Калі працаваць з душой — усё атрымаецца

++++Img_9058++ГОЛИ

++++Img_9062++ГОЛИ

Лістапад дорыць апошнія восеньскія фарбы. Міжсезонне адчуваецца ўжо ва ўсім, нават у настроі людзей.  Мы з калегамі едзем у СВК “Сянькоўшчына”, моўчкі аглядаем па-гаспадарску ўпарадкаваныя палеткі.
Як бы сёння складана не жылося нам, але ва ўсім бачна старанне вяскоўцаў, іх дбайнасць. Вось і вёска Голі, якая знаходзіцца не зусім блізка ад трасы, аднак і тут нас сустракаюць акуратныя сялянскія сядзібы. Мы шукаем дом Барыса Іосіфавіча Ягаўдзіка. Ужо першыя водгукі аб гэтым чалавеку кранаюць  нашы сэрцы сваёй цеплынёй і шчырасцю.

На прыгожай беларускай мове былая настаўніца пачатковых класаў Любоў Іванаўна Тарасюк старалася пералічыць  усё лепшае ў нашым героі: ён любіць людзей, заўсёды з  кожным пагаворыць, пацікавіцца здароўем, у святы кожнага  павіншуе, калі патрэбна – дапаможа, без грошай, ад душы. Мы сёння страчваем галоўныя нацыянальныя рысы –  памяркоўнасць і бескарыслівасць. Гэты чалавек увабраў у  сябе ўсё найлепшае. Гаспадар адзінага коніка на ўсю вёску  нікому не адмаўляе ў дапамозе. Дае жывёліну ўчасткі апрацаваць, што-небудзь падвезці. Калі было мацнейшае здароўе,  сам браўся за плуг і араў агароды жанчынам, у якіх не было  гаспадароў. Цяпер ён перанёс інфаркт і калі-нікалі падлечваецца ў бальніцы. Але з конікам не расстаецца. Гаспадарка  забяспечвае гатовым кормам. Аднак клопатаў каля жывёліны  хвапае. Трэба адвесці яго на пашу, пачысціць стойла, а зімой  пакарміць і напаіць. Толькі ён не лічыцца з гэтым, таму яго  конік для ўсіх вельмі надзейны памочнік. Сваяк Ягаўдзікаў – Леанід Міхайлавіч Зянько – адзначыў,  што Барыс Іосіфавіч ніколі не быў камуністам, але калі б у  свой час у партыі былі такія людзі, як ён, магчыма, мы сёння  жылі б намнога заможней. З першай хвіліны знаёмства з Барысам Іосіфавічам  Ягаўдзікам здалося, што гэтага чалавека ведаю вельмі даўно.  Размова пачыналася з лёгкіх жартаў і ўжо было зразумела,  што гумар яму вельмі дапамагае ў жыцці. А яно складвалася па-рознаму. Легкім яго не назавеш. Нарадзіўся ў 1936 годзе ў вёсцы Голі. Бацька ў вайну прапаў без вестак. Калі немцы спалілі вёску, жыў з мамай і малодшай сястрой у Ламашах. З гаспадаркі засталася адна курыца. Пасля вайны сям’і  дапамаглі пабудаваць невялікую хатку ў Голях. Так і жылі,  з дзяцінства ўцягнуўся ў вясковую працу. Потым закончыў  школу механізатараў, служыў у арміі. Калі вярнуўся ў вёску,  і нявеста вырасла. Пажаніўшыся з прыгажуняй Кацярынай, хутка вырашылі на месцы старога пабудаваць новы больш  прасторны дом, у якім пазней выгадавалі тры дачкі. Тут вырасла чацвёра ўнукаў. Нават гэтым летам гасцяваў у бабулі і  дзядулі самы малодшы ўнук Дзяніс. Як мог дапамагаў па дому, корпаўся з бабуляй у агародзе. Для гарадскога хлопчыка  – гэта добрая школа жыцця. Прайшоўшы яе, старэйшыя ўнукі  цяпер сур’ёзна ставяцца да жыцця, усе атрымліваюць вышэйшую адукацыю. А ўнук Вадзім яшчэ ў дзяцінстве закахаўся ў  мясцовую дзяўчынку Таццяну, потым разам вучыліся ў Мінску.  У гэтым годзе ажаніліся і жывуць у сталіцы. Так Голі яшчэ  больш прывязалі ўнука Ягаўдзікаў да вёскі продкаў. Барыс Іосіфавіч і Кацярына Іванаўна з любоўю ўспамінаюць,  як два гады назад дзеці на залатое вяселле зрабілі для іх  нечаканы сюрпрыз. Прыехалі з Брэста і Баранавіч з гасцямі,  падарункамі і ўсім гатовым, каб накрыць святочны стол у доме бацькоў. А яны душы не чуюць у сваіх дзецях і ганарацца,  што выхавалі чулых і спагадлівых людзей. Яны таксама, як і  бацькі, карыстаюцца павагай на рабоце і ў суседзяў. Кацярына  Іванаўна ўпэўнена ў тым, што можа сваю старасць даверыць  кожнай з траіх дачок. І гэта не для прыгожага слова. З працоўнай і сямейнай біяграфій Ягаўдзікаў кожны з нас  можа ўзяць для сябе нешта карыснае. Я, напрыклад, залюбавалася іх ўменнем разумець жарты і гумар. Хоць і ў самой  за плячыма трыццаць гадоў шлюбу, але яшчэ трэба вучыцца і вучыцца ў іх жыццёвай мудрасці. Барыс Іосіфавіч і Кацярына Іванаўна ўсё жыццё працавалі  ў мясцовай гаспадарцы. Прылежнага механізатара вельмі  хутка заахвоцілі – узначаліў вытворчы ўчастак. У 1972 годзе яго назначылі брыгадзірам у вёскі Голі, Едначы і Ніз.  Агранамічныя веды атрымліваў у Жыровіцах і Навагрудку.  Вельмі хутка з яго атрымаўся добры брыгадзір. На ўчастку  заўсёды быў парадак і атрымлівалі высокі ўраджай. Толькі вяскоўцы ведаюць наколькі складаная работа  брыгадзіра. Гэта размеркаванне работы паміж вяскоўцамі,  кантроль за яе выкананнем. А яшчэ падзел сотак і сенакосу. Тут было найцяжэй. Патрэбна кожнаму дагадзіць. Тады  людзі часта спрачаліся за лішнюю баразну бульбы і капіцы сена ці саломы.
– Дзесьці спрабаваў прамаўчаць, – успамінае Барыс  Іосіфавіч, – дзесьці ўступіць. Толькі ніколі не пісаў дакладных на людзей. Сам спрабаваў ва ўсім разабрацца. Перавыхоўваў выпівох і гультаёў. Дзе шчырай размовай, а дзе прыходзілася палохаць пакараннем з боку адміністрацыі гаспадаркі.  Адным словам, людзі гэта цанілі і з павагай адносіліся да  брыгадзіра. Цяпер па-ранейшаму ён для вяскоўцаў аўтарытэт,  да яго прыслухоўваюцца і прыходзяць за парадай. Брыгадзірам Ягаўдзік працаваў пры трох старшынях і з  кожным ладзіў. Многа разоў чуў ад іх падзяку не толькі пад  час рабочых момантаў, але і ў святы, з трыбун.
Барыс Іосіфавіч лічыць, калі працаваць з душой – усё  атрымаецца. Сёння брыгадзір у Голях Сяргей Гаркавы. На  першым часе ён часта раіўся з вопытным брыгадзірам па  многіх пытаннях. І яго падказкі не прайшлі дарэмна, хоць  зараз няма ранейшых праблем. Толькі садзі бульбу, зямлі  дадуць удосталь і сена прывязуць. Толькі ў Голях ужо няма  ніводнай кароўкі, састарылася вёсачка. Многія дамы сталі  дачамі. На вуліцах не вельмі людна.На некаторых веснічках  вісяць замкі.  – А раней, – успамінае Кацярына Іванаўна, – вёска гула,  працавалі ўсе з раніцы да позняга вечару. Барыс Іосіфавіч  нават жартам пытаўся: у якім класе вучацца нашы дочкі?
Адыходзіў на работу і вяртаўся дамоў калі яны ўжо спалі.  Рэдкія хвіліны, калі дзеці былі з бацькам, ператвараліся  для іх у вясёлыя гульні, яны і зараз з настальгіяй усё гэта  ўспамінаюць. Кацярына Іванаўна таксам круцілася, як вавёрка ў коле.  Займалася дамашняй гаспадаркай, выхоўвала дзяўчынак і  атрымлівалася яшчэ быць перадавой даяркай і свінаркай.  Яе свякроў, паміраючы прасіла сына, каб бярог яе, бо яна сапраўдная карміліца. На пытанне: ці лічаць муж і жонка сябе шчаслівымі? Яны  прамога адказу не далі, бо пражылі нялёгкае жыццё – увесь  час у цяжкай вясковай працы. Але лічаць шчаслівымі сябе,  што знайшлі адзін другога. Сямейнае жыццё ў іх праходзіць  у згодзе і ўзаемаразуменні. Яны клапоцяцца аб тым, каб  кожнаму было камфортна побач. Разумеюць адзін другога з  паўслова. Часам хапае аднаго позірку, каб адчуць які ў каго  настрой, каму патрэбна ў гэты момант уступіць. І хіба гэта не шчасце, калі дзеці не даюць сумаваць, стараюцца як мага часцей бываць у бацькоў, робяць ім нарыхтоўкі  на зіму. Іх гасціннасць не дазволіла нам не пакаштаваць іх  хрумсткіх агуркоў і сакавітых яблыкаў. А яшчэ – у падарунак мне дастаўся прыгожы лёгенькі кошык, які сплёў Барыс  Іванавіч. Цяпер у зімовыя вечары гэта будзе яго галоўны занятак. Жадаем яму і яго любай жонцы моцнага здароўя на  доўгія гады, каб вёсачка Голі трымалася на іх жыццёвай  мудрасці.

Аліна ЧАРНЫШ.
васіль аФаНасІк (фота).

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.