30 мінут футбола — на развітанне

+++IMG_8865

23 лістапада, стадыён «Юнацтва», 300 гледачоў. Пачатак у 13 гадзін.
Суддзі: Сарока (Смалявічы), Вашкевіч (Маладзечна), Фамін (Жодзіна).
Інспектар: Кунцэвіч (Гродна).
«Слонім»: Курганскі, Жукаў, Снапко, Якубовіч, Юзвовіч (Дубай, 70), Арочка (Кліміхін, 67), Каленік, Пузач, Кіслюк, Хаміцэвіч, Кудаш.
«Граніт-Мікашэвічы»: Гамелька, Усачоў, Дземідовіч, Столік, Алексіян, М. Карповіч, Трухаў, Хаваўка (Бутрам’еў, 45), Ігнаценка (І. Карповіч, 84), Сямёнаў, Шэракоў.
Папярэджанні: Жукаў, Усачоў.
Галы: Усачоў (25), Ігнаценка (56), Жукаў (60), Юзвовіч (62).
Заключны матч чэмпіянату «Слонім» на сваім полі праводзіў пры паўпустых трыбунах. Правальным аказаўся сезон. Нават пры статусе «дэбютанта» ад каманды балельшчыкі чакалі большага. Ужо цяпер, па словах галоўнага трэнера Аляксея Шубянка, з былога «Слоніма» засталіся тры мясцовыя ігракі, астатнія мяркуюць шукаць другія клубы.
Матч з «Гранітам» слонімцы пачалі не лепшым чынам, хоць самыя адданыя балельшчыкі і заклікалі: «Развітаемся дастойна!».
На 25-й мінуце госці падавалі два вуглавыя. Першы празвінеў трывожным званочкам, а другі грымнуў набатам – пакінуты без нагляду паўабаронца Усачоў зблізку б’е дакладна.
З інтэрвалам у дзесяць мінут. Юзвовіч двойчы мог «пакрыўдзіць» гасцей. Але спачатку галавой з лініі варатарскай пасылае мяч вышэй перакладзіны, а затым і нагой праклаў мячу такую ж траекторыю.
Напачатку другога тайма з пенальці Ігнаценка робіць лік 2:0.
Здавалася, чакае «Слонім» на развітанні з чэмпіянатам разгром. А вось тут і пачаўся сапраўдны футбол, які так рэдка бачылі гледачы ў сёлетнім сезоне на стадыёне «Юнацтва». Футбол хуткі, камбінацыйны і рэзультатыўны.
На 60-й мінуце пасля падачы вуглавога Хаміцэвічам ля бліжняй штангі ўдала падстаўляе галаву Жукаў, і мяч улятае ў сетку. Злавілі слонімцы кураж, і пайшла віхура атак. Той жа Хаміцэвіч у хуткай атацы па левым фланзе знаходзіць пасам Юзвовіча, і на табло высвечваецца лік – 2:2. Па канцоўцы матча вынік гульні несправядлівы. Бо Юзвовіч, Дубай і Кліміхін проста абавязаны былі забіваць. Не атрымалася…
Уся каманда пасля матча падышла да сектара самых заўзятых балельшчыкаў і паціснула ім рукі. Футбол развітваецца да наступнага сезона. Якой быць (ці не быць) новай камандзе, пакажа час.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.