Тэлефанізацыя Слоніма ў першай палове 1930-хх гадоў

Тэлефонная сетка Слоніма ў пачатку 1930-х гадоў дзейнічала ў рамках адной польскай арганізацыі «Polska Poczta, telegraf i telefon». Хаця сама Слонімская пошта мае даўнія традыцыі. Пра гэта напамінае і паштовая марка, выпушчаная ў Польшчы ў 1992 годзе. На ёй адлюстраваны герб пошты другой паловы XVIII стагоддзя. У музеі пошты і тэлекамунікацый у Вроцлаве на ганаровым месцы стаіць вялікая слонімская паштовая карэта. Захоўваецца там і пячатка слонімскай пошты часоў Міхала Казіміра Агінскага (1738-1800). Тады слонімскім пашмайстрам быў нехта І.Чахоўскі. Амаль праз два стагоддзі пасля Агінскага ў Слоніме з’явіліся тэлефоны. Па спісу абанентаў, які захоўваецца ў музеі ў Вроцлаве, бачна, што ў пачатку 1930-х гадоў у Слоніме налічвалася 190 тэлефонаў – адзін апарат-нумар на 98 жыхароў. Гэта было вельмі мала, бо на той час у Еўропе адзін тэлефонны апарат-нумар быў на 22 чалавекі. Хто, апрыклад, у пачатку 1930-х гадоў у Слоніме меў тэ-лефоны? Дарэчы, тэлефоны тады былі падключаны на наступных вуліцах і завулках (гэта цікава, якія назвы мелі вуліцы і завулкі Слоніма ў першай палове ХХ стагоддзя): 3 Мая, Глухая, Другая Берагавая, Ружанская, Міцкевіча, Студэнцкая, Касцюшкі, Гандлёвая, Панітоўскага, Віленская, Сянкевіча, Пілсудскага, Замкавая, Бернардынская, Маставая, Магістрацкая, Доўгая, Мяшчанская, Уланская, Агінскага, Жыровіцкая, Школьны двор, Гандлёвы пляц, завулак Аптэч-
ны, завулак Зялёны. У асноўным, тэлефанізацыя была наладжана ў цэнтры горада. Пошта для сваіх патрэб мела 8 тэлефонаў. Дарэчы, тэлефоны пачыналіся з нумара 0 і да нумара 189. Калі ў той час нехта набіраў нумар 0, то мог датэлефанавацца да зменшчыка ў паштова-тэлеграфным аддзяленні Слонім-1 на вуліцы Касцюшкі (цяпер гэта вуліца Маякоўскага (стары будынак пошты), калі нехта набіраў нумар 4, то мог пазваніць у паштова-тэлеграфнае аддзяленне Слонім-2, якое знаходзілася на чыгуначным вакзале, а
паштова-тэлеграфнае аддзяленне Слонім-3 месцілася ў ваенных казармах (туды тэлефон быў з нумарам 1-49). У пачатку 1930-х гадоў у Слоніме былі тры аптэкі, дзве бальніцы і прыватныя дактары, у асноўным яўрэі – Эфрас Ізаак, Эпштэйн Моўша, Хая Якімоўская, Максім Каварскі, Крэмень Моўша, Цяліга Чэслаў, Станіслаў Хшаноўскі, А. Руцкі, а таксама адзін ветэрынар. Кожны з іх меў свой тэлефон. Аптэка «Здаро-
ўе» знаходзілася на вуліцы 3 Мая, д.11 (цяпер Чырвонаармейская вуліца). Гарадскі шпіталь знаходзіўся на вуліцы Магістрацкай, дзяржаўны шпіталь на вуліцы Пілсудскага, акушэрская ўстанова на вуліцы Касцюшкі. Ва ўсіх медустановах былі свае тэлефоны. Тэлефон з нумарам 1 мела следчая ўстанова, тэлефон нумар 2 – агульная канцылярыя Слонімскага староства, нумар 3 – мясцовы магістрат, нумар 5 –
чыгуначны пастарунак Дзяржаўнай паліцыі, які знаходзіўся на чыгуначным вакзале, нумар 6 – натарыус Ціт Салтоўскі, які жыў на вуліцы Касцюшкі, нумар 7 (і гэта вельмі дзіўна і цікава) меў аптовы склад спіртавой манаполіі на вуліцы Пілсудскага і г.д. Шмат тэлефонаў мелі два пяхотныя палкі – якія дыслацы-
раваліся ў той час у Слоніме. Яны размяшчаліся ў казармах, дзе цяпер знаходзіцца 11-ая механізаваная брыгада на Чырвонаармейскай вуліцы. У вайскоўцаў была свая гарнізонная тэлефонная станцыя, якая абслугоўвала тэлефоннай сувяззю камандзіраў, казармы імя генерала Скерскага, жандармерыю,
гарнізонную палату хворых, камендатуру, лясны трэніровачны лагер, прыватныя кватэры генералаў Туркоўскага і Бандроўскага, парахавы склад. Тэлефоннай сувяззю былі запяспечаны і банкі з касамі,
якіх у Слоніме на той час было нямала. Тэлефоны мелі Народны банк з абмежаванай адказнасцю на вуліцы Касцюшкі, Купецкі кааператыўны банк на вуліцы Міцкевіча, Хрысціянскі банк на вуліцы Міцкевіча, каму-
нальная ашчадная каса ў Слоніме, кааператыўная каса, казначэйская ўстанова па справах падаткаў і гербавых зборах. У першай палове 1930-х гадоў у Слоніме налічвалася ажно пяць гасцініц з тэлефонамі.
Гэта былі гасцініцы «Вікторыя» Жалікоўскага на вуліцы Міцкевіча, 3, «Кракаўская» Равіцкага на вуліцы Замкавая, 8, «Гранд» Мерамінскага на вуліцы Маставая, 40, «Метраполь» Эльясевіча на вуліцы Маставая, 32, «Славянская» Любоўскага на вуліцы Студэнцкая, 3. Мелі тэлефоны і слонімцы, якія займаліся бізнесам. На-
прыклад, Лейба Айзенштадт грошы «рабіў» у лясной прамысловасці, Аўраам Парэцкі вырабляў мэблю, Юдэль Паразоўскі на Гандлёвым пляцы (цяпер плошча Леніна) меў уласную друкарню з тэлефонам №
155, прыватная друкарня была і ў Раманоўскага Вольфа на вуліцы Сянкевіча, 5, тартакі мелі на Доўгай вуліцы Файн і Канцапольскі з тэлефонамі №№ 147 і 148 і іншыя. Мелі тэлефонныя апараты і многія слонімскія магазіны: электрычны, радыётэхнічны, водаправодны, матацыклаў, мэблевы, сельгасмашын, будаўнічых матэрыялаў і іншыя. Тэлефоны ў першай палове 1930-х гадоў былі ўстаноўлены і ў лясніцтвах, дзяржаўнай настаўніцкай семінарыі, якая знаходзілася на вуліцы 3 Мая, 38 (у будынку сённяшняга ліцэя), у Грыбаве ў дзяржаўнай мужчынскай сельскагаспадарчай школе, у павятовай рад-
зе беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам, у гарадской бойні. Слонімскія графы Уладзіслаў Пуслоўскі, Ксаверы Пуслоўскі, Эмэрык Чапскі, Лізавета Моль таксама карысталіся паслугамі тэлефоннай сувязі. Тэлефон меў і ўладальнік прыватнага таксі Мікалай Павук, які жыў на вуліцы Пілсудскага, 53.
Дзе працавалі і чым займаліся тады ў горадзе над Шчарай Рабіновічы, Манусевічы, Мілеры, Лахазвянскія, Гродзенскія і іншыя слонімцы, у якіх дома таксама стаялі тэлефоны – невядома. Скажу яшчэ, што
беларус Фабіян Якімец быў тэхнікам-наглядчыкам тэлеграфа і тэлефонаў у Слоніме.

Сяргей ЧЫГРЫН

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.