Да жыццёвай праблемы грамадзян — як да сваёй уласнай

Чарговая планёрка ў райвыканкаме пачалася з прыемных навін: па выніках работы за мінулы год калектыў цэнтральнай раённай бальніцы прызнаны лепшым у вобласці  ў сваёй намінацыі, дарэчы, як і Вялікашылавіцкі ФАП.  Лепшай у вобласці названа і сацыяльная служба раёна.  Каманда Слонімскага райвыканкама прыняла ўдзел у  “Гродзенскай лыжні” ў Навагрудку і заняла трэцяе месца,  уступіўшы толькі гаспадарам трасы і камандзе аблвыканкама.
На нарадзе быў прыняты шэраг іншых рашэнняў.  Вырашана кампенсаваць затраты лясгасу і таварыству паляўнічых, якія займаюцца адстрэлам дзікоў у сувязі з пагрозай  разносу афрыканскай чумы. Выканкам таксама зацвердзіў праграму будаўніцтва і рэканструкцыі аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры на гэты год.  У яе ўключаны 53 аб’екты, на якія спатрэбіцца 20 млрд. рублёў  (праграму мы апублікуем у бліжэйшых нумарах газеты).  Старшыня райвыканкама Алег Таргонскі высветліў, ці ўключаны ў яе самыя неадкладныя аб’екты. Бо за ўсё, як кажуць,  адразу не возьмешся, не хопіць ні сіл, ні сродкаў. Атрымаўшы  ад сваіх падначаленых станоўчы адказ, кіраўнік раёна праграму прапанаваў зацвердзіць, што і было зроблена.
Як і на папярэдняй планёрцы, былі абмеркаваны допісы  грамадзян. Жыхар з мікрараёна “Альбярцін” узняў многа пытанняў: маўляў, у мікрараёне быў клуб, была мастацкая самадзейнасць, — цяпер няма; не задавальняе рух аўтобуса трэцяга маршрута; чаму закрылі будынак станцыі на чыгунцы, магазін на Баранавіцкай вуліцы, аптэку, чаму ў мікрараёне няма  каналізацыі, чаму ў электрасетцы “скача” напружанне?
Па ўсіх пытаннях службовыя асобы далі тлумачэнні. Што датычыцца культуры, аптэчнага і гандлёвага абслугоўвання, дык  у мікрараёне ёсць і цэнтр адпачынку, і бібліятэка, ёсць дзве аптэкі, некалькі магазінаў. Да ўсіх адлегласць невялікая, ніякія сацыяльныя нормы тут не парушаюцца. Калі гаварыць пра каналізацыю, то праблема існуе. Але, на жаль, на сёння каналізавана толькі 63% горада, ёсць у горадзе нямала праблемных вуліц  як і ў Альбярціне. Пытанне ўзята на кантроль. Што датычыцца  электрычнасці, то цяпер у мікрараёне ідзе замена электралініі.  У першым квартале работы павінны завяршыць. Зноў узнікла праблема цяпла ў дамах на вуліцы Яршова.  Старшыня райвыканкама ў чарговы раз настойліва параіў службовым асобам адносіцца да любой жыццёвай праблемы грамадзян, як да сваёй уласнай. Запатрабаваў, каб пры разглядзе пытанняў не перакладвалі на кагосьці свае абавязкі. Мнагадзетная сям’я ўзняла жыллёвую праблему, якая, на  жаль, звязана і з праблемамі ва ўзаемаадносінах са сваякамі.  У райвыканкам сям’я не прыйшла, а напісала пісьмо ў  вышэйстаячую інстанцыю. Алег Таргонскі параіў падначаленым сустрэцца з сям’ёй, дэталёва вывучыць сітуацыю і падказаць, як дапамагчы людзям. Таксама быў абмеркаваны рад пытанняў паўсядзённай  работы аддзелаў, упраўленняў і арганізацый.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.