У Навасёлках даўно не было навасёлаў

+++++++++++++++IMG_0997

Марозны з ветрам дзень не вельмі ўражваў навакольнымі малюнкамі. Хацелася згарнуцца “калачыкам” і паляжаць у цёплым пакоі каля тэлевізара ці пасядзець з цікавай кніжкай і кубачкам кавы. Мабыць, такі няўзнёслы настрой у такое надвор’е бывае ў многіх людзей. Таму праязджаючы праз вёсачкі нашага раёна, якія здаваліся крыху панурымі і маўклівымі, не прагналі зімовую хандру нават адзінокія прахожыя…

А вось і Навасёлкі, што ў Васілевіцкім сельсавеце, куды cпецыяльна намецілі свой маршрут. Невялікая вёсачка знаходзіцца ў чыстым полі і з усіх бакоў абвяваецца вятрамі. Гэтая  назва неяк настроіла на тое, што хутка нешта пацешыць нас, хаця навокал ні душы. І вось раптам усе  ажывае. Прама на ганку аднаго з дамоў стаіць бюст Пушкіна.
– Нічога сабе, – усклікваем у адзін  голас і прытарможваем каля такой  нечаканасці. Прымаем рашэнне –  зайсці ў госці. Толькі нашу зацікаўленасць спыняе зачыненая брама. І ўжо  вясковая жыхарка Галіна Паўлаўна  Грынчук тлумачыць, што гаспадар у  гэтым доме бывае наездам, а такая  каштоўнасць была нядаўна ім знойдзена на сметніку. Відаць, ён упэўнены, што гэтае дабро нікому не  спатрэбіцца, таму бюст стаіць непрыкрыты. Але ж ён даставіў скульптуру са сметніка дамоў, значыць, яго  зацікавіла такая знаходка. І ўсё-такі  карціць даведацца, што з ёй будзе  далей.
Першая наша субяседніца расказала, што ў вёсцы засталося зусім  мала людзей, менш чым дваццаць  чалавек, і ўсе старыя, у асноўным адзінокія. Галіна Паўлаўна ўжо трынаццаць гадоў пасля смерці маці жыве  адна ў бацькоўскім доме, які “па ўзросту” з’яўляецца адным са старэйшых. У вайну ўся вёска згарэла. Засталося тры дамы: гэты і яшчэ два на  другім канцы вёскі. Домік Галіны  Паўлаўны выглядае добра, дагледжаны. Відаць па ўсім, што яго  гаспадыня вельмі дбайная і акуратная. Увесь час усмешка не зыходзіла  з яе твару. А падкупіла яна тым, што  на жыццё не скардзілася, не плакалася. Толькі гаварыла: у мяне ўсё добра. Яе адзіноту штодзённа па вечарах развейвае тэлевізар, між іншым,  за гэтым заняткам праводзяць вечары  і ўсе астатнія вяскоўцы. Часта яны  збіраюцца на пасядзелкі, каб падзяліцца навінамі ад дзяцей, якія атрымліваюць сярод тыдня па тэлефонах (яны ёсць у кожнай хаце), а яшчэ  некаторыя вяскоўцы карыстаюцца  мабільнай сувяззю.
Мінуць гэты жоўты домік проста  немагчыма. Шыльда на ім так і маніць  – “Дом узорнага парадку”. Адкрываем  калітку і апыняемся ў сапраўды  ўтульным і вельмі чыстым дворыку:  снег акуратна змецены са сцежкі, усё  прыбрана на гародчыку, радком стаяць калодзеж і хлеўчукі.
На парозе нас сустрэлі гаспадар і  гаспадыня Аляксандр Аляксандравіч  і Ганна Юфімаўна Галенкі. Ён – з Парэчча, яна – з Украіны, а пазнаёміліся  на цаліне. Ажаніліся і доўгі час жылі  ў Казахстане. У Навасёлкі разам з  дзецьмі прыехалі 21 год таму.
– Цяжка было першы час, – гаворыць Ганна Юфімаўна. – Здавалася,  што па асобку ўсе жывуць, хмурныя,  ніхто не ўсміхнецца адзін аднаму. Я  нават плакала, так было няўтульна. З цягам часу вёска перастала здавацца чужой, Галенкі пазнаёміліся з  усімі і асвоіліся, цяпер адчуваюць сябе тут па-свойску.
Займелі гаспадарку, уладкавалі  быт, а калі прыйшоў час, адсюль,  пасталеўшы, раз’ехаліся іх дзеці, а  самі гаспадары некалькі год таму  адсвяткавалі тут залатое вяселле.
– Ці адведваюць вяскоўцы адзін  аднаго? – пытаемся ў гаспадароў.
– Не часта. Толькі глянеш на комін – дым ідзе, ага, значыць – жывыя,  можна не турбавацца, – адказвае гаспадыня.
– А як жа вы бавіце час?
– Тэлевізар, карты, даміно –  вось і ўсе забаўкі, – усміхаецца  Ганна Юфімаўна.
Падчас размовы гаспадынька ўсе наглядала за печчу, якую  якраз тапіла. Мы з марозу адразу адчулі цеплыню натопленай  вясковай хаты і пацікавіліся, адкуль дровы?
– Дровы заказваем. Тут няма  праблемы, абы толькі грошы  былі. Тры кубы на ўсю зіму хапае, – гаворыць Аляксандр  Аляксандравіч.
Па словах вяскоўцаў, няма  праблем і з тым, каб набыць прадукты.
Аўталаўка два  разы на тыдзень  прыязджае ў вёску,  там і мяса, і малако, і хлеб, і  прысмакі на розны  густ. А вось бульбу  і іншую гародніну  сваю маюць. А калі  што-небудзь  асаблівае  спатрэбіцца, тады  Галенкі сядаюць у  свой “Масквіч”, і  раз-два і ў Слоніме.  Усё неабходнае  купяць, ды і пра  суседзяў не забудуцца, абавязкова  ўсе іх просьбы выканаюць.
Адно толькі, па іх словах, патрабуе  пераменаў – дарога. Дарога толькі летам добрая, калі  сухое надвор’е, і ў маразы (дарэчы,  узімку дарога не запушчана, трактары  добра снег расчышчаюць – гэта і гаспадары падцвердзілі, і мы на свае  вочы бачылі).
– Вось каб асфальт палажыць у  вёсцы, тады круглы год можна будзе  з камфортам па ёй хадзіць і ездзіць,  – мараць вяскоўцы.
А так, па словах Ганны Юфімаўны,  усе добра. Крыўды няма ніякай. Вяскоўцы расказалі, што ў цэлым  жывецца ім нядрэнна. Людзі кажуць,  што на ежу і лекі грошай хапае, адзенне таксама ёсць, хаця б толькі данасіць яго пасля дзяцей. Крыху трацяцца на дровы, каб зімой было чым  паліць печы. Адзінокім вяскоўцам  мясцовыя гаспадарка і сельскі Савет  бясплатна завозяць бульбу. Агароды  некаторым дапамагаюць пасадзіць  дзеці. Наогул, Навасёлкі для многіх  улетку становяцца дачай. Практычна  каля кожнага дома стаяць машыны,  а да бабуль на ўсё лета з’язджаюцца  ўнукі. Толькі так ажывае вёска, і хоць  чым-небудзь нагадвае ранейшую.
Праўда, не ходзяць тут кароўкі і не  так актыўна кукарэкаюць пеўні і кудахчуць куры.
Пастарэлі Навасёлкі, ужо даўно  няма навасёлаў. Праўда, апошняе вяселле згулялі тут дзесьці год назад.
Цяпер старэнькія людзі нават  аб’ядноўваюцца ў адну сям’ю, як гэта  зрабілі сёстры Соф’я Уладзіславаўна  Гаргосава и Канстанцыя Уладзіславаўна Калеснікава. Апошняя моцна  хварэе і ў дадатак зламала нагу. Мае  чацвёра дзяцей, але ўсе яны яшчэ  працаздольнага ўзросту і няма каму  даглядаць маці. Блага, сёстры ўсё  жыццё пражылі вельмі дружна, і цяпер старэйшая даглядае малодшую.  У доме месца хапае на ўсіх, нават калі прыязджаюць дзеці. Родная цётка  нікому з іх не стала абузай. Ёй таксама падабаецца жыць у сястры. “Але  ўсё-такі хочацца ў сваю хатку”, –  прызнаецца жанчына, і з надзеяй чакае вясну, марыць устаць на ногі, каб  хоць як-небудзь сябе абслужыць. А  потым адрамантуе печку ў сваім доме. У сельсавеце паабяцалі знайсці  печніка, а з боку жанчыны спатрэбіцца  знайсці памочніка майстру. І каб не  балела ў маці галава наконт печкі, думаем, што дзеці знойдуць час, каб  дапамагчы вырашыць гэтую праблему. Хочацца, каб сёстры і далей былі  такімі дружнымі. Усё-такі ў роднай вёсачцы ўдваіх значна лепш, чым у гарадскіх кватэрах дзяцей.
Кожны вясковы жыхар цікавы пасвойму. Падабаюцца вяскоўцы за тое,  што яны не страцілі нашай беларускай адметнасці – шчырасці, ветлівасці  і даверлівасці. Дзверы іх дамоў адкрыты нават для  незнаёмых людзей. І вельмі хочацца, каб у  гэтыя дамы заходзілі толькі добрыя людзі і з  добрым намерам.
Напрыклад, зайшоўшы ў дом да Кацярыны Дзмітрыеўны  Саванец убачылі, што  яна вельмі заўзята  шчыравала каля калаўротка за прадзеннем  кудзелі. Калісьці яна ткала сабе дываны, цяпер  прадзе толькі ніткі для  вязання шкарпэтак. Яна  вяжа для ўсіх дзяцей.  Нават паказала нам звязаныя рэчы. А мы парадаваліся, што вяскоўка ў  81 год можа займацца  такой справай. Канешне,  як і ўсіх старых людзей,  яе турбуюць многія хваробы, асабліва баліць  сэрца. Перажыла жанчына смерць сына і другіх блізкіх людзей, але па  ўсім бачна было, што ёй  пра гэта балюча гаварыць, таму яна  хутка пераключылася на жывых. Менавіта дзеля іх Кацярына Дзмітрыеўна  стараецца жыць, каб радавацца імгненням сустрэчы з дзецьмі, якія не забываюць сваю маці. Яна задаволена  іх поспехамі. Унукі добра ўладкаваліся  ў жыцці, маюць нядрэнныя пасады.  Гэтыя навіны заўсёды радуюць жанчыну, а калі робіцца сумна, возьме  пачытае газеты, паглядзіць тэлевізар,  сядзе за прадзенне. І памяць у Кацярыны Дзмітрыеўны добрая. Яна выдатна памятае вайну, расказала і нам  асобныя эпізоды. Гасцінныя людзі ў нашых вёсках.  Ад шчырага сэрца прапаноўвалі нам  чай. А галоўнае, вельмі хочацца  прывесці іх у прыклад усім нам: вучыцеся быць такімі, як яны – адкрытымі,  шчырымі і спагадлівымі. Гэта вельмі  важна. Жыць тады лягчэй. Навасёлкі пакідалі ўжо з другім настроем. Канешне, не радуе, што адміраюць неперспектыўныя вёсачкі,  знікае іх каларыт. Але ёсць у іх пакуль людзі, якія здольны паказаць нам  прыклад, як жыць і не скардзіцца на  жыццё. Можа таму мы павінны імкнуцца да лепшага жыцця і дапамогуць  нам у гэтым сваім прыкладам менавіта гэтыя вясковыя людзі. Мабыць,  для маладых гэта гучыць пафасна.

Аліна ЧАРНЫШ,
Кацярына ВЕСЯЛУХА.
Васіль АФАНАСІК (фота).

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.