Старшыня райвыканкама гатоў выслухаць кожнага

У мінулы чацвер прайшоў чарговы дзень інфармавання  насельніцтва. Абласная інфармацыйная група, якую  ўзначальваў намеснік старшыні аблвыканкама Ігар Жук, пабывала ў калектыве вінзавода. Адкрыў сустрэчу з вінаробамі  старшыня райвыканкама Алег Таргонскі. Алег Мечыслававіч  адзначыў, што размова пойдзе пра вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за мінулы год, задачах на гэты  год і аб маючых адбыцца 23 сакавіка выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. Кіраўнік раёна папрасіў прысутных у зале  падключыцца да размовы, каб яна насіла характар жывога  дыялогу. Як чалавеку новаму на Слонімшчыне, Алегу Таргонскаму вельмі важна ведаць настрой і праблемы людзей.
Бо толькі сумесна працуючы – уладзе і выканаўцам – можна  дабіцца эфектыўнасці і ў эканоміцы, і ў сацыяльнай сферы.
А гэта – аснова стабільнасці грамадства, аснова дабрабыту кожнага чалавека.
Аб выніках развіцця раёна ў 2013 годзе расказала начальнік  упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Кацярына Руткоўская. Тэму выбараў акрэсліў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Валерый  Бадзей (матэрыялы па гэтых тэмах былі змешчаны ў папярэднім  нумары нашай газеты).
Перад вінаробамі выступіў Ігар Жук. Ён прадоўжыў тэму  выступленняў папярэдніх прамоўцаў і акцэнтаваў увагу на  актуальнасці развіцця мясцовага самакіравання, асновай якога з’яўляюцца мясцовыя Саветы дэпутатаў. Прыкладна на 90%  усе аспекты жыцця грамадства, людзей канкрэтнага рэгіёна залежаць ад мясцовых органаў улады – раённых, абласных. І ад  таго, якія мясцовыя Саветы мы выберам, напрамую залежыць  развіццё рэгіёна. Вядома, любая думка, калі яна для агульнай карысці, важная. Але ж часта апаненты ўлады радасна  паціраюць рукі, калі нешта ва ўлад не атрымліваецца.
Не памыляецца той, хто нічога не робіць (хоць лайдацтва –  найбольшая памылка). Але ці па-хрысціянску – жадаць няўдачы  бліжняму. Ды ці не лепш, урэшце рэшт, імкнуцца паўсядзённымі  добрымі справамі заваёўваць аўтарытэт у людзей, а не нагадваць пра сябе “гучнымі” словамі напярэдадні выбараў…
Выступіў перад прысутнымі і старшыня райвыканкама. Алег  Мечыслававіч падкрэсліў, што ў мінулым годзе, зроблена нямала. Але нельга сёння ні прыхарошваць сітуацыю, ні тым  больш утойваць недахопы. Валаўтвараючыя прадпрыемствы  – ААТ “СКПЗ “Альбярцін”, ААТ “Слонімскі мясакамбінат” – у  мінулым годзе мелі страты, а сельская гаспадарка была найменш эфектыўнай у вобласці. Хаця сітуацыя тут не безнадзейная, і першыя крокі па яе стабілізацыі ўжо робяцца. Кіраўнік раёна яшчэ раз адзначыў, што не трэба чакаць “дажынак”, а трэба настойліва працаваць і ўладзе, і вытворчым калектывам над  рашэннем важных для рэгіёна задач. Прычым дзейнасць улады  павінна быць празрыстай: даў слова – зрабі, не можаш зрабіць – чэсна скажы людзям чаму.
Алег Таргонскі падкрэсліў, што ў сацыяльнай сферы прыярытэт будзе аддавацца найбольш праблемным аб’ектам (дамам, якім патрэбна цеплавая рэабілітацыя; вуліцам, якім найбольш неабходны рамонт, і г.д.). З новабудоўляў кіраўнік раёна завастрыў увагу не на Лядовым палацы, а на водным.  – Не абяцаю, што мы ў бліжэйшы час пабудуем водны палац,  – сказаў Алег Мечыслававіч. – Але пачалі актыўныя перагаворы з магчымымі інвестарамі.
Вінаробы задалі гасцям многа пытанняў, якія ў большасці  датычыліся канкрэтных сацыяльна-бытавых праблем. Пры  сур’ёзным абмеркаванні некаторых пытанняў “праскоквалі” жарты па тэме, што выклікала здаровы смех у зале. Як падмеціў  Алег Мечыслававіч, людзі – аптымісты, пачуццё гумару разумеюць, – значыць, дыялог удаўся. Чаго і хацелася дасягнуць. Узаемаразуменне – аснова для эфектыўнай работы. У той жа дзень Алег Таргонскі на чале раённай інфармацыйнай  групы сустрэўся з педагогамі гімназіі № 1. Нефармальны дыялог атрымаўся і тут. Кіраўнік раёна пазнаёміўся з яшчэ адным  калектывам, яго дасягненнямі, праблемамі. А педагогі адчулі  шчырае імкненне да супрацоўніцтва.  Ужо тое, што старшыня райвыканкама назваў нумар свайго  мабільнага тэлефона, па якім любы чалавек можа пазваніць і  расказаць пра свае праблемы, гаворыць пра многае…

Васіль АФАНАСІК.

0

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.