«Дабрыні нічога няма дабрэй» —

пад такой назвай прайшла сустрэча “за круглым сталом” у цэнтры карэкцыйна развіваючага навучання і рэабілітацыі, на якую запрасілі дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алу Сопікаву. Сабраліся  ўдзельнікі сустрэчы напярэдадні Дня інвалідаў і прысвяцілі размову праблемам людзей з абмежаванымі магчымасцямі. А распачала яе начальнік упраўлення па працы,  занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Кацярына Руткоўская. Яна засяродзіла  ўвагу на рабоце, што праводзіцца на месцах для своечасовага вырашэння набалелых праблем інвалідаў. А іх у раёне 3325 чалавек. І кожнага неабходна акружыць увагай і клопатам, каб гэтыя людзі адчувалі сябе роўнымі сярод роўных.

Выступаючая спынілася на адраснай дапамозе, якая аказваецца дзяржавай і мясцовай уладай інвалідам. Так, за гэты год такую дапамогу атрымалі амаль усе, хто мае ў ёй патрэбу. Агульная сума выдаткаў склала каля двух мільярдаў  рублёў. У раёне паспяхова рэалізуецца праграма сацыяльнага развіцця, вырашаюцца сацыяльныя і бытавыя праблемы адзінокіх састарэлых і  інвалідаў. Удзяляецца ўвага супрацьпажарнай  бяспецы такой катэгорыі грамадзян. Ім павінна  быць забяспечана безбар’ернае асяроддзе.  Праграма, якая датычыць у першую чаргу паляпшэння жыцця людзей з абмежаванымі  магчымасцямі, разлічана да 2015 года. Аднак,  даводзіцца прызнаваць, што пакуль рана гаварыць аб тым, што для інвалідаў робіцца ўсё неабходнае. Для гэтага не падрыхтавана інфраструктура, недастаткова фінансавых магчымасцей. І ўсё ж, як запэўніла Кацярына Янаўна, да канца 2015 года, нягледзячы на вялікія выдаткі,  пераважная большасць намечанага ў праграме  будзе выканана. Прывяла ў прыклад работу цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.  Напрыклад, толькі крэсел-калясак было выдадзена 140 адзінак. Канешне, усе намаганні былі б дарэмнымі, калі б асноўныя напрамкі дзейнасці  не падтрымліваліся мясцовай уладай. Калі слова ўзяла Ала Сопікава, то яна ў першую чаргу падзякавала тым добрым людзям, якія  робяць дабро для абяздоленых, у тым ліку,  інвалідаў. Ала Мікалаеўна назвала прозвішчы  кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў, якія неабыякавыя да чужой бяды. Паездкі дзяцей-нвалідаў  сталі магчымымі, дзякуючы клопатам дырэктара  аўтапарка № 3 Сяргея Скока і благачыннага айца Вадзіма. Прадуктовыя пакеты для пажылых і  дзіцячыя падарункі на святы, а таксама падарожжы па памятных мясцінах нашага краю з’явіліся  толькі пры ўдзеле Івана Германа, Міхаіла Акуліка,  Валянціна Жука, Вячаслава Наруты, Уладзіміра  Пастэрнака, Юрыя Бяссонава, індывідуальных  прадпрымальнікаў Святланы Мартыненка, Тамары Сушко і іншых добрых людзей. Яны даказвалі  не раз, што рабіць дабро проста і яно вяртаецца дабром.  Зараз распачата падрыхтоўка да Навагодніх  свят і Ражства. Няма сумнення, што на гэтую добрую справу знойдуцца людзі, якія адданыя дзецям, і яны выкарыстаюць усе магчымасці, каб  свята прыйшло і да маленькіх інвалідаў. А былы дырэктар восьмай школы, выдатнік  адукацыі Алена Хіхол заверыла, што чалавекам  добрага сэрца і шырокай душы з’яўляецца і сама госця – Ала Мікалаеўна Сопікава. Яна расказала, колькі ўвагі ўдзяліла дэпутат ветэранам працы, якія наведаліся ў сталіцу і пабывалі ў Доме  Урада. Ала Мікалаеўна правяла экскурсію і  наладзіла сустрэчу з дэпутатамі, разам з  падарожнікамі пабывала ў тэатры музычнай  камедыі і, нягледзячы на моцную занятасць,  прысвяціла землякам шмат часу. На сустрэчы прысутнічала некалькі мам  маленькіх інвалідаў. Рэгіна Сцяпура і Вольга Мамай шчыра дзякавалі ўсім за ўвагу і клопаты чужых па крыві людзей да іх дзяцей. Яны падзяліліся  праблемамі, якія пакуль перашкаджаюць нармальнаму існаванню тых, хто мае абмежаваныя  магчымасці. У прыватнасці, вельмі патрэбны  інвалідам-школьнікам такія спецыялісты-лагапеды, якія б працавалі з малымі індывідуальна. Не абысціся і без абслугі некаторым з тых, хто наведвае аддзяленне дзённага знаходжання. На некаторыя пытанні адразу атрымалі адказы ад Кацярыны Руткоўскай. У прыватнасці, яна заверыла,  што з пачатку наступнага года ў штатным раскладзе дзённага аддзялення чакаюцца змены і з’явяцца  работнікі, якія будуць суправаджаць інвалідаў. Аб рабоце з дзецьмі і падлеткамі, у якіх складаныя дыягназы захворванняў, гаварылі загадчыца дзіцячай паліклінікі Марыя Аляксеева і дзіцячы ўрач Аксана Свірыдава. На першым месцы сярод такіх захворванняў паталогія нервовай сістэмы. Выступаючыя спыніліся на бясплатным лячэнні і льготным медабслугоўванні  інвалідаў, забеспячэнні іх сродкамі тэхнічнай  рэабілітацыі, санаторна-курортным лячэнні,  дзейнасці рэабілітацыйных цэнтраў. Расказалі  аб планавых аглядах і сацыяльным патранажы, скідках на лекавыя сродкі для інвалідаў.  Падказалі, куды патрэбна звяртацца пры  неабходнасці аказання дапамогі дзецям з  абмежаванымі магчымасцямі і нават назвалі  адрасы рэабілітацыйных цэнтраў. Выклікала зацікаўленасць прысутных выступленне педагогаў, якія працуюць з дзецьмі-інвалідамі – Марыі Сахарчук і Наталлі Емельянавай. Гэтыя спецыялісты маглі б знайсці і больш  лёгкую работу, але сваім прызваннем яны лічаць  педагагічную дзейнасць на карысць абяздоленых  дзяцей. Калі малыя не могуць выкарыстаць вебальныя зносіны, на дапамогу прыходзяць жэсты, сімвалы, рухі, іншыя сродкі камунікацыі.  Педагогі разумеюць сваіх падапечных па выразу  вачэй, па позірках. Самыя складаныя моманты даводзіцца перажываць іх выхаванцам у зносінах са здаровымі  равеснікамі і эгаістычнымі асобамі. Жанчыны  заклікалі прысутных спрыяць нармальным  адносінам да інвалідаў дзяцінства, разумець іх  сэрцамі, бо гэта такія ж людзі, як і ўсе астатнія. І  не іх віна, а іх бяда, што яны не такія, як равеснікі.  Такіх дзяцей проста трэба любіць крыху больш,  чым астатніх. Непасрэдна аб тых, хто прысвячае самога сябе служэнню людзям з абмежаванымі  магчымасцямі, расказала в.а. старшыні раённай  арганізацыі Чырвонага Крыжа Людміла Іванова.  Яна запрасіла на сустрэчу маладых валанцёраў,  якія заслугоўваюць самых шчырых слоў падзякі  за сваю дзейнасць. Дзяўчаты і хлопцы таксама  выступілі перад прысутнымі. Яны заклікалі ўсіх  аказваць людзям з абмежаванымі магчымасцямі  не толькі адрасную дапамогу, але і маральную  падтрымку. Валанцёры застаюцца валанцёрамі  ў любым узросце. І заўсёды яны з’яўляюцца  доўгачаканымі людзьмі ў дамах інвалідаў. Няма  сумнення, што выхаванцы другой і трэцяй  сярэдніх школ, раённага агульнаадукацыйнага  ліцэя, гімназіі № 1, медыцынскага каледжа,  Жыровіцкага агратэхнічнага каледжа і пасля таго, як пакінуць сцены сваіх навучальных устаноў,  будуць аказваць пасільную дапамогу людзям з  абмежаванымі магчымасцямі. У іх гэта ўжо даўно  стала добрай звычкай. Не пакінуць такіх людзей  у бядзе і сёстры міласэрнасці Чырвонага Крыжа,  а таксама тыя, хто даўно стаў і працягвае быць  іх спонсарамі. Рабіць дабро не цяжка. Рабіць дабро прыемна. І няма нічога лепшага за тую ўдзячнасць, што  сыходзіць ад людзей, якім гэтае дабро было  накіравана.

Анна ЦЫВІНСКАЯ.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.