На планёрцы ў райвыканкаме

Не паліце сухую траву. Можа быць бяда

Планёрка пачалася з інфармацыі начальніка райаддзела  па надзвычайных сітуацыях аб тым, як напярэдадні тушылі  пажар ля мікрараёна “Энка” (традыцыйна вясной тут гарыць  сухая трава, полымя шугала да пяці метраў у вышыню). Ад  дыму некаторым мясцовым жыхарам станавілася дрэнна і яны  выклікалі хуткую дапамогу. Нечая нядобрая рука штогод падпальвае траву, ставіць пад пагрозу жыццё людзей.
У чарговы раз нагадваем: выпальванне сухой травы катэгарычна забараняецца, вінаватых у падпалу чакае буйны  штраф.

Факт зафіксаваны. А хто выканаўцы  прадпісанняў?

Як вядома, райвыканкам аб’явіў месячнік па добраўпарадкаванню тэрыторый. Не ўсе прадпрыемствы, арганізацыі, грамадзяне прыступілі да гэтай работы. Работнікі МНС праверылі  ў горадзе і ў вёсках некаторыя домаўладанні, фермы і іншыя  аб’екты. На планёрцы прадэманстравалі фотаздымкі, на якіх  бачны многія факты безгаспадарчасці. Састаўлены прадпісанні. Але старшыня райвыканкама Алег Таргонскі рэзонна падмеціў: трэба канкрэтна вызначыць, хто і ў які тэрмін павінен  убраць смецце, паўразвалены дом і г.д. А то падобныя “краявіды” можна ўбачыць і каля Дома Саветаў, і, напрыклад, каля  памяшкання Азгінавіцкага сельсавета, і ў многіх іншых месцах.  Каб не адбывалася так: прадпісанне выдалі — і забылі пра  яго.

Службы да выбараў гатовы

Як праінфармавалі кіраўнікі міліцыі, райаддзела па надзвычайных сітуацыях і іншых служб, яны гатовы забяспечыць  парадак у час выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў.

Пад кантролем — вясковыя справы

Як вядома, у СВК “Сянькоўшчына” ёсць вялікі комплекс па  адкорму буйной рагатай жывёлы. Маладняк на адкорм пастаўляецца з усіх гаспадарак раёна. Але чамусьці па розных  цэнах. Кіраўнік раёна запатрабаваў ад спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі адладзіць цэнавы механізм.
У чарговы раз старшыня райвыканкама запатрабаваў спаганяць страты з вінаватых за няякаснае малако. Розніца цэн на малако сортам “экстра” і першасортнае значная. А нядаўна  з СВК “Міжэвічы” паступіла на перапрацоўку малако наогул  другога сорту. Размова ідзе не аб продажы, а хутчэй аб здачы  прадукцыі.

Патрэбны лазні

У аграгарадках Сялявічы і Партызанаўка на сёння не працуюць лазні. Старшыня райвыканкама даручыў праз тыдзень  далажыць аб сітуацыі з лазневым абслугоўваннем насельніцтва ў раёне. Лазні павінны працаваць ва ўсіх аграгарадках.

Зрух пласту зямлі

Пасля таго, як каля могілак на вуліцы Ружанская пачала  абсталёўвацца прыватная станцыя тэхабслугоўвання, быў парушаны схіл даволі стромкай гары, і цяпер адбываецца зрух  грунту. Прасцей кажучы, могуць ускрыцца пахаванні.
Кіраўнік раёна абавязаў падначаленых камісійна выехаць  на месца і ўнесці прапановы па ўхіленню ўзнікшай  праблемы.

Хто адрамантуе шахтны калодзеж?

Праблема такая існуе, асабліва ў вёсках. І праблемай гэтай  у раёне ніхто не займаецца. Даручана ГУП ЖКГ арганізаваць  работу па рамонту шахтных калодзежаў. На планёрцы абмеркаваны некаторыя іншыя пытанні.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.