СВК «Драпава»: вяскоўцы не перастаюць здзіўляць сваёй працавітасцю

+++++1+++++Img_9164

Пакуль зямля не пакрылася снегам і мароз не схіліў яе да сну, вяскоўцы ўсё яшчэ шчыруюць у полі. Кіраўнік СВК “Драпава” Юрый Іванавіч янушэвіч расказаў, што ў гаспадарцы асноўныя работы закончаны. Праведзена праполка і падкормка азімых культур, а пад’ём зябліва яшчэ працягваецца.
Механізатары часткова адправіліся дапамагаць суседзям убіраць кукурузу.

Мінулая пятніца выдалася пахмурнай і  дажджлівай. Не хацелася нават выходзіць на  вуліцу. А вось вяскоўцы, нягледзячы на  надвор’е, займаліся сваімі справамі. Дождж не  зблытаў рабочы графік трактарыста Васіля  Арочкі (здымак № 3). Ён вымыў свой трактар,  каб чысценькай тэхнікай падаваць корм жывёле. “Недарэмна яго хваляць”, – падумала пра  сябе ўжо праз некалькі хвілін размовы з ім. На  якіх работах ні быў задзейнічаны, усюды  пакідае добрыя водгукі. Цяпер разам з Мікалаем  Бабко (здымак № 2) ён абслугоўвае фермы.
Рабочы дзень у механізатараў пачынаецца ў  шэсць гадзін раніцы – гэта першае кармленне  жывёлы, у 21 гадзіну – вячэрняе. Кожны з  механізатараў выконвае свае функцыі ў працэсе кармлення пагалоўя. У гаспадарцы  адзначылі такую важную дэталь: пад час работы рознае здараецца, выходзіць тэхніка са  строю, але механізатары хуценька знаходзяць  выхад з любой сітуацыі і ніколі не зрываюць  графіку кармлення.
Напрыклад, Васіль Арочка пра сябе расказаў,  што ў яго доме шмат падарункаў ад кіраўніцтва  гаспадаркі за добрую працу. У мінулым годзе за  працоўныя заслугі Ганаровую грамату ўручалі  ў Мінску.
Жаданне працаваць у яго ідзе з сям’і, якая  з’яўляецца для яго найвялікшым стымулам. У  Мыславе з бацькамі жыве іх сын Максім, які працуе вадзіцелем хуткай дапамогі ў Азярніцы.  У гэтым годзе Васіль Васільевіч стаў дзядулем.  Шасцімесячная ўнучка дорыць столькі шчаслівых  імгненняў, што яшчэ больш хочацца жыць і працаваць.
У гэтым месяцы яшчэ адна  прыемная навіна чакаецца ў сям’і  Васіля Арочкі.  Выходзіць замуж дачка.

Не адстае ў пахвалах за старанне і  працавітасць Мікалай Леанідавіч Бабко. 24 гады  назад у калгасе яго называлі прыезджым, а  цяпер ён у гаспадарцы стопрацэнтна свой. Больш клапатлівых людзей не бывае: што не  зробіць механізатар, дык усё акуратна, з душой.  Так звычайна робяць для сябе. У гаспадарцы цялятніцай працуе яго жонка  Ірына, па прафесіі бухгалтар. Спачатку не было  свабоднай пасады, а цяпер ужо жанчына звыклася з работай і не хоча яе мяняць.
З прыемных момантаў пачалася наша гутарка з загадчыкам вытворчага ўчастка № 1 Аляксандрам Іванавічам Жылічам (здымак № 4), які  ў лістападзе адзначыць свой 55-гадовы юбілей  з дня нараджэння. Гэта добрая нагода для таго, каб сабрацца ўсёй сям’ёй за святочным сталом, бо трое дарослых дзяцей раз’ехаліся па свеце.  Дзядулі не церпіцца сустрэцца з ўнукамі, якіх  ужо сямёра. Не сумняваемся, што кожны з блізкіх і  сяброў скажа за святочным сталом аб тым, які ён цудоўны муж, бацька і дзядуля. А мы адзначым, што і працаўнік ён сумленны. З раніцы да позняга вечару ўвесь у справах, нават прыйшлося адмовіцца ад уласнай гаспадаркі, бо не стае часу на яе догляд. Засмучае загадчыка ўчастка тое, што не хапае рабочых рук, патрэбна моладзь. Аб гэтым і клапоціцца кіраўнік гаспадаркі, які  прыйшоў сюды толькі ў чэрвені гэтага года. Восем гадоў ён працаваў намеснікам старшыні  СВК імя Дзяржынскага, таму праблемы вёскі добра ведае. Пры гэтым работнікі кааператыва амаль у адзін голас адзначаюць наколькі ён  карэктны і ўважлівы чалавек. Умее выслухаць, дапамагчы, можа быць строгім і патрабавальным. Прафесіянальна граматны, таму заметна ва ўсім падцягнуў справы. Сапраўды, кіраўнік вельмі стараецца, каб моладзь пасля адпрацаванага тэрміну не спяшалася пакінуць гаспадарку, прадастаўляе жыллё, прыцягвае да ўдзелу ва ўсіх мерапрыемствах, каб толькі маладыя людзі ўліваліся ў калектыў. Напрыклад, бухгалтар Крысціна Вісаковіч ужо была вядучай на свяце, якое прысвячалася пажылым людзям. У гаспадарцы ёсць мастацкая самадзейнасць, тут таксама можна атрымаць натхненне да жыцця. Моладзь усё-такі стараецца праявіць сябе з лепшага боку. Напрыклад, Іван Войтаў працуе толькі другі год, а ўжо намеснік старшыні кааператыва. Сапраўды, ва ўсім бачна яго эрудыцыя.
У гаспадарцы пачынаюць сваю працоўную  біяграфію эканаміст Наталля Жыліч, інжынер  Міхаіл Салавей. Вельмі хочацца, каб усе яны выбралі месцам пастаяннага жыхарства СВК  “Драпава”. Сюды ўжо прыходзяць маладыя  механізатары. Не нарадуюцца ў гаспадарцы на  вадзіцеля Дзмітрыяю Шустава і механізатара  Андрэя Кібока. Чакаюць і тых хлопцаў, якія пакуль служаць у арміі. Кіраўнік гаспадаркі  клапоціцца, каб для ўсіх было добраўпарадкаванае жыллё. Вось і ў наступным годзе яно будзе таксама будавацца.
Эканаміст Ларыса Іванаўна Валюк успомніла,  як прыйшла ў гаспадарку многа гадоў назад разам з другімі спецыялістамі, тады было намнога складаней жыць у вёсцы, аднак усе засталіся і не шкадуюць, што выбралі вёску.
Разам з расказам пра людзей мы даведаліся  аб тым, як зараз працуюць усе галіны гаспадаркі.  Напрыклад, кіраўнік задаволены тым, што сёлета нарыхтавалі больш кармоў – 11 тысяч тон  сенажу і 16 тысяч тон сіласу. Упершыню  нарыхтавалі амаль тысячу тон кансерваванага  корму па новай тэхналогіі – у цэлафанавай  упакоўцы. Безумоўна, у гэтым найвялікшая заслуга агранома па кормавытворчасці Сцяпана
Сцяпанавіча Несцера, які сорак гадоў працуе  ў гаспадарцы. З інжынернай і агранамічнай  адукацыяй ён аддана служыць СВК. Добрых  слоў заслугоўвае галоўны аграном Анатоль  Фёдаравіч Несцер.
Калі ў гаспадарцы ўпалі надоі малака, новаму кіраўніку давялося адразу брацца за вырашэнне гэтай праблемы. Трэба сказаць, што з чэрвеня (а менавіта ў гэты час прыйшоў у гаспадарку Ю.І. Янушэвіч) спынена падзенне  надояў. Сёння практычна дасягнулі ранейшых  рубяжоў па продажу малака і яны, канешне,  будуць перасягнуты. Нядаўна ў вёсцы Збочна запусцілі новы  малочнатаварны комплекс на 777 галоў. Адзначым, што раней уведзеныя комплексы ў СВК “Дружба-Агра” і “Міжэвічы” дапамагалі запаўняць усім раёнам, а СВК “Драпава” справіўся самастойна. Закрылі ферму ў Плаўскіх і ўкамплектавалі недастаючую колькасць нецелямі. Справіліся з закупкай новага абсталявання для комлексу, поўнасцю падабралі сюды аператараў.  Зараз рэзультаты па надоях на комплексе вышэйшыя, чым на фермах Ваўчкі і Клепачы. Удой  на карову ў гаспадарцы складае 4098 кг. Разам з гэтым, гаспадарка закупіла 50  домікаў для маленькіх цялятак, на што было патрачана 136 мільёнаў рублёў. Нялёгкім сёлетні год быў для свінагадоўлі ў  сувязі з распаўсюджваннем афрыканскай чумы  свіней. Гаспадарка выканала шэраг мерапрыемстваў па ахове пагалоўя свіней. Пабудавалі санпрапускнік з душавымі кабінамі. Няпроста далося абгароджванне сеткай адразу дзвюх свінаферм – у Азярніцы і Драпаве. Было затрачана больш чым 320 мільёнаў рублёў. Адных слупкоў спатрэбілася закапаць 840 штук і на паўметра памясціць у зямлю металічную сетку працягласцю чатыры кіламетры. Пры двайным абгароджанні цяпер надзейней працуецца, думаем, што ніводны дзікі звер не трапіць на ферму.
З загадчыцай Азярніцкай свінафермы Лідзіяй  Міхайлаўнай Герасімчык (здымак № 1) і ветурачом Галінай Іванаўнай Паркоўскай (здымак № 5) мы гутарылі па ободва бакі агароджы, бо  санпрапускнік цяпер працуе строга.
Фінансавыя расходы гаспадаркі вялікія.  Падаражалі камбікармы. Іх даводзіцца вазіць  аж са Смаргоні. Тым часам, цэны на свініну не толькі не выраслі, а нават знізіліся.
Гаспадарка сёлета набыла новы МАЗ у лізінг,  патрэбна іншая тэхніка. Аднак кіраўнік перад інжынернай службай, якую ўзначальвае вопытны галоўны інжынер Юрый Іванавіч Сітнік,  паставіў жорсткія ўмовы: інжынерная служба павінна эфектыўна працаваць пры тых фінансавых магчымасцях, якія ёсць. А гэта значыць, патрэбна адмовіцца часова ад закупкі  новых вузлоў і агрэгатаў, давядзецца самім  больш рамантаваць і рэстаўрыраваць.
– Галоўны энергетык Валерый Віктаравіч  Цупрык стараецца своечасова і акуратна весці  справы, каб не ўзнікалі праблемныя сітуацыі,  – адзначае кіраўніак. Хочацца і зноў пералічваць прозвішчы лепшых людзей гаспадаркі. Гэта Марыя Сума, Валянціна Сідорык, Марыя Воўчак, Валянціна Лявіцкая, Галіна Ткач і г.д.  Усіх работнікаў гаспадаркі,  а таксама пенсіянераў віншуе  з прафесіянальным святам  праўленне СВК  і жадае моцнага здароўя і дабрабыту.

Аліна ЧАРНЫШ.
Васіль аФаНаСІК (фота).

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.