40-ы механізаваны пайшоў пад Брэст

+++IMG_0035Практычна ўсе буйныя  вучэнні, што праводзіліся  на тэрыторыі рэспублікі,  прайшлі з удзелам воінаў 11-й  мехбрыгады. Не выключэннем стане і вучэнне “Захад-2013”, сумеснае беларускіх і расійскіх вайскоўцаў. Вучэнне адбудзецца практычна на ўсіх палігонах Беларусі, яго актыўная фаза з баявой стральбой пройдзе ў трэцяй дэкадзе верасня. Цяпер  вайсковыя часці выходзяць у зададзеныя раёны. Танкавы батальён 11-й мехбрыгады ўжо ў чарговы раз асвойвае да “болю знаёмы” Абуз-Лясноўскі палігон і пайшоў батальён туды сваім ходам. А вось 40-му механізаванаму батальёну брыгады пачатковая стадыя вучэння выпала паскладаней — “ваяваць” давядзецца на Брэсцкім палігоне. Шлях жа ў раён чакання трэба было пераадолець па чыгунцы. Пагрузка на платформы — даволі складаная аперацыя. Шырыня таго ж БМП акурат роўная шырыні платформы. Відаць, канструктары баявой машыны пяхоты, распрацоўваючы мадэль, падганялі яе менавіта пад шырыню платформы, бо баявая тэхніка, як правіла, на вялікія адлегласці дастаўляецца чыгункай. Каб загнаць БМП (танк — крыху прасцей, ён хоць і шырэй самой платформы і частка гусеніц вісіць збоку платформы,  але ў танка і гусеніцы шырэйшыя, чым у БМП). Так што механіквадзіцель павінен быць ювелірам, адзін  рэзкі рывок убок — і  машына сыдзе з платформы. Мала загнаць  машыну на чыгуначную платформу, трэба яе яшчэ надзейна замацаваць — цягнік жа хутка ідзе, можа здарыцца тармажэнне, тэхніка павінна быць “прыклеенай” да платформы. У мінулы чацвер на  чыгуначнай станцыі ў  Слоніме пачалася пагрузка гусенічнай і колавай тэхнікі на платформы. Перш, чым пагутарыць з камбрыгам палкоўнікам Андрэем Жуком, які прыехаў пракантраляваць ход пагрузкі эшалона, мы знаёмімся з ваенным  камендантам станцыі (ён прадстаўляе баранавіцкую камендатуру). Убачыўшы цывільнага з фотакамерай, старшы лейтэнант з павязкай на рукаве, паспяшаўся насустрач. Усё тут сур’ёзна. Пераканаўшыся, што маю права на наведванне пункта пагрузкі, камендант дае дабро на відэафотаздымкі. — Працягваем вывад  брыгады ў раён вучэння, — гаворыць камандзір злучэння палкоўнік Андрэй Жук. — Сёння чарговы этап — выхад 40-га асобнага механізаванага батальёна ў раён чакання. Перад пагрузкай праводзім заняткі па пагрузцы тэхнікі на чыгуначныя платформы і часткова самую пагрузку. Заўтра пагрузку завяршым, і батальён здзейсніць марш на Брэсцкі палігон, дзе і будзе выконваць сваю задачу,  пастаўленую на вучэнне. У пятніцу пад вечар  пагрузка была завершана,  адбыліся провады воінаў на  вучэнне. І, як стала вядома,  батальён паспяхова выйшаў у раён чакання, гатовы да выканання баявой задачы.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.