Імам Сулейман Байрашэўскі

+++люди-мужчина-имам-220511

Нават і не верыцца,  што гэтаму фізічна  моцнаму і па-армейску  падцягнутаму чалавеку  ўжо 70. Мне здаецца, што яму значна менш. Знешне для мяне ён застаецца такім, які быў тады, калі я з ім пазнаёміўся  дзесьці ў пачатку 1990-х  гадоў. Слонімскі грамадскі і рэлігійны актывіст,  імам — старшыня  аб’яднання мусульман  Слонімшчыны, былы намеснік муфція Беларусі. А яшчэ — выдатны  чалавек, добры знаўца  гісторыі роднага краю,  гісторыі татарскага  руху на Беларусі, сардэчны беларускі мусульманін. Гэта ўсё ён — Сулейман Байрашэўскі, якога мы ў Слоніме шчыра называем Сулейман Мацвеевіч. Яму толькі што споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння. Пра гісторыю татараў на Беларусі Сулейман Байрашэўскі можа распавядаць доўга.  Таму што гэту гісторыю стваралі і яго далёкія  і блізкія продкі. А пра Слонім і слонімцаў ён  заўсёды расказвае з радасцю і нават нейкай  балючай настальгіяй. “У гэтым доме некалі  жыў мой дзед. А вось тут былі бабуліны агароды, там — цётчыны, а там стаяла старая мячэць. Яе перад адступленнем спалілі немцы ў 1944 годзе. Мячэць стаяла на былой Татарскай вуліцы, цяпер гэта вуліца Кірава. На  ёй сёння жыве некалькі татарскіх сем’яў. А перад Другой сусветнай вайной у Слоніме налічвалася аж 600 татараў. На жаль, татараў са Слоніма прымусова высялялі тры разы: у 1929, 1944 і ў 1946 гадах”, — распавядае Сулейман Байрашэўскі. Мы непрыкметна падыходзім да ладнага аднапавярховага будынка з паўмесяцам на даху.  Гэта слонімская мячэць.  Яна адкрыла свае дзверы для слонімскіх мусульман летам 1994 года. “Адкрыць мячэць мне  дапамаглі дэпутаты беларускага парламента,  — успамінае Сулейман  Мацвеевіч. — Я напісаў ім пісьмо, расказаў  пра слонімскіх татараў,  пра іх лёс і пра будынак.  Так нам і дастаўся гэты  будынак”. Зімой мячэць неацяпляецца, бо сёння  вельмі дорага каштуе  гэтая паслуга. Тым не  менш, кожную пятніцу  а 13 гадзіне адданыя  вернікі-мусульмане спяшаюцца ў мячэць. Яны па-ранейшаму разам, абшчынай, хоць і невялікай, але заўсёды спраўляюць свае святы — то Курбан-Байрам, то Рамадан-Байрам  і г.д. Працуе і нядзельная школка, дзе вывучаецца арабская мова, гісторыя іслама, праводзяцца розныя мерапрыемствы і ў мячэці,  і ў іншых месцах Слонімшчыны. І гэта дзякуючы Сулейману Байрашэўскаму. Родам Сулейман Мацвеевіч са Слоніма.  Пасля школы паступіў у ваеннае вучылішча, шмат займаўся спортам, стаў майстрам  спорту па баскетболе. Службу праходзіў у  Расіі — на Чукотцы-Анадыр, на Украіне, а  потым вярнуўся ў родную Беларусь. Служыў  добра, бо мае медалі былога Савецкага Саюза. Праўда, да пенсіі даслужыцца не паспеў: калі Байрашэўскаму споўнілася 40 гадоў, яго ў званні маёра звольнілі з радоў Узброеных Сіл СССР.
У 1992 годзе Сулейман Мацвеевіч арганізаваў у Слоніме мусульманскае рэлігійнае таварыства і стаў яго кіраўніком, а больш канкрэтна — аднавіў праз 48 гадоў. Як кіраўнік мусульманскай абшчыны, ён найперш звярнуў увагу на добраўпарадкаванне мусульманскіх могілак, якім 300 гадоў. Могілкі знаходзяцца ў  лясным масіве каля пяці кіламетраў ад горада. Займаюць яны плошчу 2,7 гектары зямлі.  Сярод магіл слонімцаў-мусульман, там ёсць шмат захаванняў вайскоўцаў-мусульманаў,  якія служылі ў рускай арміі і загінулі альбо памерлі ад атрыманых ран падчас Першай сусветнай вайны. Гэтыя вайскоўцы былі родам  з Уфінскай, Казанскай і Самарскай губерняў  Расіі. На могілках паспелі тады паставіць агульны помнік-абеліск. А на кожнай магіле цяпер зроблены надмагільныя пліты з пазначэннем прозвішча, імя і палка, дзе служыў і з якой губерні паходзіць вайсковец. Захаванні, дзякуючы Сулейману Мацвеевічу і іншым мусульманам, падтрымліваюцца ў належным стане і сёння. Праўда, некалькі разоў вандалы пашкоджвалі помнікі, разбівалі, пераварочвалі.  Але прыходзілася іх аднаўляць зноў. Па словах Сулеймана Байрашэўскага,  у першай палове ХХ стагоддзя і да пачатку  Другой сусветнай вайны, у Слоніме ўсе дзеці  мусульман навучаліся рэлігіі ў Годжэго муадзіма слонімскай мячэці Сулеймана Шчэнсновіча. А жаўнеры-мусульмане прымалі прысягу на Каране.
Сёння Сулейман Байрашэўскі робіць усё,  каб памяць пра знакамітых слонімскіх і беларускіх мусульман на Бацькаўшчыне ўшаноўвалася. У жніўні 1994 года ў Слоніме быў  праведзены Міжнародны з’езд татараў, на які  прыехалі госці з Англіі, ЗША, Польшчы, Расіі  і з іншых краін свету, а таксама з розных куткоў Беларусі.  Імам — старшыня аб’яднання мусульман  Слонімшчыны Сулейман Байрашэўскі ніколі не сядзіць без справы. У 1996 годзе ён  выдаў малітоўнік для мусульман, напісаны  кірыліцай. Пачаў рэстаўрыраваць Караны,  якім па 100 і болей гадоў. Выдаў малітоўнік  арабскім шрыфтам. Усе гэтыя выданні сталі  настольнымі кнігамі ў дамах мусульман не толькі Беларусі, але і за яе межамі. Тры гады Сулейман Байрашэўскі за свае  ўласны грошы выдаваў газету “Нур-свет”, якая  распаўсюджвалася ў 18 гарадах Беларусі. Ён  і зараз жадаў бы яе выдаваць, але не хапае  на гэта сродкаў. Па-ранейшаму, Сулейман Байрашэўскі шмат увагі аддае добраўпарадкаванню мусульманскіх могілак. Амаль штотыдзень наведвае іх, аглядае, прывозіць на экскурсію гасцей  з іншых краін, наладжвае мерапрыемствы  па ўшанаванню ўсіх тых, хто загінуў падчас  розных войнаў. А аднойчы, калі ён вяртаўся  па лясной дарозе дамоў на скутары, убачыў  дзвюх дзяўчынак. Узяўшыся за рукі, малыя  крочылі яму насустрач. “Куды вы ідзяце, дзяўчаткі?” — спытаўся Сулейман Мацвеевіч. “У  Слонім”, — адказалі дзеці. “Але Слонім знаходзіцца зусім у іншым баку. Ці не заблудзіліся вы?”, — пацікавіўся дарослы. Дзяўчынкі сапраўды заблудзіліся і ўжо  паўтары гадзіны блукалі па лесе, шукаючы дарогу на Слонім. Разам з бацькамі яны прыехалі на дачу. Калі бацькі працавалі, дзеці вырашылі нарваць лясных кветак для сваіх матуль.  Збіраючы кветкі, малыя заблудзіліся, адной з  іх было пяць гадоў, другой — тры. Сулейман  Мацвеевіч напаіў іх вадой, пасадзіў на скутар  і накіраваўся ў Слонім. Па дарозе ён сустрэў  нарад міліцыі, які ўжо даўно шукаў дзяцей. У  суправаджэнні міліцыянераў дзяўчынак вярнулі іх бацькам. У 2009 годзе Сулейман Байрашэўскі здзейсніў Хадж у свяшчэнную Мекку. Дый за сваё  жыццё шмат дзе быў, пабачыў і шмат з кім  сустракаўся, гутарыў, працягвае сябраваць. “Але лепш за ўсё дома”, — кажа Сулейман Мацвеевіч. Менавіта ў родным доме ў  Слоніме ён адзначыў свой юбілей, адзначыў  разам з жонкай Джанурой Ясінскай і з сям’ёй  дачкі Эльвіры.  Здароўя Вам, Сулейман Мацвеевіч, дабра,  сіл, цярпення і сямейнага дабрабыту.

Сяргей ЧЫГРЫН.

0

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.