Населеныя пункты Слонімскага павета ў 1905 годзе

+++Слон_мск_ павет

Слонімскі павет 107 гадоў таму назад быў значна большы па тэрыторыі за сённяшні Слонімскі раён. Ён тады меў плошчу 6,3 тысячы квадратных вёрст (1 вярста – 1066,8 метраў). Плошча Слонімскага раёна сёння налічвае 1,5 тысячы квадратных кіламетраў. У склад Слонімскага павета ўваходзілі і некаторыя землі з населенымі пунктамі сённяшніх Зэльвенскага, Дзятлаўскага, Баранавіцкага, Пружанскага, Івацэвіцкага і Мастоўскага раёнаў.

Слонімскі павет, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, у 1795 годзе быў далучаны да Расійскай імперыі. Ён спачатку знаходзіўся ў складзе Слонімскай губерні (аказваецца, што наш Слонім быў некалі не толькі павятовым горадам, а і губернскім), а потым у складзе Літоўскай губерні, а з 1801 года – у Гродзенскай губерні, а з 1920 года – пад Польшчай, а з верасня 1939 года ўвайшоў у склад БССР. Цяпер давайце вернемся ў Слонімскі павет 1905 года. На той  час ён меў 23 воласці: Боркінскую,Быценьскую, Гічыцкую, Дабромысленскую, Дварэцкую, Дзераўнянскую, Дзярэчынскую, Дзятлаўскую, Жыровіцкую, Казлоўскую, Кастровіцкую, Косаўскую, Курылавіцкую, Люшнеўскую, Мар’янскую, Міжэвіцкую, Пацаўскую, Пескаўскую, Рагатнянскую, Ружанскую, Старавескую, Чамерскую і Шылавіцкую. Насельніцтва ў Слонімскім павеце налічвалася каля 230 тысяч чалавек. З іх беларусаў – каля 81%, яўрэеў – каля 15%, рускіх – 2,1%, палякаў – каля 1,5%. У склад Слонімскага павета ўваходзіў павятовы горад Слонім, а таксама пасёлкі, накшталт Аляксандрава-Альбярціна, сёлы, як, напрыклад, Высацк, вёскі, маёнткі, урочышча, двары, хутары, фальваркі, млыны, дзе таксама жылі людзі, сядзібы, лясныя аховы, чыгуначна-дарожныя казармы, паштовыя станцыі. Усіх населеных пунктаў Слонімскага павета налічвалася каля 1400 адзінак. Найбольшым па насельніцтву ў 1905 годзе быў павятовы Слонім. У ім пражывалі 20130 чалавек. Цікава, а колькі вяскоўцаў тады было ў слонімскіх вёсках? Вёскі сто гадоў таму былі даволі густанаселенымі. І найбольш там пражывала беларусаў. Згодна з выданнем Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта «Указатель населенным местностям Гродненской губерніи» (Гродна, 1905), у вёсцы Азарычы пражывалі 253 чалавекі, у вёсцы Акачы – 245, у Бабынічах – 765, у Бярдовічах – 172, у Баравіках – 327, у Бракаве – 349, у Вербалатах – 357, у Вяценеўцы – 330, у Ваўчунах – 191, Вараб’евічах – 350, у Высацку – 246, у Глоўсевічах – 926, у Гуменіках – 287, у Ганьках – 224, у Дзеравянчыцах – 348, у Драпаве – 278, у Едначах – 296, у Загрыцькаве – 381, Ісаевічах – 294, у Капустах – 90, у Клепачах – 515, у Какошчыцах – 389, у Кастровічах – 330, у Малой Кракотцы – 317, у Вялікай Крокотцы – 627, у Лысках – 549, у Ламашах – 325, у Лапухове – 493, у Мыславе – 691, у Нагуевічах – 552, у Нараставічах – 76, у Акунінаве – 554, у Орлавічах – 135, у Востраве – 541, у Пасінічах – 640, у Перавалоцы – 1090, у Парэччы – 484, у Разанаўшчыне – 190, у Рахавічах – 353, у Касцянях – 468, у Савічах – 616, у Сянькоўшчыне – 436, у Скоўдзічах – 124, у Сурынцы – 540, у Трыбушках (цяпер вёска Мірная) – 327, у Тушэвічах – 144, у Хадзявічах – 649, у Харашэвічах – 436, у Чапялёве – 909, у Чамярах – 800, у Цывіншчыне – 150, у Ягнешчычах – 440, у Якімавічах – 348 і г.д. За сто гадоў, як бачыце, насельніцтва вёсак Слонімшчыны зменшылася ў некалькі разоў. Шмат вёсак знікла з геаграфічных картаў нашага сённяшняга раёна. А тады ў Слонімскім павеце іх было шмат, асабліва многа было фальваркаў, хутароў, маёнткаў, двароў, сядзібаў, урочышчаў. А там таксама жылі людзі, жылі добра, шмат працавалі на зямлі, трымалі кароў, свіней, курэй, авечак. Даўно зніклі ўрочышча Юзафін-Бакуновічы каля Шылавічаў, урочышча Харажэўшчына каля тых жа Шылавічаў, маёнтак Трончын каля Кастровічаў, маёнтак Струг каля тых жа Кастровічаў, урочышча Татэнь каля Міжэвічаў, маёнтак Стабінава каля Кастровічаў, урочышча Свінка каля Шылавічаў, фальварак Басіны каля Шылавічаў, вёска Вашкевічы каля Кастровічаў, дзе пражывалі 346 чалавек, урочышча Гута каля Шылавічаў, былая карчма Дывальня каля Чамяроў, фальварак Дзедава каля Чамяроў, фальварак Іванкоўшчына каля Жыровіцаў, двары Каменка каля Чамяроў і Шылавічаў, урочышча Колбавічы каля Шылавічаў, урочышча Лісавічы каля Міжэвічаў, урочышча Кустоўка каля Дзераўной, урочышча Куць ці Ямічна (дзве назвы ў аднаго ўрочышча) каля Шылавічаў, аколіца Лазы-Савіцкія каля Міжэвічаў, урочышча Леанцінава каля Шылавічаў, маёнтак Ксавер’ева каля Кастровічаў, урочышча Лядоўня каля Кастровічаў, урочышча Лозкі-Раманава каля Міжэвічаў, сядзіба Марыямпаль каля Кастровічаў, фальварак Міхалін каля Міжэвічаў, сядзіба Мосцішча каля Кастровічаў, урочышча Аўчарня каля Кастровічаў, урочышча Плябанка каля Жыровіцаў, урочышча Пералесенка каля Жыровіцаў, маёнтак Падлужжа каля Кастровічаў, фальварак Адамполь-Янова каля Чамяроў і дзясяткі іншых. Былі ў Слонімскім павеце і населеныя пункты, якія мелі адны і тыя ж назвы. Напрыклад, назву Азярніца насіла не толькі мястэчка з 554 колькасцю чалавек, але і маёнтак Азярніца, дзе жылі 70 чалавек, вадзяны млын Азярніца, дзе таксама пражывалі 6 чалавек, чыгуначная станцыя Азярніца з 50 асобамі, лясная ахова Азярніца налічвала 6 чалавек. Тое ж самае было і з Дзявяткавічамі Старымі (105 асобаў), Дзявяткавічы Новыя (107 асобаў), маёнтак Дзявяткавічы Старыя (73 асобы), былая карчма з 6 асобамі і млын Дзявяткавічы Новыя з 6 асобамі. Вельмі шмат фальваркаў (польскае слова folwark, нямецкае vorwerk – панская гаспадарка з комплексам будынкаў, ці проста невялікае сядзіба на хутары працавітага селяніна) было ў пачатку ХХ стагоддзя ў Слонімскім павеце. Адны назвы – гэта цэлы слоўнік сакавітых і прыгожых слоў: Андржэева, Бакуновічы, Міхалін, Пятрунелін, Пятрапалін, Прусоўшчына, Дубароўшчына, Высоцк Горны, Басіны, Станіславава, Глацькі, Янушэўшчызна, Дзедава, Забулле, Іванкоўшчына, Краснастаў і іншыя.
Жылі людзі ў той час і неслі службу ў чыгуначна-дарожных казармах, пастах тэлеграфных апаратаў, шасэйных будках. Кожная будка мела свой нумар. Напрыклад, чыгуначна-дарожныя будкі №№ 26, 27, 28, 607, 608, 609, 610 знаходзіліся каля Шылавічаў, будкі №№ 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15 – каля Чамяроў і г.д. Там заўсёды прысутнічалі па 5-15 чалавек. І жыць, і працаваць, ці служыць у падобных будках, было нават ганарова. Таму не ўсім выпадала мажлівасць туды ўладкавацца.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.