Іван Міско — лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы

++++++++И.А. МИСКО

14 студзеня стала вядома, што лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы стаў наш зямляк, народны мастак Беларусі Іван Міско.

Адразу пазваніў Івану Якімавічу і павіншаваў яго з узнагародай. Як адзначыў лаўрэат, ён поўны творчых сіл і энергіі, а прэмія толькі акрыляе да новых здзяйсненняў. Цяпер Іван Міско рыхтуецца адкрыць у Мінску 9 красавіка буйную персанальную выставу. Большасць работ будзе прысвечана космасу, будзе і шмат новых работ.

Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2013-2014 гады будуць уручаны народнаму мастаку Беларусі Івану Міско, народнаму артысту СССР Уладзіміру Зельдзіну і расійскаму мастацтвазнаўцу Інэсе Слюньковай.

Іван Міско ўдастоены прэстыжнай узнагароды за серыю скульптурных твораў, прысвечаных пакарыцелям космасу, а таксама за стварэнне помніка рускаму пісьменніку Сяргею Аксакаву.

Плануецца, што ўрачыстае ўручэнне прэмій па традыцыі пройдзе летам на міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва была зацверджана ў 2001 годзе. Упершыню прэмія ўручалася ў 2002 годзе. Тады яе ўладальнікамі сталі беларускі драматург Аляксей Дудараў, народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін і расійскі акцёр Аляксей Пятрэнка. Пазней лаўрэатамі ўзнагароды былі мастакі Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Георгій Паплаўскі і Валянцін Сідараў, акцёры Аляксандр Калягін, Расціслаў Янкоўскі і Уладзімір Гасцюхін, кампазітар Аляксандра Пахмутава, дырыжор Міхаіл Фінберг і іншыя вядомыя майстры культуры Беларусі і Расіі. Усяго за час існавання прэміі яе лаўрэатамі стаў 21 чалавек.

Тры прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва прысуджаюцца адзін раз у два гады. Асноўны крытэрый адбору спаборнікаў — значнасць укладу мастацкіх твораў ва ўмацаванне братэрства, сяброўства і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй. Грашовы эквівалент кожнай прэміі роўны 1250-кратнаму мінімальнаму памеру аплаты працы ў Расійскай Федэрацыі.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.