На планёрцы ў райвыканкаме

Выбары прайшлі спакойна

Чарговая планёрка пачалася з інфармацыі старшыні райвыканкама аб выніках выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў.
У цэлым кіраўнік раёна ацаніў выбары як дзелавыя і спакойныя, усё адбылося ў рамках заканадаўства.
— Хаця не абышлося без скаргаў пэўных сіл, якія не мелі  падтрымкі ў грамадстве, — заўважыў Алег Таргонскі.
Старшыня райвыканкама падзякаваў усім, хто праводзіў  выбары і павіншаваў абраных дэпутатаў. (Інфармацыю аб выніках выбараў чытайце ў наступным нумары газеты).

Тэрмін — да 22 красавіка

Мы ўжо расказвалі аб тым, што на могілках на вуліцы Ружанская з-за будаўніцтва прыватнай станцыі тэхабслугоўвання адбываецца зрух грунту. Як далажыў намеснік старшыні  райвыканкама Уладзімір Кот, праблема тут не такая і вострая,  хаця яна існуе. Уласнік СТА абавязаўся схіл могілак умацаваць сеткай, засыпаць чарназёмам і пасеяць траву. На магіле,  дзе адбылося прасяданне грунту, гатоў перакласці плітку.
Работы павінны завяршыцца да 22 красавіка.

Дарога — люстэрка нашай культуры

Старшыню райвыканкама не задавальняе стан прыдарожных палос. Узімку дарожнікі не вельмі патраціліся, бо  сапраўднай зімы амаль не было. Цяпер неабходна актывізаваць і падрэзку кустоў, і ачыстку прыдарожных палос ад  смецця. І не толькі таму, што хутка чэмпіянат свету па хакею,  госці паедуць па нашых дарогах. У нашым доме павінен быць  парадак заўсёды.

Лазні — да 3 ліпеня

На мінулай планёрцы, як мы згадвалі, размова ішла пра  вясковыя лазні, дакладней, пра іх адсутнасць у некаторых  аграгарадках. Дырэктар ГУП ЖКГ Анатоль Новік праінфармаваў, у якой стадыі рамонт лазняў у Сялявічах і Партызанаўцы. Рамонт пачалі і не закончылі. Не па-гаспадарску гэта.  Пасля абмеркавання пытання кіраўнік раёна паставіў задачу: да 3 ліпеня лазні ў згаданых аграгарадках павінны запрацаваць. Складаней з лазняй у Вялікіх Шылавічах. Рамантаваць тую, што была ў Чапялёве, немэтазгодна — яна далёка  ад аграгарадка. Вырашана выехаць на месца і прыняць рашэнне. Магчыма, будзе будавацца модульная лазня. Не выключаны варыянт аднаўлення лазні, што была ў Вялікіх  Шылавічах.

Неабходна закальцоўка цеплатрасы

Усё яшчэ на слыху аварыя ў кацельні камвольна-прадзільнай фабрыкі. Аднаўленчыя работы ідуць.Кіраўнік раёна  паставіў задачу пачаць распрацоўку неабходнай дакументацыі па закальцоўцы сістэмы ацяплення горада, каб не залежыць ад адной кацельні.

Скаргі абгрунтаваны

Жыхары з вуліцы Чарняхоўскага скардзяцца на тое, што  ў іх мікрараёне пачалі добраўпарадкаванне, але потым работы спынілі. Калі на планёрцы паказалі фатаграфіі, на адной з якіх бачна, што пасярэдзіне пешаходнай дарожкі стаіць  апора электраперадач, старшыня райвыканкама запытаў:  “Хто рабіў праект? — і дадаў. — Усё выправіць за кошт вінаватых, а пачатае добраўпарадкаванне, калі не з асфальтаваннем, дык з падсыпкай вуліц, завяршыць да 3 ліпеня”.

Хто сее, а хто назірае…

У раёне пачалася пасяўная, праўда, у некаторых гаспадарках да сяўбы не прыступалі. Кіраўнік раёна паставіў задачу: да 10 красавіка сяўбу ранніх яравых збожжавых завяршыць. Літаральна на гэтым тыдні неабходна падкарміць  азімыя, калі трэба, прыцягнуць авіяцыю.

Рознае

На планёрцы прагучала інфармацыя аб адкрыцці драмтэатра ўбліжэйшую суботу. Абмеркаваны і іншыя пытанні  жыцця раёна.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.