Янку Саламевічу споўнілася б 75

29 кастрычніка нашаму вялікаму і  таленавітаму земляку, пісьменніку, літаратуразнаўцу, крытыку, бібліёграфу, фалькларысту, энцыклапедысту, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Янку Саламевічу споўнілася б 75. Яго не стала летась, не стала вялікага беларускага энцыклапедыста, роўнага якому ў Беларусі больш няма. Таму сённяшні юбілей літаратурная Беларусь сустракае ўжо без Івана Уладзіміравіча.

Я шмат гадоў з ім сябраваў, і не мог наталіцца яго ведамі, аповедамі пра нашу Беларусь, яе гісторыю, літаратуру, выданні і, вядома ж, людзей. З ім гутарыць можна было бясконца. З ім цікава было знаходзіцца на розных мерапрыемствам, фэстах, вяселлях, сустрэчах. Ён мог так развесяліць грамаду, што людзі проста “рвалі” жываты ад смеху, бо выдатна дзядзька Янка ведаў беларускі гумар, фальклор, умеў прыкмеціць і запомніць нейкае добрае слоўца, выраз, прымаўку. А пра землякоў сваіх з роднай
вёскі Вялікая Кракотка ён мог распавядаць бясконца. Ну, напрыклад, пра тое, як на судзе пры Польшчы судзілі беларускага селяніна. А як ён пяшчотна і з любоўю згадваў сваіх бацькоў, іх крылатыя выразы, прымаўкі, слоўцы. Прывяду некалькі прыкладаў. Бацька пра маму, якая пачынала драмаць перад
тэлевізарам і кляваць носам, казаў: “О, ужэ жыдоў возіць!”. А пра сучасную моладзь ягоны бацька казаў: “Вянец пад плотам, а вяселё потым”. А мама загадвала малым такую загадку: “Суну-пасуну, Трахім смя-
ецца”. Ніхто з дзяцей не адгадваў. Потым яна тлумачыла: “Месяц відзён, калі адсунуць юшку ў коміне!”.
Да апошніх дзён Янка Саламевіч памятаў розныя вясковыя кракоцкія выразы і тыя, якія яму казалі бацькі:
зняхаліся (г. зн. злюбіліся), спадніца тоўста, як падруба; далікатны, як панскі цюцька; вада халодная, аж у
зубы заходзіць; ідзе, як назаўтра; пляце смалянога дуба (гаворыць абышто); ужэ налавіў рыбы (нацубарыў у пасцель) і г.д. Але ж, што гэта я пачаў зусім не з таго. Трэба ж згадаць жыццёвы і творчы шлях Янкі Саламевіча і ягоныя заслугі перад нашай Айчынай і народам. А заслуг у яго шмат. Янка Саламевіч нарадзіўся ў вёсцы Вялікая Кракотка ў сялянскай сям’і. Скончыў Белдзяржуніверсітэт, абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1968 года працаваў у выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя”, спачатку старэйшым навуковым супрацоўнікам, потым загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай
асветы і беларускіх слоўнікаў, вядучым  рэдактарам, потым вядучым рэдактарам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі, атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. У 1972 годзе з друку выйшла яго цудоўная манаграфія “Міхал Федароўскі”, прысвечаная чалавеку, які выяўляў мастацкія здабыткі
беларускага народа і тым самым прычыніўся да паўнейшага раскрыцця духоўнага вобліку беларусаў перад светам.У кнізе Янка Саламевіч разгледзеў і прааналізаваў жыццёвы і творчы шлях і навуковую дзейнасць Міхала Федароўскага, звяртаючы ўвагу не толькі на яго песенную спадчыну, як гэта
рабілася дагэтуль польскімі вучонымі, але і на казкі, прыказкі, загадкі, паданні, легенды, замовы і анекдоты. Потым з друку выходзіць яго першы ў Беларусі “Слоўнік беларускіх псеўданімаў і
крыптанімаў XVI-XX стагоддзяў”. Гэта была праца яго жыцця, да апошніх дзён ён дапрацоўваў, дапаўняў свой слоўнік. І вельмі хацеў патрымаць у руках. Не паспеў. Потым былі іншыя кнігі, якія наш зямляк напісаў, склаў, падрыхтаваў. Тысячы ягоных артыкулаў змешчаныя ў розных беларускіх энцыклапедыях, даведніках, календарах. Усю працу на ніве нашай гісторыі літаратуры, філалогіі, культуры Янкі Саламевіча проста сёння немагчыма ацаніць. На гэта патрэбен час і ён яшчэ прыйдзе. Няхай гэта маленькая згадка будзе данінай светлай памяці на дзень яго нараджэння — на яго 75-годдзе.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.