмпіянату пакажа, ці правільна мы працуем,
хоць, паўтаруся, прамежкавы фініш задавальнення не прынёс.
— Мяркуем, нешта кардынальна памяняецца?
— Трэба працаваць. І як мы прынялі рашэнне на сходзе каманды, пастараемся “выплыць” сваімі сіламі.
Па-першае, мы пачынаем другі круг не 17,  а 24 жніўня. Кіраўніцтва каманды “Ліда” пайшло нам насустрач, і мы перанеслі стартавы матч другога круга. Нашы ігракі Кіслюк і Жэгала паехалі на спартакіяду газавых кампаній у Казань.
Па-другое, усё ж састаў каманды некалькі абнаўляем. Пакінулі “Слонім” па розных прычынах варатар Шышэя, раней — абаронца Маргулец (перайшоў у “Іслач”), паўабаронцы Хмялюк, Кеўра, нападаючыя Лужанкоў (у яго нарадзілася дачка, яму трэба бліжэй да сям’і, паехаў дамоў у Магілёў) і Касінец (па сямейных абставінах паехаў
у Віцебскую вобласць).
Запрасілі ў каманду варатара з магілёўскага “Дняпра” Сяргея Курганскага, былога абаронцу “Камунальніка” Анатоля Жукава, запрасілі са “Смалявіч”  абаронцу Мікалая Каленіка, у лінію атакі — выхаванца слонімскага футбола (які, праўда, у слонімскіх камандах не гуляў) Дзмітрыя Юзвовіча (“Баранавічы”), узялі ў арэнду ў гродзенскага “Нёмана” Максіма Дубая, ён родам з Ваўкавыска. Дазаяўка да 30 жніўня, магчыма, запросім некага яшчэ. Праглядаем чатырох слонімскіх ігракоў з каманд ліцэнзіравання — Аляксандра Жылінскага, Аляксандра Пузача, Віктара Берга, Сяргея Падрэцкага.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.