Слонімшчына ў паэзіі Алега Лойкі

+++Алег Лойка

Бадай што ніхто з беларускіх паэтаў не прысвяціў столькі вершаў свайму роднаму гораду, бацькоўскаму кутку і землякам, як Алег Лойка. Нават Рыгор Барадулін разам з Еўдакіяй Лось і Пятрусём Броўкам не напісалі столькі паэтычных радкоў пра сваю Ушаччыну, сколькі Алег Лойка адзін пра слынны і старажытны Слонім і Слонімшчыну, з іх прыродай, працавітымі і мужнымі людзьмі, багатай гістарычнай спадчынай.

У 90-х гадах мінулага стагоддзя з-пад пяра паэта выйшлі тры паэмы і ўсе яны прысвечаныя Слонімшчыне. Драматызаваная паэма ў дзвюх дзеях “Развітанне з Радзімай” вяртае чытачоў у XVIII стагоддзе да польнага літоўскага пісара, а пасля гетмана Вялікага княства Літоўскага Міхала Казіміра Агінскага і яго пляменніка дыпламата і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. У 1775 годзе Міхал Казімір Агінскі прыехаў у Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню, заснаваў оперны тэатр і капэлу. Па яго ініцыятыве быў пабудаваны канал Агінскага. Гетман быў вельмі здольны музыкант і паэт. Выдаў “Гістарычныя і маральныя аповесці” (1782) і “Байкі і не-байкі”(1788). У Слоніме прайшло дзяцінства і яго пляменніка Міхала Клеафаса Агінскага:

Карціна наплывае на карціну,

Выразныя і ясныя без слоў.

Таму мо, што Агінскага дзяцінства,

Як і маё, у Слоніме прайшло.

(Зборнік “Задуменныя пералескі”. Мн., 1961.С.24).

Наогул, Алег Лойка да Агінскіх звяртаўся шмат разоў. Вязанку сваіх вершаў паэт прысвяціў чулліваму паланезу Агінскага “Развітанне з Радзімай”. Бо хто гэты музычны твор сёння не любіць?! Нават простыя гараджане і вяскоўцы:

Казала цётка Надзя,

Як цвіў вясёлы бэз,

Калі памру, хавайце

Мяне пад Паланез.

(Зборнік “Ушанаванне”. Слонім, 2001.С.181).

У драматызаванай паэме “Развітанне з Радзімай” падзеі адбываюцца ў канцы 1763 года (дзея першая), калі амаль год польны літоўскі пісар Міхал Казімір Агінскі знаходзіўся ў Пецярбурзе, дабіваючыся прыхільнасці маладой царыцы Расеі Кацярыны II. У палац ён прывёў і балетную трупу са Слоніма. Натхнёна і віртуозна іграе Агінскі на скрыпцы, але адчувае холад адчужэння царатворцаў, якія хутка пакідаюць залу.

Другая дзея адбываецца ў 1794 годзе — пад Мацеявіцамі. На поле бітвы пасля паражэння паўстанцаў, што змагаліся пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, сустракаюцца героі.  Паэт цікава апісаў дыялог двух Агінскіх. У гэтым дыялозе гучыць горыч паражэння, але і надзея на будучае. Хор славіць здзейснянае князем Міхалам Казімірам Агінскім:

Віват канал, што Ясельду і Шчару

Звянчаў, як з прышласцю вянчаюць мару!..

І ў Слуцку тканым паясам віват,

І габеленам, Кракаў якім рад,

Мурам у Міры, Навагрудку, Гальшанах

З цагельняў, што багацяць у пашанах;

Віват дванаццаці на Шчары шлюзам,

Віват і Слонімскім, і Целяханскім музам;

Віват будаўніку, музыку і паэту!..

(Зборнік “Ушанаванне”. С.303).

Другую сваю паэму Алег Лойка напісаў пра Жыровічы, яна мае назву “Посах душы”. Вёска Жыровічы знаходзіцца кіламетраў дзесяць ад Слоніма. Цяпер тут дзейнічаюць праваслаўныя духоўныя акадэмія і семінарыя. Але Жыровічы вядомы яшчэ тым, што тут у XVI стагоддзі быў заснаваны манастыр базыліян з цэрквамі і семінарыяй. І сёння Жыровічы — гэта беларуская праваслаўная Мекка. Сюды з усіх куткоў свету спяшаюцца вернікі, спяшаюцца да жыровіцкай святыні з комплексам храмавых і манастырскіх пабудоў, што захаваліся да нашых дзён. Жыровіцкая святыня цікава не толькі як унікальны праваслаўны рэлігійны асяродак, але і як помнік архітэктуры і гісторыі, як сімвал складанага і нялёгкага лёсу беларусаў. А побач з Жыровічамі — струменіць святая крыніца. Кожны, хто бывае ў Жыровічах, абавязкова набірае з сабою вады з гэтай крыніцы. Алег Лойка з крыніцы і пачынае сваю Жыровіцкую паэму:

Стаяла ў лесе крыніца,

А ў крыніцы — вадзіца,

Над вадзіцай — груша,

Да грушы — душою рушу.

Рушу я да крыніцы —

Вады святое напіцца,

Рушу да светлае грушы —

Светла на грушу дзівіцца.

Між пастушкамі стану,

Малітву з сэрца дастану,

Пець, пакуль сілы хваціць,

Жыровіцкай Багамаці…

(Зборнік “Ушанаванне”. С. 240).

Паводле народнай легенды, у 1470 годзе на лясной дзікай грушы пастушкі знайшлі абразок. Абразок яны заняслі ў маёнтак Аляксандру Солтану. На тым святым месцы пабудавалі цэркаўку. А калі здарыўся пажар і цэркаўка згарэла, дзіўны абразок з’явіўся на камені недалёка ад крыніцы. На тым месцы быў пабудаваны новы храм. Цяпер там узвышаецца Яўленская царква. А абразок Жыровіцкай Божай Маці зберагаецца ва Ўспенскім саборы.

Алег Лойка ў сваёй паэме апісаў гісторыю Жыровіцкай святыні, склаў гімн Жыровічам. У абліччы Жыровіцкай Божай Маці , як піша Гіоргій Сіненка ў сваёй кнізе “Насуперак канону” (Мн., 1997. С.407-408) “праглядваецца ідэал беларускай жанчыны, які ўвабраў у сябе самыя прыцягальныя рысы нацыянальнага характару. Гэта не строгае аблічча святой Прамаці, якое глядзіць з іконы і заклікае да малітвы і пакаяння, а жывы вобраз беларускай жанчыны, азораны святлом красы і святасці, гэта — “Радзімы дух непарушны”, “Млечны наш Шлях прарочы!..” — пуцяводная зорка ў духоўным станаўленні і адраджэнні”.

Трэцюю паэму Алег Лойка назваў “На залатым перазове”:

Чыгуначныя перагоны,

Слаўны ваш светлы гон,

І я ў вас да ціхага скону

Ўлюбёны з маленчых дзён…

(Зборнік “Ушанаванне”. С. 268).

Паэма своеасаблівая і арыгінальная. Паэт едзе ў электрычцы з Зэльвы да Баранавічаў. І апісвае тыя станцыя, якія праязджае. Згадвае гісторыю станцый, асабліва слонімскіх, людзей якія там жылі ці жывуць, падзеі, якія там адбываліся. У раздзеле “На Азярніцкім паўстанку” Алег Лойка вёску Азярніца называе сталіцай, бо тут жыла ягоная сястрыца, а ў Грынках “прысела бульба —зеляніцца качкай, іду я з маці, маці ідзе з гачкай”. Пасля Грынкоў — Чамяры, дзе жыў паэт і партызан Анатоль Іверс, а за Чамярамі адразу пачынаецца Слонім, пасля — Альбярцін і г.д.

У 2002 годзе Алег Лойка напісаў шчымлівую паэму “Плач зямлі Слонімскай”, якая ўвайшла ў яго паэтычны зборнік “Плач зямлі” (Мн., 2004). Рэфрэнам праз усю паэму праходзяць радкі паэта:

Нікому ніколі не дадзена знаць,

Дзе нарадзіцца, дзе — сканаць.

Ды ведаю я, знаю,

Кім, дзе, калі сканаю,

Любячы край свой родны,

Што гіне беззваротна.

Ды ў ім, любым і лядачым,

Не ўзняць не магу галаву:

Пакуль жыву, плачу,

Плачу, пакуль жыву…

(Зборнік “Плач зямлі”. Мн., 2004. С.72).

Алег Лойка — паэт народна-слонімскі. Ён найбольш зразумелы нам, слонімцам. На Слонімшчыне яго ведаюць усе, нават тыя, хто ніколі ў жыцці не чытаў вершаў, хіба толькі ў школе. Тут у кожнай вёсцы ў яго ёсць сваякі і сябры. Пра лёс кожнага земляка Алег Антонавіч ведае ўсё, можа распавядаць суткамі цэлыя жыццёвыя гісторыі. І гэтыя гісторыі розныя: трагічныя, радасныя, шчаслівыя, смешныя. Паэма “Плач зямлі Слонімскай” — своеасаблівая гістарычная энцыклапедыя слонімскіх вёсак і яе жыхароў:

Азгінавічы, Сялявічы

Жылі, Бога сэрцам славячы;

Ламашы, Кастровічы

Жылі, суседзям наровячы;

Не зруселыя, не спольшчаныя,

Жылі Шышкі і Сянькоўшчына;

З Новадзевяткавіч Крэчыкі

Жылі, няпраўдзе пярэчылі,

Як і з Шундроў Маскалікі,

Што зуб ні на кога не скалілі;

Жылі, дзетак хрысцячы, жэнячы,

Міжэвічы, Харашэвічы,

Жылі, словы шчырыя мовячы,

Бы ў Якімавічах Якімовічы,

Бы ў Какошчыцах — Дабрыяны,

Рукавы закасаўшы старанна;

Талькаўскія негаротнікі,

Без борцяў шчыравалі Бортнікі;

Рыбнымі тонямі рышчучы,

Нараставічы шчыравалі, Рышчычы;

Жылі, жыць, дабрэць муселі,

Бы ў Лапухове Мукасеі…

Пілі не нарзан, рычэў не Тарзан, —

Іншая слава вілася:

З Васілевіч Пракоп — гучны партызан

І ахоўнік Сталіна Ўласік…

(Зборнік “Плач зямлі”. С.72-73).

Асноўны раздзел кнігі “Плач зямлі” склалі вершы Алега Лойкі, які ён прысвяціў сваёй жонцы Ліліі, з якой пражыў усё жыццё. Нядаўна яе не стала:

Гора маё ты, гора

Чарней усіх пячораў,

Глыбей, чым учора,

Гарчэй, чым пазаўчора…

 (Зборнік “Плач зямлі”. С.47).

Сапраўды, Алег Антонавіч вельмі перажывае страту свайго любага чалавека — жонкі Ліліі. На ёй трымалася ўся гаспадарка ў доме на Віленскай вуліцы ў Слоніме. Я часта там бываў і бываю цяпер. Дом Алега Лойкі стаіць у прыгожым месцы. Адразу за агародам цячэ Шчара. А над Шчараю растуць бярозы і вербы. Тут заўсёды майму земляку добра пісалася і пішацца. Пра Шчару Алег Лойка напісаў дзесяткі вершаў. І вобраз сваёй Ліліі ён параўнаў нават з Шчараю:

Словы душу накалілі,

Жару — поўны прыпол…

Зямная, як Шчара, Ліля,

Ратуй мяне, як анёл!

 (Зборнік “Плач зямлі”. С.45).

У другім вершы пра Шчару паэт прызнаецца:

І я рады, што зразумеў:

З гэтай радасцю — не таіцца,

Што я шчасце вялікае меў

Па-над Шчараю нарадзіцца!

(Зборнік “Плач зямлі”.С.17).

А ў вершы “Тут, над Шчарай” Алег Лойка марыць:

Я шчаслівы, што ўбачыў свет тут,

Ды пра большае шчасце я мару:

У апошні свой міг без пакут

На цябе пазіраць, Шчара!

(Зборнік “Неўміручасць”. Слонім, 2000. С.147).

Слонімшчыны прысутнічала ўжо ў першым зборніку паэта “На юначым шляху” (Мн., 1959). Вершы “Няхай славяцца”, “Дзед Ігнат”, “Ледзь скрыпнуў журавель”, “Бацькі”, “Юнак быў з-пад Слоніма родам” і іншыя з’яўляюцца доказам таго, што паэзія Алега Лойка ўжо тады, амаль паўстагоддзя назад, жывілася сокамі роднай зямлі, пачынала расці на ўрадлівай глебе народнай творчасці. І калі б ён больш нічога не напісаў, а толькі адну баладу “Юнак быў з-пад Слоніма родам”, гэтага хапіла б, каб майго земляка называць Паэтам з вялікай літары і друкаваць яго баладу ў розных хрэстаматыях. Дарэчы, балад, прысвечаных Слонімшчыне, у паэта шмат. Усе яны ўвайшлі ў зборнік “Балады вайны і міру” (Мн., 1988). Галоўная тэматычная аснова іх — асуджэнне вайны, насілля, сцвярджэнне гераізму, пачуццё Бацькаўшчыны і палымяная любоў да Слонімшчыны і яе гісторыі, а таксама да людзей. Гэта “Балада аб выратавальным”, “ Балада Дзеда Мароза”, “Балада пра Шчару”, “Балада шаснаццаці год”, “Балада пра неўзарваную гранату”. А “Баладу Сынковіцкай царквы” Алег Лойка прысвяціў нацыянальна-вызваленчаму паўстанню 1863 года. У канцы 1862 года, едучы са Слоніма ў Ваўкавыск, Кастусь Каліноўскі раскідваў трэці нумар “Мужыцкай праўды”. Трапілі гэтыя нумары і да жыхароў Сынковіч (вёска знаходзіцца якраз па дарозе):

Даць, даць!.. Ляцелі са званіцы,

Як птахі вольныя, лісткі

“Мужыцкай праўды” аб зямліцы,

Каб іх чыталі мужыкі.

(Зборнік “Балады вайны і міру”. Мн., 1988. С.139).

У трыпціху “Роднае” (Выбраныя творы ў 2-х тамах. Мн., 1992. Т.2. С.336), Алег Лойка сказаў: “Мае першыя святло, прастор і любоў — Слонім”. Тут паэт на Татарскай вуліцы нарадзіўся, на Зялёнай вуліцы жыў, на Чырвонаармескай — хадзіў у першую беларускую школу. І пра ўсе гэтыя вуліцы ў паэта напісаны вершы:

Я вырас на Зялёнай,

Дзе яблыні і вішні,

І маладыя клёны

Ля вербаў, зграбных, пышных…

Па самай жа галоўнай —

Па Чырвонаармейскай,

Слязою шчасця поўны,

Я нёс байцам пралескі!

(Зборнік “Грайна”. Мн., 1986. С.23).

На Чырвонаармейскай вуліцы (былой 3 Мая) да вайны ў невялікай хатцы жыў слынны беларускі паэт Гальяш Леўчык. Да яго ў 1939 годзе, едучы з Беластока ў Мінск, заязджаў Янка Купала. Ён, дарэчы, быў рэдактарам першай кніжкі Гальяша Леўчыка “Чыжык беларускі” (Вільня, 1912). Старыя сябры сустрэліся, паабедалі ў Першым беларускім рэстаране і Купала на сваім “шаўрале” паехаў па вуліцы Маставой на Мінск. Цяпер вуліца Маставая носіць імя Янкі Купалы. Алег Лойка так і назваў свой верш “На вуліцы Янкі Купалы ў Слоніме”. А пачынаецца ён радкамі, у якіх любоў да роднага горада шчыра асветлена памяццю пра вялікага паэта:

Родны мой горад, спрадвечны горад,

Памяць чыя глыбей, чым твая?..

Дай скалынуць твае радасці, гора,

Дай перажыць іх з табой удвая!

Дай, прывярні тыя дні, тыя хвілі,

Госцем калі тут Купала быў:

Вулкі твае яго не забылі,

І ён жа іх, пэўна, нідзе не забыў.

Чуў ты біццё яго сэрца, горад,

Хвалямі Шчары думы ўздымаў:

Усю Беларусь абдымаўшы, як мора,

Ён і цябе, горад мой, абдымаў…

(Зборнік “Грайна”. С.12-13).

Гальяш Леўчык загінуў у 1944 годзе ў Варшаве. Разам з паэтам вайна знішчыла і яго варшаўскую кватэру і вялікі беларускі архіў, які ён збіраў усё сваё жыццё.  Нібы працягам верша пра вуліцу Янкі Купалы ў Слоніме з’яўляецца верша Алега Лойкі “На Маршалкоўскай пад Аркадамі”. Ён прысвечаны былым слонімцам, цяпер — варшавякам, якія раз у месяц — у сераду — збіраюцца ў Варшаве на Маршалкоўскай вуліцы і ўспамінаюць Слонім.

Родны горад і слонімцы гняздзяцца ў кожным паэтычным зборніку Алега Лойкі. Напісаны дзесяткі вершаў-прысвячэнняў землякам: Анатолю Іверсу, Валянціну Таўлаю, Янку Саламевічу, Міколу Арочку, скульптару Івану Міско, былому старшыні калгаса Антону Дабрэнку, настаўнікам, аднакласнікам. Сам Слонім ва ўяўленні і выяве паэта ў кожным вершы заўсёды раствараецца ў прыродзе, зліваецца ў гістарычных і экалагічных усведамленнях паэта. Гэта вершы шчырыя, добрыя, запамінальныя А інакш ён пра родны горад і пісаць не ўмее:

У зелені — бель камяніц, касцёлаў.

Уецца Шчара, бліскаючы срэбрам.

Спыніўшыся на ўзгорках, навакола

Лясы стаяць, падпёршы купал неба.

Я вырас, захапляючыся тут

Высокім небам, Шчары ціхім звонам,

Агністым сонцам, лесам задумёным,

Мурамі і людзей жыццём штодзённым,

І сэрцам палюбіў я гэты кут —

Цябе, мой старадаўні родны Слонім.

(Зборнік “Пралескі ў акопах”. Мн., 1987. С.11).

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.