На планёрцы ў райвыканкаме

Галоўнае — здароўе чалавека

На чарговай планёрцы разгледжана некалькі пытанняў у рэжыме пасяджэння райвыканкама. У любым працоўным калектыве наймальнік павінен у першую чаргу турбавацца пра здароўе свайго работніка. Прыйшоў чалавек на працу здаровым — такім жа павінен вярнуцца ў сям’ю. Невыпадкова райвыканкам пастаянна адзначае  лепшыя калектывы, дзе ахове працы і прафілактыцы траўматызму надаецца належная ўвага. І патрабуе, каб вопыт  лепшых пераймалі другія.
Па выніках 2013 года па 24-х крытэрыях пераможцамі і  прызёрамі сталі (пераможцы названы першымі): сярод сельгаспрадпрыемстваў — філіял “Паўлава-Агра” ААТ “Слонімскі  мясакамбінат”, СВК “Сянькоўшчына”; сярод прамысловых  прадпрыемстваў — ААТ “Слонімскі мясакамбінат”, ААТ “Упраўляючая кампанія холдынга “Слоніммэбля”; сярод будаўнічых, транспартных арганізацый, прадпрыемстваў сувязі,  матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і збыту, бытавога абслугоўвання і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, устаноў аховы здароўя — ГУП ЖКГ, ААТ “Слонімскі водаканал”, ДП  “Слонімская СПМК-64”; сярод прадпрыемстваў малога і  сярэдняга бізнесу — Слонімскі вытворча-гандлёвы філіял  ААТ “Агракамбінат Скідзельскі”.
Паколькі ў трох групах не вызначаны ўсе прызёры (па ўмовах конкурсу), то прэмія, якая належала прызёрам, будзе  размеркавана сярод пераможцаў. Вядома ж, тыя арганізацыі,  якія дапусцілі факты траўматызму (іх за мінулы год было 6),  аўтаматычна са спаборніцтва выключаліся.

Зарплата — святое

Няма сэнсу лішні раз гаварыць пра важнасць зарплаты  для работніка. Гэта — аснова жыцця, дабрабыту чалавека,  яго сям’і. Наймальнік незалежна ад формы ўласнасці абавязаны згодна з заканадаўствам выплачваць зарплату ў тэрмін,  вызначаны калектыўным дагаворам і іншымі дакументамі.  За мінулы месяц у адной з прыватных будаўнічых арганізацый несвоечасова выплацілі зарплату частцы калектыву, што  паслужыла падставай для сур’ёзнага абмеркавання на  планёрцы ў райвыканкаме.
Канчатковае рашэнне па гэтаму факту, відаць, будзе прынята пасля заключэння інспекцыі працы, але некалькім службовым асобам ужо аб’яўлена вымова.

Куды выкінуць смецце?

Прыродаахоўнікі прапанавалі закрыць звалкі бытавых адходаў каля Дзераўной, Касцянёў і Чапялёва. Калі каля Дзераўной  і Касцянёў ёсць новыя месцы для звалак, дык каля Чапялёва  новае месца не вызначана. Вядома ж, старшыня райвыканкама рэзонна задаў пытанне: куды ж людзям выкідваць бытавыя  адходы? Адказ просты: з’явяцца несанкцыянаваныя сметнікі.  Таму рашэнне па дзвюх звалках прынята, па Чапялёўскай —  адкладзена да вызначэння месца новага міні-палігона.

Замест пераносу — зручны праезд і праход

Трэці раз на планёрцы разглядалася пытанне пераносу  аўтобуснага прыпынку на вуліцы Гагарына ад дома мясцовай  жыхаркі-інваліда. Дарэчы, старшыня райвыканкама сам наведаў жанчыну, пагутарыў з ёю. Пераканаўся, што ўсё там  зроблена згодна з праектам і сацыяльнымі стандартамі. Вядома, пэўныя нязручнасці чалавеку прыпынак стварае, але  калі яго перанесці, нават пры захаванні сацстандартаў, адлегласць да прыпынку складзе для многіх мясцовых жыхароў  да 300 метраў, усё ж многія з апытаных людзей выказалі незадаволенасць магчымым пераносам прыпынку. Таму вырашана пераабсталяваць на больш зручны праезд і праход у  двор да гаспадыні дома, якая паскардзілася на нязручнасці,  якія стварыў прыпынак.

Агароджа знесена

На планёрцы прагучала інфармацыя, што аварыйная агароджа вакол аднаго з аб’ектаў раённага вузла электрасувязі  на вуліцы Карбышава знесена. Цяпер тэрыторыя добраўпарадкоўваецца. Разгледжаны некаторыя іншыя пытанні жыцця раёна.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.