Алег Таргонскі: Упэўнены, што сітуацыю выправім

Малако — стратэгічны для рэспублікі прадукт. Не маючы багатых прыродных рэсурсаў, маючы некаторыя праблемы са збытам прамысловай прадукцыі, за нашым малачком існуе чарга з імпарцёраў. Да таго ж малако на сёння  — адна з асноўных крыніц даходаў і, як следства, — аснова дабрабыту і сельгаспрадпрыемства, і селяніна.
На жаль, справы ў малочнай галіне раёна далёкія ад жадаемых. Па тэмпах спаду вытворчасці малака раён — “перадавік”  у вобласці. На сёння сярэднясутачны надой ад каровы складае  па раёну 11,3 кг малака, а ў некаторых гаспадарках значна менш.
Добры гаспадар пры сутачным удоі малака менш 15 кг, карову  выбракоўвае. Парадаксальная загана яшчэ і ў тым, што за  апошнія гады ў развіццё малочнай жывёлагадоўлі ўкладзены  велізарныя сродкі (будаўніцтва сучасных комплексаў і рэканструкцыя ферм), а аддачы няма. І асноўная, бадай, прычына  такога становішча ў тым, што дойны статак не рыхтавалі загадзя да “панскіх” умоў утрымання, а заганялі ў новыя даільныя  залы тую жывёлу, што была, абы хутчэй запоўніць ферму. Невыпадкова стан жывёлагадоўлі не задавальняе новага  кіраўніка раёна Алега Таргонскага, і ён запатрабаваў штомесяц  пачаргова на базе адной з сельскагаспадарчых арганізацый  падводзіць вынікі работы.
Першы такі семінар-нарада адбыўся ў сельгаспрадпрыемстве “Новадзявяткавічы”. Убачанае на фермах некалі перадавога саўгаса “Слонімскі” занепакоіла. І гэта мякка кажучы.
У новую Акунінаўскую ферму ўкладзена 11 млрд. рублёў. А  дояць сёння тут па 8,2 кг малака ад каровы (вядома ж, галоўны  паказчык — валавы надой, але і ён падае). Карова-“рэкардсменка”  на ферме дае…16 кг малака. Памятаеце, мы згадвалі пра дбайнага гаспадара. Ужо непрывабны знешні выгляд рагуль сведчыў  пра іх фізіялагічны стан і прадуктыўнасць…
Калі пабывалі на другіх фермах, то малюнак быў амаль такім  жа. Усюды — сыра, кармы не збалансаваныя. Камбікармоў не  хапае, але і тыя што ёсць, трацяцца марна пры такой  прадуктыўнасці. Нават у кароўніку сухастойных кароў (якім  неўзабаве цяліцца) няма ні ўтульнасці, ні чысціні. Як, дарэчы, не  наладжан гаспадарскі догляд цялят. Рознага ўзросту, яны скучаны, месцяцца ў клетках памяшканняў, якія не праветрываюцца.  Якая ж кароўка вырасце з недагледжанага як след цяляці? Вядома ж, за кожнай справай, добрай ці дрэннай, стаяць  людзі. Але каго назваць з РУСП “Новадзявяткавічы”, калі тут  кіраўнікі мяняліся, як малюнкі ў калейдаскопе. Да таго ж кармоў  у мінулыя гады не было, племянная работа практычна  адсутнічала.
Пры падвядзенні вынікаў у новадзявяткавіцкім клубе дэталёва прааналізавалі стан малочнай жывёлагадоўлі. Гаварылі  пра рэзервы. Для большасці гаспадарак праблемнымі застаюцца пытанні ўтрымання жывёлы, кармленне і работа з маладняком. Велізарныя сродкі трацяцца на вынік безгаспадарчасці —  лячэнне жывёлы. Здаровы прадуктыўны статак атрымаць праблематычна, бо здача выбракаваных кароў апярэджвае ў многіх  гаспадарках увод у асноўны статак нецеляў. Вялікім застаецца  працэнт выбракоўкі цялушак з груп узнаўлення статку. І зноў  праблема ў галоўным — няма належнага догляду за маладняком. Няма дысцыпліны, няма запыту з вінаватых. Крайняга шукаць — не лепшы вынік. Лепш грамадой, як рабілі сяляне  заўсёды, дружна ўзяцца за справу і выправіць хібы. Падводзячы вынікі нарады, кіраўнік раёна Алег Таргонскі  сказаў: — Мы павінны ўстанавіць дакладны дыягназ праблемы, каб  ведаць, як яе лячыць. Усялякае затушоўванне недахопаў прывядзе толькі да большых страт. Сітуацыя ў малочнай галіне раёна сёння вельмі складаная, але не крытычная. Я ўпэўнены,  што разам мы выправім становішча. Людзі ў нас у асноўным  працавітыя. І трэба толькі правільна арганізаваць работу на  кожным рабочым месцы, як таго патрабуе тэхналогія ўтрымання  і кармлення жывёлы. Напрыканцы старшыня райвыканкама даў  рад канкрэтных даручэнняў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў  і спецыялістам сельгасупраўлення.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.