Прыбытак и абаротныя сродкі

Нататкі з пасяджэння раённага выканаўчага камітэта

Адбылося першае пасяджэнне райвыканкама пад старшынствам новага кіраўніка раёна Алега Таргонскага.
І адразу на парадку дня важнейшае пытанне: вынікі работы народнай гаспадаркі за 2013 год і задачы на 2014  год.
Ацэнена рэальная абстаноўка — без прыхарошвання і  агульных абяцанак. Падстава для дэталёвага аналізу ёсць  — эканоміка раёна далёкая ад жадаемай. Намеснікі  старшыні райвыканкама далажылі кожны па сваёй курыруемай галіне. І калі ў сацыяльнай сферы вострых праблем  найменш (што ў нейкай ступені дзіўна, але прыемна, бо стан  у сацыяльнай сферы напрамую залежыць ад стану эканомікі), дык у будаўніцтве, прамысловасці і асабліва ў сельскай гаспадарцы рэзервы далёка не вычарпаны.
Будаўнікі раёна спрацавалі на 82,6% да ўзроўню мінулага года. Праўда, паспяхова выканалі напружаную праграму  жыллёвага будаўніцтва — здалі ў карыстанне 37245 квадратных метраў жылля.
У прамысловасці аб’ём выпушчанай прадукцыі склаў  амаль 2,3 трыльёна рублёў (удзельная вага ў абласной  вытворчасці 4,2%) — 116,3% да ўзроўню 2012 года ў фактычных цэнах. Па многіх паказчыках прамысловасць раёна  спрацавала лепш прагнозу, у тым ліку і па экспарту тавараў.  Але ў раён не прыцягнуты плануемыя замежныя інвестыцыі.  Бюджэт не даатрымаў значныя сумы з-за шасці стратных  прадпрыемстваў, сярод іх і два асноўныя папаўняльнікі бюджэту — ААТ “Слонімскі мясакамбінат” і ААТ “Слонімскі кардонна-папяровы завод “Альбярцін”.
Заслухаўшы інфармацыю кіраўнікоў прадпрыемстваў,  старшыня райвыканкама не пагадзіўся з агульнымі фармуліроўкамі праекта рашэння і прапанаваў даваць ацэнку  не прадпрыемствам, а іх кіраўнікам і ў рашэнні запісаць канкрэтныя тэрміны рэалізацыі канкрэтных абавязацельстваў.
Даволі працяглым было абмеркаванне сітуацыі ў сельскай гаспадарцы і другога пытання парадку дня больш вузкага накірунку — вынікаў работы ў малочнай галіне жывёлагадоўлі. Як прызнаў першы намеснік старшыні райвыканкама Віктар Кот, год для сялян быў правальным. Аб’ём валавай прадукцыі не дацягнуў да ўзроўню 2012 года на 10,8%,  прычым змінусавалі ўсе гаспадаркі раёна. Аснова вытворчасці — жывёлагадоўля. Вытворчасць малака знізілася на  7,6%. У мадэрнізацыю малочнай вытворчасці ўкладзены  велізарныя сродкі, а аддачы няма. Пры ідэальных умовах  сучасных даільных залаў малака гатункам “экстра” прадаецца менш 15%. Гаспадаркі запазычылі перапрацоўшчыкам  каля 95 млрд. руб. Сітуацыя вельмі напружаная — не за гарамі вясна, трэба будзе сеяць. На гэта патрэбны немалыя  сродкі, а іх не хапае. Калі для буйной рагатай жывёлы кармоў у цэлым дастаткова, дык для свінагадоўлі іх не хапае.
Алег Мечыслававіч запатрабаваў дысцыпліны на кожным  рабочым месцы: ні адзін факт падзяжу жывёлы, рэзкага  падзення вытворчасці малака, мяса не павінен заставацца  без аналізу і арганізацыйных вывадаў. Ні для каго кабінет  старшыні райвыканкама не закрыты, калі трэба вырашыць  нейкую праблему, але пасля таго, як кіраўнік на месцы прыняў меры па вырашэнні пытання, але не атрымаў станоўчага выніку.
Многа прапаноў унёс старшыня райвыканкама са свайго  вопыту. У бліжэйшы час будуць унесены змены ў тэхналогіі  даення і ўтрымання дойнага статку.  Лейтматывам усёй размовы на пасяджэнні прагучала настойлівая парада кіраўніка раёна: думайце пра людзей, умовы іх працы, пра рост зарплаты.
Дарэчы, пра заробкі. Мець прыбытак і абаротныя сродкі  — галоўнае на сёння для кожнага калектыву — і сельскагаспадарчага, і прамысловага. Такая задача пастаўлена  кіраўніком раёна. Тады не давядзецца стаяць з працягнутай  рукой у банку, просячы крэдыт на выплату зарплаты…

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.