Алег Таргонскі: давер людзей да ўлады трэба заслугоўваць канкрэтнай работай

исполком
Па панядзелках з 7.30 раніцы  ў райвыканкаме праходзяць  планёркі, якія праводзіць старшыня райвыканкама. На планёрках абмяркоўваюцца злабадзённыя пытанні, па якіх  прымаюцца рашэнні. Чарговая пачалася з абмеркавання вынікаў агляду-конкурсу супрацьпажарнага стану населеных пунктаў раёна за мінулы год.  Дакладваў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях  Аркадзь Брайчук. Пасля таго, як было аб’яўлена, што аглядавыя камісіі Азярніцкага, Новадзявяткавіцкага і Дзеравянчыцкага сельскіх Саветаў прызнаны пераможцамі, а работа камісій  Міжэвіцкага, Азгінавіцкага, Сянькоўшчынскага сельсаветаў  прызнана недастатковай, старшыня райвыканкама Алег  Таргонскі катэгарычна не пагадзіўся найперш з фармуліроўкай  “недастатковай”. “ Як можна лічыць работу недастатковай, калі  людзі загінулі ў агні, работа была нездавальняючая, —  падкрэсліў кіраўнік раёна. — І ў рашэнні трэба назваць канкрэтныя прозвішчы, хто недапрацаваў”.
Канкрэтыкі запатрабаваў Алег Таргонскі і па наступным пункце парадку дня: аб арганізацыі вадаёмаў для пажарных патрэб.
Нядаўна ў Глоўсевічах здарыўся пажар. Калі выратавальнікі  прыехалі за вадой спачатку да адной, потым да другой воданапорных вежаў, дык не маглі яе ўзяць — вада перамерзла.  Знайшлі яе толькі за 7 км у вадаёме. Аб якой аператыўнасці ў  гэтым выпадку можа ісці размова?..
На сёння са 147-мі вёсак раёна ў 22-х няма вадаёмаў для пажарных мэт. А. Брайчук прапанаваў праграму абсталявання такіх  вадаёмаў і гідрантаў на 2 гады, аднак старшыня райвыканкама  запатрабаваў правесці работу ў больш сціслыя тэрміны. Кіраўнік  раёна лічыць мэтазгодным абсталяваць воданапорныя вежы  адпаведнымі кранамі, дзе можна ўстанавіць дадатковыя гідранты,  а да шматлікіх вадаёмаў раёна зрабіць у першую чаргу зручныя  пад’езды. Як кажуць, усё проста, разумна і танна. Пры гэтым за кожным пунктам выканання рашэння павінен стаяць не СВК, РУПС і  г.д., а канкрэтны выканаўца, з якога можна затым спытаць. З прыходам да кіраўніцтва раёнам Алега Таргонскага ў практыку ўводзіцца навіна: усе скаргі, якія паступаюць у райвыканкам ці ў вышэйстаячыя інстанцыі, будуць абмяркоўвацца на  планёрках.
— Калі чалавек не ідзе да нас, а піша ў вышэйстаячую  інстанцыю, — гэта мінус усім нам, — падкрэсліў Алег Таргонскі.  — Гэта трывожны званочак.
Безумоўна, ніхто нікому не забараняе звяртацца ў вышэйстаячыя інстанцыі. Але нямала такіх скаргаў, якія можна і трэба  вырашаць на месцы. На планёрцы былі агучаны тры скаргі. Коратка іх сэнс такі:  суседзі не могуць падзяліць плот; у некаторых гарадскіх кватэрах бывае холадна; не адрэгуляваны рух аўтобусаў да дзіцячай  паліклінікі, а ў самой паліклініцы хутка абваляцца балконы.  Факты ў “суседскіх разборках”, як выявіла спецыяльная  камісія, у скарзе значна перабольшаны. Ці не лепш суседзям  жыць па-людску і паважаць адзін другога, ды не адрываць людзей ад работы праверкамі такіх “скаргаў”?
З цяплом складаней. Апусціўся слупок тэрмометра да нейкіх  -20 градусаў — і раптам недзе вада перамерзла, у некаторых  кватэрах стала холадна. Гэта найперш нечыя недапрацоўкі і, як  падкрэсліў А. Таргонскі, вінаватыя будуць несці адказнасць.  Наогул камунальшчыкі павінны ведаць, у якіх кватэрах холадна. І калі патрэбна ўцяпляць дамы, дык гэта трэба зрабіць. На  ўсё адразу сродкаў і сіл, вядома, не хопіць. Але людзям трэба  сказаць канкрэтна: сёння зробім ваш дом, заўтра — ваш. Такую  задачу паставіў кіраўнік раёна перад службовымі асобамі.

Пасля абмеркавання “аўтобуснай” праблемы высветлілася:  за дзень да паліклінікі заходзяць аўтобусы 30 разоў. І скаргаў  на іх рух, як сказаў дырэктар аўтапарку № 3 Сяргей Скок, не  было. На прыпынку аўтобус стаіць 5-7 мінут. Мерзнуць з дзіцём  на прыпынку сэнсу няма: з паліклінікі (дзе ёсць месца пачакаць)  прыпынак бачны і хады да яго мінута-дзве. Наконт балконаў.  Спецыялісты з Брэста іх абследавалі і заключылі: балконы надзейныя. А тынкоўка, што месцамі адвалілася, будзе адноўлена  з першым цяплом.
Вядома, дзіцячая паліклініка знаходзіцца не ў вельмі зручным месцы. Але яе трэба было пераводзіць з аварыйнага будынка.
На планёрцы абмеркаваны і другія пытанні. У бліжэйшы час  будзе зроблен аб’езд усіх гаспадарак раёна і падвядуць вынікі  работы сельгасвытворцаў за студзень. Калі ж зайшла размова  аб тым, што ў выхадныя ў адной з гаспадарак упаў надой малака, старшыня райвыканкама запатрабаваў спагнаць страты  з канкрэтных вінаватых. І яшчэ на адну акалічнасць звярнуў  увагу падначаленых кіраўнік раёна: тое, што ў горадзе будуюць аб’екты не мясцовыя інвестары — нядрэнна, але трэба  весці з імі палітыку так, каб падаткі ад іх дзейнасці паступалі  найперш у бюджэт раёна.

Васіль АФАНАСІК. 

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.