Бабры «ўзяліся» за вёскі

+++Img_7794++БОБРЫ

Падобна, услед за дзікімі кабанамі бедствам становяцца бабры. Але дзікоў, у сувязі з пагрозай афрыканскай чумы свіней, цяпер масава адстрэльваюць. З бабрамі практычна ніхто барацьбу не вядзе. А яны ўжо і ў межах горада на старыцы Шчары абжыліся. Не будзем пералічваць “бабровыя плюсы” – у прыродзе амаль усё мае свае плюсы і мінусы. Але мінусаў у гэтага “будаўніка без дыплома” становіцца вельмі ўжо шмат, а таму пара папуляцыю і зменшыць.
Тое, што валіць гэты “дрывасек” шмат лесу – яшчэ паўбяды. На прытоках Ісы – асноўных нерасцілішчах чырвонакніжнай ручаёвай фарэлі, ён набудаваў плацін і пераўтварыў гравійнае дно ручаёў – месцы нерасцілішчаў, у ілістыя затокі. У Азярніцы, Мілошавічах і іншых вёсках з-за плацін, узведзеных “зубастымі”, падтопліваюцца агароды і прысядзібныя ўчасткі. Некалькі гадоў назад каля Нагуевіч бабры пасяліліся ў меліярацыйным канале. Пачалося затапленне агародаў. А з паўгода назад бабры аблюбавалі
ручай, што цячэ праз вёску. Узнікла рэальная  пагроза падтаплення дамоў вёскі. Неяк няпрошанага госця выправадзілі. Дык ён падняўся вышэй па цячэнню і ў міжгорнай даліне, але паблізу дамоў, узвёў “цуд” інжынернай сістэмы як раз на месцы асноўнага нерасцілішча ручаёвай фарэлі. Плаціна выкладзена літарай S з ідэальна правільнымі формамі. А наверсе плаціна вымашчана…каменнямі. Не бачыў бы сам – не паверыў бы. Шырока разлітае возера падышло да агародаў. Мясцовыя жыхары паспрабавалі разбурыць частку плаціны. Быццам бы і нельга, але ўзнікае пагроза для людзей. Хацелі па-добраму, як кажуць, без насілля выправадзіць баброў. Але, на жаль, раніцай плаціна была ўзноўлена, ды так, што следу не засталося ад разбурэння. Прычым палкі, калкі, што былі разбураны, не крануты, – выкарыстаны новы матэрыял. Вось бы нашым дыпламаваным спецыялістам навучыцца такой жа якасці работы. А то бывае так, што вуліцу
раскапаюць, а ўзнавіць як след асфальт на ранейшым месцы не могуць…
Цікава было б ведаць пазіцыю таварыства паляўнічых і спецыялістаў лясгаса з прычыны бязмернага засілля баброў. Паляванне ж на іх дазволена…

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.