За Брэжнева дзікоў валілі снайперы

+++Img_0671

Сёння падпалкоўнік у адстаўцы  Тадэвуш Жукоўскі – ветэран інжынерных войск. За плячыма – многія гады армейскай службы,  прычым лепшыя маладыя гады  прайшлі “пад баявым прыцэлам”  – штодзённая  шматгадзінная  служба ў мірны час нагадвала хаджэнне па лязу брытвы…
Тадэвуш нарадзіўся ў Іўі. Дасягнуў юнак армейскай сталасці, і закінуў лёс яго ў Магілёў – у інжынерны  полк. Служыў салдат як і прадпісвала прысяга. Камандаванне ацаніла  – стаў сяржантам. І нават параіла  выбраць далейшы афіцэрскі  жыццёвы шлях. І хоць у сям’і да яго  ніхто не быў кадравым ваенным (як,  дарэчы, не стаў і сын Тадэвуша),  салдат паступае ў Цюменскае ваеннае вучылішча. Краіне вельмі  патрэбны былі вопытныя сапёры.  Хоць пасля пераможных залпаў вайны прайшло на той момант два дзесяцігоддзі, наша зямля была нашпігавана мільёнамі выбухованебяспечных прадметаў.
– І сёння, – кажа ветэран, – на размініраванні работы хапае, хопіць яе  і яшчэ гадоў на сто… Экстэрнам, за год, скончыў ваеннае вучылішча, і маладога лейтэнанта зноў накіравалі ў Магілёўскі гарнізон. Тры групы размініравання, у адной з іх быў лейтэнант Жукоўскі,  штодня з вясны да глыбокай восені  абясшкоджвалі міны, снарады, бомбы. Невыпадкова – у першыя тыдні  вайны менавіта пад Магілёвам немцы адчулі сапраўднае супраціўленне Чырвонай Арміі, і тут ішлі жорсткія  баі. Афіцэр ніколі не лічыў, колькі мін,  снарадаў абясшкодзіў – але за 10 гадоў службы ў Магілёве – іх многія  тысячы. І кожны такі прадмет таіў пагрозу жыццю. І сапёру, і мірным жыхарам.
У якіх толькі пераплётах ні пабываў афіцэр і якіх толькі дзівосаў ні  наглядзеўся. Людзі старэйшага ўзросту добра памятаюць саламяныя  стрэхі. Пасля вайны шыферу  не было. Дык вось саламяныя  стрэхі ўмацоўвалі зверху да нізу жэрдкамі. У адным доме  ўбачыў, што ў якасці цяжару да  жэрдак прывязаны… баявыя супрацьтанкавыя міны. У другім доме гаспадар выкарыстаў  для слупоў агароджы… двухметровыя снарады ад “Кацюш”. Яны таксама не былі  “бяскрыўднымі балванкамі”. Калі смалілі свіней, машынкі-паяльныя лямпы – спачатку  трэба было разаграваць.  Лепш, калі накіраваць іх вогненны  струмень на металічны прадмет. Адзін вясковец скіраваў полымя на  балванку, якой аказаўся буйнакаліберны снарад. Гаспадар пайшоў у  хату, пакуль лямпа разагравалася.  Тут і шыбанула… Не стала і вугла  хаты, і дзеда… Бывала, мужыкі кляпалі косы на снарадах. Многія падрываліся, што  асабліва крыўдна, гінулі дзеці. Такіх гісторый ветэран расказаў  многа. І ніхто тады за размініраванне  не плаціў як цяпер, і адгулы не даваў.  І нават узнагарод не давалі, хоць не раз прадстаўлялі. Ад цямна да цямна  працавалі, рызыкавалі жыццём.  – А сёння, – гаворыць Тадэвуш  Баляслававіч, – часта бачу, як некаторыя афіцэры гадзін пад дзевяць  ідуць на службу, а са службы, – калі  і рабочы час яшчэ не закончыўся. Лёс афіцэра зводзіў, праўда, ускосна з вядомымі людзьмі. На Магілёўшчыне жыла сястра маршала  Якубоўскага. Відаць, паскардзілася  брату, што ў яе разваліўся калодзеж. Выклікае камандзір палка Тадэвуша і загадвае ўсё праверыць,  разведаць. – Я выканаў загад, – расказвае  ветэран, – далажыў. На абсталяванне новага калодзежа паслалі салдат  і прапаршчыка. Ды прапаршчык запіў,  работа ішла марудна. Ох і дасталося  тады многім ад маршала. Пасля Магілёва капітана Жукоўскага накіравалі ў Падмаскоўе.  Як вопытнага спецыяліста інжынерных войск у складзе дваццаці чалавек накіравалі ў Завідава. Як даведаліся пазней, гэта была рэзедэнцыя Генсека Брэжнева. Афіцыяльна  гучала – біясферны запаведнік  Міністэрства абароны. Начальнік –  генерал, мноства абслугі, якая  даглядала дзікіх звяроў для палявання высокіх персон. Ваенныя  добраўпарадкоўвалі тэрыторыю.  Але як толькі рыхтаваліся да палявання па пятніцах, вайскоўцаў адвозілі з вачэй далей, і вярталіся яны  назад па панядзелках апоўдні. – Брэжнева я не бачыў, – працягвае адстаўны афіцэр, – але расказвалі, што страляў Ільіч не трапна. Снайперы падстройваліся пад  яго стрэлы і валілі дзікоў напавал.  Быў і такі выпадак, калі абслуга запаведніка паскардзілася на нізкую  зарплату, далажылі Генсеку. І, як  расказваў генерал, начальнік запаведніка, калі законных падстаў павялічыць зарплату не аказалася,  вырашылі мужыкам прысвоіць  званне “прапаршчык”. У іх зарплата тады была прыстойная. Дзіўна  было бачыць доўгабародых прапаршчыкаў зусім не вайсковай постаці.
Пасля трохмесячнай камандзіроўкі на брэжнеўскую дачу, у 1976  годзе трапіў афіцэр у Слонім, дзе  служыў тры гады начальнікам інжынернай службы танкавага палка, потым пяць гадоў служыў у Венгрыі і  зноў вярнуўся ў Беларускую ваенную  акругу, дзе і закончыў кар’еру ў чыне  падпалкоўніка. Цікава, што афіцэр  ніколі не ўступаў у партыю, бо вельмі  не мірыўся з несправядлівасцю і  фармалізмам, меў свой пункт погляду, за што не раз цярпеў. Аднойчы  генерал хадайнічаў перад камандуючым акругай аб прысваенні Жукоўскаму звання “падпалкоўнік”. Той адмовіў, маўляў, ён – не член партыі.  Давялося Тадэвушу Баляслававічу  стаць кандыдатам у члены партыі – і  званне прысвоілі. Толькі афіцэр адмовіўся стаць членам партыі. Не разжалавалі. Такія былі часы. Не мінула афіцэра і сцежка да  Чарнобыльскай станцыі – пабываў і  там, вядома, не на экскурсіі. Такі лёс   ваеннага інжынера: і ў мірны час, як  у баі. Лёс выбраў сам і ніколі не пашкадаваў пра свой выбар. Як бы цяжка  ні было.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.