Іх з’яднала бяда

+++++++IMG_1635

25 гадоў назад праз мост Дружбы на Амудар’і  прайшлі апошнія калоны савецкіх войск, што  выводзіліся з Афганістана. Яны выканалі інтэрнацыянальны абавязак. Вайна для нашых хлопцаў закончылася. Толькі і сёння нясцерпна паліць яна памяццю, шчыміць сэрцы маці, чые  сыны вярнуліся дамоў “чорным цюльпанам”,  слязацца вочы жонак, што ў ружовай маладосці,  на ўзлёце мар і кахання, сталі ўдовамі… 723 ураджэнцаў Беларусі загінулі ў Афганістане, 12 —  прапалі без вестак. Чатыры разы за вайну “груз  200” трымаў курс на Слонімшчыну…
Чарговая гадавіна той вайны. Старшыня райвыканкама Алег Таргонскі прапаноўвае запрасіць у райвыканкам не некалькі воінаў-інтэрнацыяналістаў, як звычайна бывала, а ўсіх, хто зможа прыйсці. Прыйшло  многа, бо многа нашых землякоў зведала боль Афганістана. Чатыры жанчыны ў гэты дзень неразлучныя  — яны, як адна сям’я, іх з’яднала гора. Мамы Сяргея  Мысліўца, Уладзіміра Комлева, Анатоля Скока, удава  Івана Ясюкевіча (яшчэ два воіны-землякі Анатоль Супрун і Мікалай Кузьміцкі пахаваны за межамі  Слонімшчыны) расказваюць, што разам ім лягчэй пераносіць гора.  Найцяжэй, калі бацькі хаваюць дзяцей…
Кіраўнік раёна не рабіў прамову, уступным словам запрасіў  да шчырага, адкрытага дыялога: пра жыццё, праблемы. Вядома  ж, усплыла тэма ўстаноўкі памятнага знака ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў, пра які гаворана шмат, а яго няма. Алег Таргонскі  цвёрда паабяцаў: сёлета знак будзе. Наконт месца яго ўстаноўкі  дыскусіравалі: “Энка”, сквер на вуліцы Пушкіна. Вырашылі: апошняе слова за мамамі, чые сыны загінулі. Мамы сказалі: “Ля Вечнага агню на вуліцы Пушкіна”. Цяпер, дарэчы, Вечны агонь будзе гарэць, так сказаў новы кіраўнік раёна.
Пасля сустрэчы са старшынёй райвыканкама воіны-інтэрнацыяналісты накіраваліся ў сквер у мікрараён “Энка”, дзе традыцыйна праходзіць мітынг у памяць аб  воінах-інтэрнацыяналістах. Удзельнікі мнагалюднага мітынгу ўславілі подзвіг воінаў,  хвілінай маўчання аддалі даніну памяці ахвярам той вайны. Да памятнага знака ўсклалі вянкі і кветкі.
У гэты ж дзень у школе мастацтваў на  вуліцы Пушкіна ўшанавалі мамаў і ўдаву,  загінуўшых воінаў, герояў Афганскай вайны.  Узнагароджваў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі, ён жа  сказаў пранікнёныя словы пра воінаў, якія былі верныя прысязе,  і пажадаў, каб ніколі нашы бацькі не хавалі дзяцей. Старшыня  раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў Аляксандр Высоцкі атрымаў пагоны падпалкоўніка запасу.
Выкладчыкі школы падрыхтавалі канцэрт, у які як нельга лепш  упісаўся верш юнага ўнука Івана Ясюкевіча, які не бачыў свайго  дзеда — “Мой дед погиб в Афганистане». Памяць аб нашых суайчынніках жыве ў нашых сэрцах. І будзе жыць — па-хрысціянску гэта. У царкве, што ў Альбярціне, куды  прыехалі воіны-інтэрнацыяналісты, адбыўся малебен за ўпакой  загінуўшых, за здароўе тых, хто вярнуўся з той вайны.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.