Дваякі сэнс гульні

+++IMG_0767

“Слонім” — “Смаргонь” — 1:1

31 жніўня, стадыён “Юнацтва”, 800 гледачоў. Пачатак у 17 гадзін.
Суддзі: Сцяцурын (Брэст), Ракса, Сіткевіч (абодва — Гродна).
Інспектар: Чэрнік (Масты).
“Слонім”: Курганскі, Жукаў, Кухаронак (Хаміцэвіч,  53), Харытановіч, Сакалоўскі (Каленік, 46), Дубай (Жэгала, 46), Жданок, Арочка (Гузік, 79), Голубеў (Кліміхін, 71), Шыкаўка, Анцыпаў.
“Смаргонь”: Жук, Палазнік, Попель, Кавальчук, Гаркуша, Гінтаў (Гарлікоўскі, 83), Літвінчук, Шмігера, Казак (Селінаў, 69), Казко, Крот.
Папярэджанні: Шыкаўка, Крот, Казко.
Выдаленні: Шыкаўка (77), Гаркуша (81).
Галы: Крот (36), Анцыпаў (73).
Дваякае ўражанне пакінуў матч. Першы тайм  “Слонім” быў ніякі, у перапынку балельшчыкі проста разводзілі рукамі: ні паса, ні ўдара па варотах.
Спецыялісты футбола не без падстаў лічаць, што рана  “спісалі” Дабрыяна, Гусара, які набіраў абароты, Берга, другіх слонімскіх ігракоў. Ды і ветэран Куцко згуляў бы лепш многіх прывазных футбалістаў.
Трэнеру, вядома, відней, але ж запрошаныя аднекуль ігракі мала чым сябе праяўляюць. Няма выніку, нават улічваючы, што “Слонім” — дэбютант лігі. Галоўны трэнер скардзіцца, што ў Слонім не хочуць ехаць добрыя футбалісты. Толькі чаму? Тут жа неблагія футбольныя традыцыі. То ці патрэбны прывазныя дрэнныя?

На рэпліку з трыбуны наконт слабой гульні адзін з  футбалістаў адказаў такім абразлівым тонам, што як  быццам прыехаў не абараняць гонар Слоніма, а адбываць павіннасць і яму да лямпачкі той балельшчык…
У першым тайме мала што стварыўшы путнага ля варот, сапернікі маглі б разысціся і мірам. Але на 36-й мінуце гігант Крот удала завяршыў прастрэл партнёра злева: асэнсавана прабіўшы галавой, мяч ад зямлі ўляцеў у далёкі вугал варот. А праз мінуту Казак паздзекваўся з абароны гаспадароў, абыграў у штрафной 3-4 ігракоў, але не прабіў з пазіцыі “лепш не прыдумаеш”, а адпасаваў партнёру, а той “гакнуў” міма варот.
Другі тайм усё ж адрадзіў якую-ніякую надзею. Гаспадары поля пачалі даволі жвава, і атакі набылі сэнс.
Бліжэй да сярэдзіны тайма гульня супакоілася. У адным з эпізодаў гаспадароў поля ўратаваў Курганскі, забраўшы мяч у нагах нападаючага. На 73-й мінуце Шыкаўка падаў вуглавы, і капітан “Слоніма”  Анцыпаў галавой уганяе мяч у “дзявятку” варот Жука (на здымку). Здавалася “Слонім” злавіў кураж. Пасля ўдару са штрафнога, у сетку варот гасцей улятае іх… галкіпер, мяч жа ад стойкі вылятае за межы поля. Секундамер адлічваў апошнія імгненні матча, калі контратака “Слоніма” магла завяршыцца пераможным голам, але заключны ўдар Гузіка пры дабіванні мяча з забіўной пазіцыі і па пустых варотах аказаўся вельмі ўжо недакладным. І тым не менш могуць жа іграць. Чаму ж увесь матч не такі, як яго канцоўка?..
Наступны матч “Слонім” праводзіць 7 версня на выездзе з “Бярозай-2010”.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.