Прымусілі Пунтуса нервавацца

+++11

“Слонім” — “Смалявічы-СТІ” — 0:1
28 верасня, стадыён “Юнацтва”, 800 гледачоў. Пачатак у 16 гадзін.
Суддзі: Сафар’ян, Арабей, Драчэўскі (усе — Мінск).
Інспектар: Вітушка (Мінск).
“Слонім”: Курганскі, Жукаў, Кухаронак, Якубовіч (Сакалоўскі,  71), Дубай (Юзвовіч, 68), Арочка (Шыкаўка, 77), Голубеў, Жэгала, Гузік (Каленік, 82), Анцыпаў, Кліміхін (Хаміцэвіч, 16).
“Смалявічы-СТІ”: Камінскі, Чыкіда (Паўлавец, 57), Васілёнак,  Шкурко (Захарэнь, 90), Шчарбакоў, Страхановіч, Грачышка (Трапашка, 46), Русак (Слабашэвіч, 73), Шчэгрыковіч, Лехавіцкі (Карбоўскі, 46), Міненкоў.
Папярэджанні: Жэгала.
Гол: Шчарбакоў (33).
У папярэднім туры “Смалявічы-СТІ” разграмілі лідэра — “Гарадзею”, з лікам 4:0, таму падапечных Юрыя Пунтуса чакалі ў Слоніме з нецярпеннем і апаскай. На слонімскім “Юнацтве” для смалявіцкіх ігракоў лёгкай прагулкі не атрымалася. Перамогу яны, праўда, вымучылі. Хаця ў другім тайме гаспадары поля сваёй гульнёй прымушалі гасцей памыляцца да такой ступені, што Юрый Пунтус часам не саромеўся “узнагароджваць” сваіх падапечных нецэнзурнай лаянкай. І ўсё ж, дзеля справядлівасці скажам, што госці крыху больш майстаравітыя. І вельмі агрэсіўныя ў адборы мяча, што нярэдка ставіла ў тупік гаспадароў поля. І зноў найбольш праблем у “Слоніма” было на правым фланзе абароны. Праз гэтую “дзірку” госці і забілі адзіны гол, калі на 33-й мінуце пасля памылкі абароны Шчарбакоў аказаўся практычна адзін супраць Курганскага, і хоць вугал абстрэлу быў даволі востры, нападаючы зрабіў снайперскі стрэл.
Гол аказаўся адзіны ў матчы, хаця шанцы ў каманд былі не раз прымусіць саперніка пачынаць з цэнтра поля. Па колькасці галявых момантаў госці ў першым тайме перайгралі гаспадароў поля. Ужо на 8-й мінуце Анцыпаў кідком пад мяч ліквідуе небяспечны выпад саперніка. Праз пяць мінут удала гуляе Курганскі, яшчэ праз пяць мінут Шкурко б’е міма цэлі. На 27-й мінуце ў варатарскай “Слоніма” згурбіліся ледзь не ўсе ігракі каманд, і ўсё ж гаспадарам поля ўдалося адстаяць свае вароты.
Першы галявы выпад слонімцы зрабілі на 24-й мінуце, калі Кухаронак з лініі варатарскай гасцей не змог пераправіць мяч у вароты. Хутка смалявіцкія футбалісты лік адкрылі. Абедзве каманды маглі пайсці на перапынак з голам у раздзявальню. Спачатку на апошнім рубяжы абароны апынуўся Голубеў, калі вынес мяч з лініі варот, а секунд праз дваццаць Хаміцэвіч (які замяніў ужо на 16-й мінуце Кліміхіна, той атрымаў цяжкую траўму нагі) упусціў шанц вызначыцца забітым голам.
Па гульні другі тайм быў больш роўным, а часам слонімцы прыціскалі саперніка да варот — Юрый Пунтус вельмі нерваваўся.
На 60-й мінуце фартуна адвярнулася ад Арочкі і Дубая. Праз тры мінуты пасля ўдара Хаміцэвіча мяч трапіў у абаронцу і, здавалася, ляцеў у вароты гасцей. Аднак то быў аптычны падман — прадмет гульні размінуўся з “рамкай”. Хоць з нервозам, але гасцям удалося давесці матч да перамогі.
Наступны матч “Слонім” правядзе на выездзе 5 кастрычніка з “Віцебскам”.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.