Каго ж узносіць да нябёс?

+++1+++Img_9146++КОЗЛОВСКАЯ

++++1++++Ордена трудовой славы

Штрыхі да партрэта  Любові  Пятроўны Казлоўскай

Сэнс яе жыцця —  у яе ж імені Любоў. У  любові да гэтага самага жыцця, у любові  да краіны, людзей,  да вёскі, Радзімы.  Радзіма, дзяржава  таксама адказала  любоўю — удастоіла  яе ордэна Працоўнай  Славы ўсіх трох ступеняў. На Слонімшчыне многа было,  ёсць і будзе слаўных працаўнікоў, патрыётаў свайго краю,  ардэнаносцаў. А поўны кавалер ордэна Працоўнай Славы  (што прыроўнена да Героя Сацыялістычнай Працы) — яна  адна. Дый па заслугах. Дарэчы, за працоўныя подзвігі ў нашым раёне была толькі адна Герой Сацыялістычнай Працы — свінарка з саўгаса “Слонімскі” Марыя Фёдараўна Несцер. Праўда, былі яшчэ два Героі, нашы землякі, але яны  атрымалі званні, працуючы за межамі Слонімшчыны.

Любоў Пятроўна Казлоўская нарадзілася ў вёсцы Малыя Жукавічы Бераставіцкага раёна. У сям’і было чацвёра дзяцей. Пасля вайны адкрываліся ўсё новыя школы, ёй давялося вучыцца ажно ў пяці, каб адолець сямігодку. Пачынаючы з 14 гадоў, пасля школы пяць гадоў працавала ў калгасе на розных работах. Ды так працавала, што ў 1959 годзе яе, як лепшую калгасніцу,  накіравалі на 10 дзён на галоўную выставу краіны —  ВДНГ СССР у Маскве.  Страшнавата было дзяўчыне ехаць у сталіцу, калі далей свайго раёна нідзе не была. Добра, што зямляк раней служыў у Маскве і ведаў  сталіцу, ён і паказаў Маскву, нават пабывалі ў маўзалеі, дзе тады былі і Ленін, і Сталін. З маленства яна прагла  ведаў. І яшчэ школьніцай дапамагала малаадукаванаму  дзеду-брыгадзіру весці ўлік. Затым была вучоба ў  зааветтэхнікуме ў Ваўкавыску.  Па размеркаванню трапіла Любоў Пятроўна ў вёску  Караліно (тады гэта быў  Слонімскі, цяпер Зэльвенскі раён). Выйшла замуж. Ды не такім доўгім было сямейнае шчасце.  Мужа не стала. Сына Сяргея  ды дзвюх дачок-двайнятак Алену і Вольгу ў самастойнае жыццё адпраўляла адна. Цяпер сын і дачка жывуць у Слоніме,  другая дачка – у Іўеўскім раёне. Так здарылася, што дзесяць  гадоў пасля выхаду на пенсію  Любоў Пятроўна пражыла з  дачкой Вольгай. І хоць жылі душа ў душу і з зяцем, і з дачкой  (як, дарэчы, і з другімі дзецьмі),  але лёс нечакана павярнуўся  так, што Любоў Пятроўна вярнулася ў Азярніцу, якая стала  для яе роднай, бо тут прайшлі яе  лепшыя гады жыцця, дзе яна стала гераіняй працы.
У 1967 годзе прыйшла Любоў Пятроўна на Азярніцкую  ферму заатэхнікам-селекцыянерам. Ферма ўяўляла сабой два драўляныя свінарнікі з поўнасцю ручной працай.  Хутка сталі будаваць новыя свінарнікі, а старыя  ліквідавалі, пазней узвялі рэпрадуктарны комплекс, на  якім атрымлівалі маленькіх парасят для перадачы іх у  іншыя калгасы на адкорм. Лёс звёў Любоў Пятроўну з  дырэктарам саўгаса “Слонімскі” Аляксандрам  Міхайлавічам Бухаўкай (у саўгасе тады быў буйнейшы ў  раёне рэпрадуктарны комплекс). Бухаўка быў мудрым  кіраўніком, саўгас, які ён узначальваў, быў кузняй кадраў.  Гарбачоўскія “перабудоўшчыкі” загубілі элітны саўгас.  Любоў Казлоўская многа карыснага ўзяла і ў тэхналогіі  вырошчвання парасят, і ў арганізацыі вытворчасці  менавіта ў саўгасе “Слонімскі”. А. Бухаўка быў простым  чалавекам, цаніў людзей працавітых, таму Любові  Пятроўне не трэба было нават турбаваць старшыню  свайго калгаса, каб вырашыць нейкія пытанні ў саўгасе  “Слонімскі” з дырэктарам. Дый старшыня калгаса ведаў:  Казлоўскай указваць не трэба. У 1971 годзе Любоў Пятроўна ўзначаліла свінаферму  ў калгасе “Прагрэс” на Слонімшчыне (цяпер СВК “Драпава”).  Так здарылася, што ў Л.П. Казлоўскай не супалі погляды з галоўным заатэхнікам калгаса па развіццю  свінагадоўлі. Умяшаўся старшыня Валянцін Лашкоўскі.  Ён і даручыў Любові Пятроўне самастойна, без “куратарства” галоўнага заатэхніка, кіраваць фермай. І не памыліўся. Пры праектнай магутнасці 6 тысяч парасят  у год, ферма дасягнула 13 тысяч. Як прызнаецца Любоў  Пятроўна, 13 тысяч атрымалі, але ў справаздачы пісалі  12900,.. лічбу “чортаў тузін” пабойваліся.
Але нават пры такіх рэкордах магла б загадчыца не  бачыць узнагарод, бо была беспартыйная, а тады гэта  была заслона і для кар’еры, і для ўзнагарод. Давялося  ўступіць у партыю, праўда, зрабіла гэта ўсё ж асэнсавана. Як, дарэчы, рабіла ўсе крокі ў жыцці.  Слава пра дасягненні Азярніцкай фермы разносілася  хутка. Нават першы сакратар райкама партыі нярэдка  заглядваў на ферму, каб проста пагутарыць пра жыццё.  Любоў Пятроўну сталі выбіраць дэлегатам на розныя форумы, яна была членам абкама партыі і нават дэлегатам  XXVII з’езда КПСС. Яе грамадская дзейнасць была такой жа бурнай і плённай, як і вытворчая. Хаця праца на  ферме для Казлоўскай была асновай, сэнсам жыцця.  Чым жа яна напаўняла гэты сэнс? — Заўсёды было і будзе так — кадры рашаюць усё,  — гаворыць ветэран. — Мы згуртавалі калектыў  аднадумцаў. Бывала тлумачыла сваім свінаркам:  “Дзяўчаты, вы працуеце змену, а каб закончыць справу,  трэба яшчэ дваццаць мінут. Закончыце яе, інакш уся ваша работа за змену, за месяц можа пайсці назмарку”. Яна ніколі не карысталася ў час аналізу работы  паперкамі, усе лічбы трымала ў галаве, бо жыла работай, жыла перспектывай. Іншым разам казала: “Трэба бачыць сваю ферму хаця б на год наперад”. На той час свінаферма была асноўнай касай калгаса.  Па-першае, свінагадоўля — галіна “хуткаспелая”. Па-другое, ферма была высокарэнтабельная. Па-трэцяе,  іншай жывёлы ў гаспадарцы было мала. Многія кіраўнікі, якія прыязджалі на ферму, адзначалі, што трымаецца яна на добрых кадрах. Дарэчы, менавіта гэты фактар не даў ферме разваліцца ў перыяд усеагульнага крызісу ў сельскай гаспадарцы.  Ужо больш за 13 гадоў няма на ферме Казлоўскай, а  традыцыі высокаэфектыўнай работы, закладзеныя ёю, жывуць. Яна вучыла сваіх падначаленых усяму — як  карміць, як даглядаць, як заўважаць першыя сімптомы  хвароб, вучыла парадку і дысцыплінаванасці. У цяжкія  90-я гады па яе ініцыятыве ферму перавялі на замкнуты цыкл. За парасяты гаспадаркі не плацілі, а калгасу  трэба было жыць, развівацца. Вось і вырашылі не толькі  атрымліваць парасят, але і адкормліваць у сябе і прадаваць самім. І сёння Любоў Пятроўна шчыра ўдзячна ветэрынарнай службе гаспадаркі, ад якой вельмі многае залежыць  на свінаферме. Хто хоць крыху сутыкаўся з ветэрынарыяй, добра пра гэта ведае. Напачатку найпершым  памочнікам быў муж ветурач Яраслаў. Калі яго не стала,  “здароўе” на ферме дапамагалі падтрымліваць Лідзія  Герасімчык, Валянціна Галожына. Дарэчы, па словах ветэрана, у гаспадарцы добрыя ветэрынарныя традыцыі  жывуць і сёння — іх дастойна працягвае Галіна  Паркоўская. Ужо ў 1976 годзе за рэкордныя дасягненні ў свінагадоўлі  Любоў Казлоўская ўзнагароджваецца першым ордэнам  Працоўнай Славы, а з перыядычнасцю ў шэсць гадоў  становіцца поўным кавалерам Ордэна. Успамінае старшыня райкама прафсаюза работнікаў  аграпрама Аляксандр Хворык: — У 1988 годзе я працаваў у райкаме партыі і  курыраваў пытанні падрыхтоўкі да ўзнагароджвання лепшых працаўнікоў. Тады на рэспубліку выдзелілі квоту:  адзін ордэн Працоўнай Славы І ступені. Мы прадставілі  Л.П. Казлоўскую. У яе былі такія вытворчыя і іншыя  паказчыкі, што зацьміла ўсіх сваіх сапернікаў. Любоў Пятроўна была гаспадыняй на ферме. Вядома, з кадрамі тады было прасцей — кожны вясковы дом  быў заселены, рабочых рук было больш, чым цяпер. Але  і тады былі і лайдакі, і выпівохі. Здавалася б дзіўна, некаторых з іх на перавыхаванне пасылалі на свінаферму  да Казлоўскай. Яна ўмела знайсці ключык да кожнага. А  дысцыпліна ў яе была, як у лепшых армейскіх калектывах. Умела выслухаць кожнага, але не цярпела  нядбайнасці. Прыклад ва ўсім добрым паказвала сама. Быў на ферме Чырвоны куток. Ля ўваходу — мора кветак, унутры памяшкання — утульнасць, як у добрай кватэры. Такі парадак быў для ўсіх — яго ніхто не парушаў.  А ў свінарніках, дзе знаходзіліся тысячы парасят, практычна не адчувалася характэрнага для жывёлагадоўчых  збудаванняў паху. Бо ўсе праходы заўсёды былі вычышчаны, падмецены, бы ў доме падлога, і пасыпаліся вапнай. Клеткі з парасяткамі — бялюткія, а на апорах  заўсёды былі свежыя галінкі сасны. Як ні дзіўна, але на  ферме ніколі не праводзіліся санітарныя дні. — Я гаварыла сваім дзяўчатам, — успамінае Любоў  Пятроўна, — за адзін санітарны дзень мы парадак усюды не навядзем. Яго трэба падтрымліваць штодня. Слушную думку выказала Л. Казлоўская, калі  пацікавіўся ў яе наконт таго, чаго ж сёння не хапае спецыялістам гаспадарак. — Таго, чаго і раней, — многія спецыялісты спадзяюцца на кіраўніка. А сёння ў кіраўніка клопатаў вышэй галавы, да тэхналогіі яму дайсці няма часу. Раней не было ў  старшыні калгаса такіх фінансавых праблем як цяпер, ён  мог і на фермах часцей бываць. А спецыяліст павінен  быць і тэхнолагам, і арганізатарам  у сваёй галіне, смялей браць адказнасць на сябе. Сама ж яна была гаспадыняй. Магла раз папрасіць таго  ж заатэхніка, раз нагадаць. А не  зробіць — больш да такога  спецыяліста не звярталася. Яшчэ на старой ферме, дзе  не было ніякіх умоў для атрымання вялікага прыплоду, каб  не загубіць парасятак, загадчыца фермы вырашыла з цесных,  душных памяшканняў вывесці  свінаматак з парасятамі ў летні  лагер. А быў красавік — холадна. Прыехаў начальнік  сельгасупраўлення і кажа: — Пятроўна, памарозіш. — Усё роўна ў свінарніку  здохнуць, — адказала Л.  Казлоўская. І ўсе парасяты выжылі. Старшыня калгаса называў  Казлоўскую прарокам, бо яна  жыла перспектывай. Калі  дасягнулі прыплоду ў 13 тысяч  галоў, Валянцін Лашкоўскі  сказаў: — Ну, Пятроўна, — гэта ўжо  мяжа. — Ды не, — адказала загадчыца. Старшыня нічога не сказаў. А  праз некалькі тыдняў заехаў на ферму. Быў ён маўклівы,  нетаропкі. Сеў за стол, дастаў ручку, паперу і кажа: — Ну, расказвай, Пятроўна, пра свае резервы (а ён  быў заатэхнік па адукацыі), бо я іх нешта не бачу. — Калі я стала расказваць, — успамінае Любоў Пятроўна, — старшыня толькі дзіву даваўся. У Л. Казлоўскай сапраўды было многа знаходак —  што на тым абрусе-самабранцы. Аднойчы прыехалі  спецыялісты з Мінска. Хацелі ўкараніць штучнае асемяненне свінаматак. Ходзяць па свінарніках, дзівяцца, як  свінаматак абступілі парасяты так, што па чарзе п’юць  матчына малако. Сталі гаварыць пра новаўвядзенне. А загадчыца парыруе: — Пакуль я тут кірую, штучнага асемянення не будзе. Прырода ёсць прырода.  Мясцовыя спецыялісты (з раёна) аж збялелі ад страху ад такой контратакі загадчыцы. З тым госці і паехалі.
Праз некалькі дзён ферму наведалі раённыя  спецыялісты, ды кажуць: — Пятроўна, мы думалі, што нас мінчане “разбамбяць”, а яны нам сказалі: “Каб такія загадчыцы былі  ўсюды, ніякія другія спецыялісты былі б непатрэбныя”. З такіх немалаважных дробязяў фарміраваўся вытворчы ўклад калектыву — працавітага, згуртаванага. Ферму нельга было ўявіць без Казлоўскай, як, дарэчы, і  Казлоўскую без фермы. Цяпер можна толькі памарыць, як бы працавала Любоў Пятроўна, каб тады мела такую ферму, якія будуюць сёння: вокны з ПВХ, жалезныя дзверы, шыкоўная плітка ды сантэхніка, а тэрыторыя фермы закатана ў асфальт… І пры гэтым у такіх “харомах” далёка не ўсюды парадак. Гаспадароў не хапае… На яе жыццёвай дарозе было ўсялякае. Акружалі яе добрыя, сумленныя і не вельмі людзі. Даводзілася супрацьстаяць і нападкам — жыццё ёсць жыццё. Толькі  ніколі Л. Казлоўская не крывіла душой, не здраджвала  сваім жыццёвым прынцыпам, не адступала перад  цяжкасцямі. Яна чэсна працавала — і вынікі гэтай працы — лепшае таму сведчанне. Вось бы на сучасную ферму Любоў Пятроўну. Ды, на жаль, гады бяруць сваё. Жанчына даўно на заслужаным адпачынку. Але нездарма кажуць, што ўсё вялікае  бачыцца здалёк. “Казлоўскія” ў жывёлагадоўлі, як тыя  рэкардсмены ў спорце, нараджаюцца нячаста. У спорце, на эстрадзе іх называюць зоркамі. Людзі сяла да гучных слоў не прывыклі, ды і ганарарамі іх за цяжкую працу не песцілі. А хлеб і мяса, малако і масла даюць яны: і “зоркам” і не зоркам. Дык каго ж трэба ўзносіць  да нябёс?..

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.