На павестцы дня — эканоміка

+++++1

Слонім у чарговы раз наведала дэлегацыя з польскага горада Аўгустоў — пабраціма Слоніма, на чале з бурмістрам — іраўніком адміністрацыі горада Казімірам Кажухоўскім. У складзе дэлегацыі пяць чалавек. Прычым, сувязі гарадоў-пабрацімаў паступова выходзяць за рамкі культурных, спартыўна-турыстычных адносін. На гэты раз у дэлегацыі быў бізнесмэн.

Дэлегацыю прыняў кіраўнік раёна Іосіф Паўлюкевіч. Старшыня райвыканкама акцэнтаваў увагу гасцей на развіцці эканамічных сувязяў. Два праекты даволі цікавыя.

У Аўгустове не выкарыстоўваюць прыродны газ — вельмі дорага. У кацельнях паляць адходы з драўніны. Праўда, і яны ў параўнанні з нашымі цэнамі каштуюць фантастычна дорага. Тут слонімцы маглі б пастаўляць суседзям намнога таннейшае драўніннае паліва (кубаметр адходаў з драўніны ў Аўгустове ў некалькі разоў даражэй, чым у нас кубаметр добрых дошак…). У Аўгустове ёсць прадпрыемства (у складзе дэлегацыі быў яго кіраўнік) па вырабу катэраў і яхт. Іх купляюць ва ўсёй Еўропе. Старшыня райвыканкама прапанаваў гасцям адкрыць у Слоніме прадпрыемства па вырабу яхт і катэраў у свабоднай эканамічнай зоне. Гэта выгадна, а рынак збыту будзе і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў Азіі. Так што ў перспектыве можа і на Шчары з’явіцца прагулачны катэр.

Госці пабывалі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Лясны” (з задавальненнем назбіралі грыбоў на яго тэрыторыі), у ААТ “Слонімскі водаканал”, у дзіцячай школе мастацтваў, у фермерскай гаспадарцы “Раса-Агра”. Па выніках візіту намеснік бурмістра Ізабэла Пясецка так ракаменціравала яго вынікі:

– Мы ў чарговы раз пераканаліся ў цеплыні нашых зносін. На гэты раз размова ішла не толькі пра справы культуры, моладзі, спорту, але і пра бізнес. Нас зацікавілі прапановы мэра і, думаю, іх рэальна ажыццявіць.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.