З камсамольскім запалам ў сэрцы

001

Камсамол у гэтыя дні адзначыў 95-годдзе сваёй арганізацыі. Шэсць ордэнаў на сцягу ВЛКСМ гавораць пра легендарны шлях камсамола ў гісторыі нашай краіны. Сёння прадаўжае традыцыі маладзёжнай арганізацыі БРСМ. Не многа ў раёне засталося людзей, хто ўступіў у камсамол у першыя пасляваенныя гады. Адзін з іх – Васіль Аляксеевіч Ярош, чыя біяграфія авеяна гераізмам і адданасцю сваёй Радзіме.

Васілю не споўнілася яшчэ і адзінаццаці гадоў, калі ў яго родных Саковічах з’явіліся першыя немцы. Ён ужо быў даволі адукаваным хлапчуком, скончыў тры класы польскай школы ў Дзераўной. Праўда, у трэцім класе пры добрай навуцы прабыў… два гады. З аб’яднаннем Беларусі ў 1939 годзе ў беларускай школе ўсе класы былі зніжаны на адзін у параўнанні з польскай школай. Праз два гады ў іх мясцінах актывізаваўся піянерскі рух – сельсавет вялікі, вёсак многа, а ў іх што ні двор – шматдзетная сям’я. Але многія адносіліся да ўступлення ў піянеры з апаскай, а нехта і адкрыта варожа. Яшчэ ў 1939 годзе бацька сказаў Васі: «Савецкая ўлада – наша ўлада».

У 1941-ым у піянеры запісаліся 11 чалавек. Вася Ярош быў сярод іх. Але гальштукі не выдалі. Паміж Ваўчунамі і Дзераўной была леснічоўка, там меркавалі адкрыць піянерскі лагер – павінны былі ўручыць гальштукі. Дзеці дапамагалі прыбраць леснічоўку, адсыпалі дарожкі жоўтым пяском. Не дачакаліся гальштукаў тыдзень.
– У 12 гадзін чорная хмара крыжастых самалётаў праляцела над намі ў бок Палатніцы, – успамінае Васіль Аляксеевіч. – Над Малышэвічамі з’явіўся самалёт з чырвонымі зоркамі. Тры «крыжакі» аддзяліліся ад «хмары». Пачуліся стрэлы і самалёт з зоркамі пайшоў у зямлю. Мы не ведалі, што адбываецца, і толькі настаўнік сказаў: «Дзеткі, мабыць, вайна пачалася. Ідзіце дамоў». А затым пайшлі нашы салдаты, са зброяй і без яе. А хутка на гасцінцы з-за горкі з боку Слоніма з’явіліся на машынах і першыя немцы. Іх выйшлі сустракаць з хлебам-соллю тры мясцовыя жыхары…

Што адбывалася ў вайну ў Саковічах, дасканала Васіль Аляксеевіч не ведае і сёння. Хоць пра многае расказваюць факты, якія з дзіцячай наіўнасці асэнсаваліся за доўгае жыццё, поўнае светлых і драматычных старонак. I сёння ветэран марыць, каб раскрыліся многія тайны таго жудаснага часу. За вайну нікога з
Саковіч у Германію не вывезлі, нікога немцы не расстралялі, ніхто не служыў у паліцыі. Але вёску спалілі…

У іх вёсцы з пачатку вайны солтысам стаў сябар Васілёвага бацькі – Гаўрыла Шапавал. Вася сябраваў з яго сынам. Вёска жыла беднавата, солтыс таксама не выдзяляўся заможнасцю. Да вайны Васілёў дзядзька Павел Апанасік узначальваў сельсавет і разам з арміяй не адступіў, хаваўся ў сваіх мясцінах. Хутка ў Дзераўной адкрылася нямецкая камендатура.– На службу да немцаў пайшлі тыя тры, што сустракалі іх
хлебам-соллю, – расказвае ветэран. – Адзін быў гультаяваты, другі – бамбіза, любіў пабіцца, трэці – нейкі замухрышка. Апе паадзявалі белыя павязкі на рукавы, з вінтоўкамі хадзілі. Неяк мужчыны стаялі на ўзгорку, а нам, дзецям, цікава было паслухаць іх размову, а тут бамбіза падыходзіць і кажа мне са злосцю: «Я табе нажом гальштук павяжу». Я заплакаў і дамоў, а тата кажа: «Маўчы, сынок, не хадзі туды». А потым солтыс мне сказаў: «Вася, не бойся». Бо яго сын чуў як паліцай наляцеў на мяне.

Незразумелае пачалося  дзён праз дзесяць. Спачатку нібы ад перапою памёр адзін, а за ім хутка і астатнія «хлебасольныя» паслужнікі немцаў. Ніхто не ведаў куды зніклі практычна ўсе іх сваякі. Павел Апанасік час ад часу сустракаўся з Васіным бацькай і солтысам. Хлапчук, вядома ж, не ведаў пра што яны гаварылі.
Але ў вёсцы ўсталявалася строгая дысцыпліна. I раптам пачалі нейкі перапіс. Мясцовыя юнакі праведалі, што для хлопцаў 1929 года нараджэння заказаны шлях у Нямеччыну. Ноччу нехта пусціў па вёсцы чутку: заўтра сход. На яго прыйшлі толькі старыя. Немцы пакруціліся, пахадзілі па хатах, але нікога не знайшлі. А Вася пазней даведаўся, што ён у паперах запісаны 1930 года нараджэння. Пра партызан Вася даведаў-
ся позняй восенню 1941 года, калі краем вуха пачуў начную размову бацькі і Паўла Апанасіка. Хутка да солтыса завіталі чацвёра партызан:  пастралялі ў столь, забралі хлеб, сала. А людзі потым расказвалі,
што ў лесе ў Навінах чацвёрку сустрэлі конныя партызаны і рабаўнікоў расстралялі. – У красавіку 1942 года было, – расказвае Васіль Аляксеевіч. — Я ўбачыў тату, солтыса, Паўла Апанасіка і Барысевіча. Яго ў вёсцы звалі «Барсук». Ён да вайны займаўся стварэннем камсамольскай арганізацыі ў Дзераўной. I раптам аказаўся з… немцамі. Паліцаі з вінтоўкамі хадзілі, а ён з пісталетам. Калі ўсе разышліся, бацька кажа мне: «Сынок, збегай на хутар каля Ісаевіч да Ігнаціка Валодзі і скажы яму, што 1 мая ў 9 гадзін на Велькай трыбе будуць даваць дровы». Я пабег, а дзядзька Валодзя і кажа: «Добра, Вася, на табе кубачак эмаліраваны». Я прыбег дамоў, а бацька пытае, што даў дзядзька Валодзя. Я паказаў, бацька кубачак забраў. А 1 мая ў 9 гадзін на Велькай трыбе падарвалася легкавая машына з вялікім нямецкім чынам. Следам ішоў грузавік з немцамі. I іх параніла.– 11 мая 1944 года, – расказвае Васіль Аляксеевіч, –
да нас завіталі партызаны. Узялі рыдлёўкі і пайшлі ў бок узгорка, дзе некалі ўпершыню з’явіліся немцы. Аказалася, што там партызаны зрабілі засаду. Ды няўдала. Пасля першых стрэлаў немцы, паліцаі і самаахоўцы (тыя, хто сам сябе са зброяй абараняў нібыта ад партызан, іх у Дзераўной было многа. Усюды доты паставілі) кінуліся назад у вёску, партызаны іх не праследавалі. Як потым казаў бацька, месца трэба было  выбіраць каля лесу. На наступны дзень немцы акружылі вёску Саковічы. Вася зранку пагнаў кароў у
амшар у бок Ісаевіч. Гэта і ўратавала жывёлу, бо ўсё дабро, у тым ліку і жыўнасць, немцы забралі. Людзей выгналі на балота і загадалі маліцца, бо бууць расстрэльваць за сувязь з партызанамі. Прыехалі немцы з Дзераўной, а з імі «Барсук». Нешта пагаварылі і людзей адпусцілі, але вёску спалілі. У гэты ж дзень у склепе знайшлі Паўла Апанасіка. Ударам фінкі яго забілі. «Дзіўна, – кажа ветэран. – Немцы і паліцаі звычайна стралялі…». Перад вызваленнем тыдні за два «Барсук» прапаў, думалі ўцёк з немцамі. А солтыса, калі вызвалілі родны край, судзілі. Далі яму 25 гадоў. Аднак у 1946 годзе ў вёсцы пры касцюмчыку
з’явіўся «Барсук», а хутка і былы солтыс. «Барсук» аб нечым гаварыў з Васіным бацькай. У гэты час у Дзераўной стаялі войскі НКУС, якія вылаўлівалі па лясах недабіткаў, якраз прывезлі сем забітых паліцаяў.
Вася, убачыўшы нечаканага госця, стаў падморгваць бацьку, маўляў, трэба бегчы ў  Дзераўную. А бацька спакойна адказаў: «Не бяжы, сынок, гэта наш чалавек». Хутка «Барсук» знік назаўсёды. «Хадзілі чуткі,
– успамінае Васіль Аляксеевіч, – што ён працаваў у Маскве ва ўстанове, у якую здрадніка не пусцілі б і на парог». У 1948 годзе ў Дзераўнойарганізавалі камсамольскую арганізацыю. Стваралася яна, найперш як памочніца войскам НКУС у барацьбе з памагатымі немцаў. Васіль Аляксеевіч і сёння памятае, як
асабіста затрымаў паліцая-ката, які здзяйсняў злачынствы на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, а хаваўся на Слонімшчыне. Было там тады тры камуністы. Не салодка было актывістам пасля вайны. Васю выбірали сакратаром камсамольскай арганізацыі. У яго і сёння захоўваецца той першы камсамольскі білет. У
арганізацыю адным з першых уступіў сын былога солтыса. А ўнук солтыса паступіў ў Маскву на вучобу. Ужо тады Вася зразумеў, кім быў солтыс, інакш бы ў тыя органы, куды паступіў яго ўнук, яго і блізка не
дапусцілі б. Нялёгкім быў лёс Васіля Аляксеевіча пасля вайны. Служыў на Сахаліне ў войсках НКУС. Падрыхтаваным байцам прапаноўвалі перспектыўную вучобу ў прэстыжных установах (яго бліжэйшы
сябар, дарэчы, даслужыўся да высокага звання). Васіль Аляксеевіч не любіць падрабязна расказваць
пра гэты перыяд свайго жыцця. Ён выбраў шлях дамоў. Праз некаторы час яго пасля праверкі кампетэнтнымі органамі, а там пацікавіліся нават чаму ён змяніў год нараджэння, па рэкамендацыі райка-
ма камсамола накіроўваюць на работу ў міліцыю. Быў участковым у Навасёлках, тады гэта была тэрыторыя Казлоўшчынскага раёна.– Участак быў не з лёгкіх, на тэрыторыі хаваліся былы начальнік паліцыі, два паліцаі, дэзерцір, – успамінае ветэран. 3-за мяжы на паветрных шарах запускалі мноства анты-
савецкіх лістовах. Сам збіваў такія шары. Цяжка было наладжваць сувязь з людзьмі, знаходзіць давераных. У час затрымання падазронага адбыўся канфлікт, у выніку якога Васіль Аляксеевіч
вымушаны быў пакінуць пасаду ўчастковага. Яму прапаноўваюць паехаць працаваць або ў міліцыю ў Цюмень, або на кардонную фабрыку ў Альбярцін. Васіль Аляксеевіч выбірае Альбярцін. Ён цудоўна
памятае той час, многіх людзей па імёнах. Працаваў на розных пасадах, у тым ліку намеснікам дырэктара.
З Васілём Аляксеевічам мы пазнаёміліся не так даўно. Ён пазваніў, калі прачытаў у «СВ» пра прэзентацыю кнігі «Горыч 41-га». Расказаў многа цікавага, у тым ліку і пра партызанскі рух на Слонімшчыне, пра версію
гібелі разведчыка К. Гнідаша. Ён упэўнены, што мінулая вайна тоіць яшчэ многа «белых» плям. Не будаваў ні сабе, ні дзецям ён гмахаў-маёнткаў. Як атрымаў 40 гадоў назад трохпакаёвую кватэру, так і жыве ў ёй. Ездзіць на «Жыгулях». Са сваёй Ірынай Эдуардаўнай у ладзе ды згодзе жывуць 55-ы год. Сёння ён і рукі
і ногі для жонкі, бо яна хварэя. Дзвёх дачок выгадавалі. Адна ўзначальвае на Слонімшчыне сельсавет, другая – кандыдат навук, працуе ў Маскве. Выраслі двое ўнукаў, падрастаюць двое праўнукаў.
– Залатыя ў нас бацькі, – гаворыць дачка Ала. – Усё жыццё дабро тварылі. І нас вучылі гэтаму ж: з людзьмі ладзіць, людзей цаніць, не быць абыякавымі да нясправядлівасці. Колькі гузакоў набіў сабе тата за жыццё, а сваім прынцыпам не здраджваў ніколі. Сапраўдны камсамольскі запал заўседы быў у яго сэрцы.

Васіль АФАНАСІК

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.