Дзень памяці. Дзмітрыеўская бацькоўская субота

У Дзень памяці на ўсіх могілках было многа людзей, якія  прыйшлі да магіл сваіх продкаў. У гэты дзень у Слоніме пабываў Эльдар Бікбаеў, кіраўнік грамадскай арганізацыі “Фонд пошукавых атрадаў Рэспублікі Башкартастан”. Эльдар Зінуравіч, нядаўні ваеннаслужачы расійскай арміі. Ён быў ініцыятарам стварэння пры Мінабароны РФ сайта “Мемарыял”, на якім размяшчаюцца спісы ўсіх, хто прапаў у час Другой сусветнай вайны.

Эльдар Зінуравіч разам з кіраўніком Слонімскай суполкі  мусульман Сулейманам Байрашэўскім пабывалі на мусульманскіх могілках, якія знаходзяцца ў некалькіх кіламетрах ад Слоніма. На гэтых могілках пахаваны ахвяры І Сусветнай вайны, вельмі многа знакамітых людзей. Мэта наведвання Э. Бікбаевым могілак – аддаць даніну павагі воінам-землякам і паспрабаваць знайсці родных загінуўшых. Эльдар Бікбаеў усклаў кветкі да помніка воіну-вызваліцелю ў Слоніме, пабываў на іншых захаваннях Першай і Другой
сусветных войнаў.У райвыканкаме адбылася сустрэча Эльдара Бікбаева з намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Юшкевічам. Эльдар Зінуравіч выказаў зацікаўленасць ва ўдзеле расійскага боку ў добраўпарадкаванні захаванняў землякоў – у стварэнні мемарыяльных знакаў. Ён падкрэсліў, што ўсе
захаванні воінаў, дзе ён пабываў, знаходзяцца ў належным стане.

Васіль АФАНАСІК.

2 лістапада праваслаўныя вернікі Слонімшчыны адзначылі Дзень памяці і малітоўных зносін жывых і нябожчыкаў, так званую Бацькоўскую суботу, якая завецца Дзмітрыеўскай у гонар святога заступніка князя – Дзмітрыя Салунскага.

Дзмітрыеўская бацькоўская субота звязана з вядомай гістарычнай падзеяй – Кулікоўскай бітвай. Пасля ў гэты дзень сталі памінаць і іншых ваяроў, якія загінулі ў Барадзінскай,
Палтаўскай бітвах і падчас Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. А таксама ўсіх нябожчыкаў праваслаўных хрысціян…У гэты дзень, таксама як і стагоддзі назад, праваслаўныя ідуць у храм, падаюць памінальныя запіскі з імёнамі сваіх памерлых блізкіх. Ціха гараць свечкі. «Са святымі ўпакой…»
– спявае хор; і ўсё становіцца адзіным і вечным. Няма больш разрыву паміж «тут  і «там». Толькі святло. Ціхі смутак і малітва. Бо для нябожчыкаў наша малітва – адзінае суцяшэнне і падтрымка.
1 лістапада ў Слонімскім Спаса-Праабражэнскім саборы настаяцель храма айцец Віктар разам з клірыкам айцом Сергіем адслужылі вячэрнюю службу і паніхіду. А ў суботу раніцай была адслужана паніхіда за спачылых. У нядзелю ў 10 гадзін адбылося асвяшчэнне Ружанскіх могілак, а ў 12 гадзін – гарадскіх могілак па вул. Чырвоных партызан. Як паведаміў настаяцель Перавалоцкага прыхода свяшчэннік Леанід Барбажынскі, вясковыя вернікі ў нядзелю наведалі свой храм, дзе прынялі ўдзел у службе і памаліліся
за ўсіх загінуўшых абаронцыў Айчыны. Перад гэтым, у суботу, днём у вёсцы Лапухова і ўвечары ў вёсцы Вострава ў дамах вернікаў адбыліся паніхіды па спачылых родных і блізкіх. У беларусаў восеньскiя Дзяды – свята сямейнае, хатняе. Вернікі запрашаюць продкаў да сабе дадому, каб пачаставаць і аддзячыць за дапамога і заступніцтва. У гэты дзень паміналі ўсіх продкаў, незалежна ад іх месца пахавання. Урачыстая памінальная вячэра доўжылася даволі доўга, усе паводзілі сябе стрымана. Успаміналі лепшае ў сваіх памерлых сваяках, тыя ўчынкі, якімі можа ганарыцца не адно пакаленне гэтага роду. Падчас святочнай вячэры дазвалялася казаць толькі аб «дзядах» – іх жыцці, асобных выпадках і рысах характару, успаміналіся іх словы, мудрыя парады і добрыя справы. Так рабілі кожны год, паступова перадаючы ўсю інфармацыю дзецям і ўнукам.

Ігар ПРАКОФ’ЕЎ.

У гэты ж дзень магілы польскіх салдат, якія пахаваны на гарадскіх могілках на Ружанскай вуліцы, наведаў консул Рэспублікі Польшча ў Гродне пан Анджэй Хадкевіч. Ён разам з супрацоўнікамі польскага консульства і каталікамі-слонімцамі запалілі і паставілі памінальныя лампадкі на магілы і ля падножжа памятнага знака польскім воінам, якія загінулі ў Слоніме, як даніну павагі сваім суайчыннікам.

– Сёння і ў Польшчы мы ўспамінаем усіх памерлых, молімся за іх, – сказаў пан Анджэй. – Асабліва за ўсіх салдат. Мы ўжо пабывалі ў розных гарадах. Пасля Слоніма адпраўляемся ў Гродна. Аднак перад ад’ездам наведаем яшчэ Пятралевіцкую гару і татарскія могілкі.

Марыя СЯРГЕЕВА.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.