На планёрцы ў райвыканкаме

Ацэнку дасць райвыканкам

Чарговая планёрка ў райвыканкаме пачалася з інфармацыі  супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях пра пажар на вуліцы 17 Верасня і, на жаль, чарговую ахвяру агню —  пятую з пачатку года ў раёне.
Нябожчыкаў не судзяць, але загінуўшы злоўжываў спіртным,  быў не ў ладах з законам, жыў практычна нелегальна, не працаваў. Абставіны, безумоўна, не на яго карысць, і ўжо не раз  падобныя паводзіны другіх людзей прыводзілі да бяды. Чаму ж  такія трагедыі паўтараюцца? У старшыні райвыканкама ўзнікла  нямала пытанняў да многіх служб. Аказваецца, гэты дом на вуліцы 17 Верасня даўно прызнаны  непрыгодным для жылля. А ў ім былі зарэгістраваны (прапісаны)… 14 чалавек. Гаспадыня дома жыве ў Мінску. Дом ператварыўся ў “бамжатнік” ледзь ні ў цэнтры горада. Адпаведныя  службы правяралі дом, але дзейсных мер ніхто не прымаў нават  пасля адключэння электраэнергіі, яе двойчы падключалі самавольна. І здарылася бяда. Загінуў чалавек. Старшыня райвыканкама Алег Таргонскі выказаў незадаволенасць каэфіцыентам  карыснага дзеяння ад праверак домаўладанняў сельсаветамі,  аглядавымі камісіямі, работнікамі раённай службы Міністэрства  па надзвычайных сітуацыях і іншымі. Іх работу кіраўнік раёна  распарадзіўся абмеркаваць на пасяджэнні райвыканкама.

Хто настойлівей?

На планёрцы агучан допіс жыхара вёскі Ісаевічы з просьбай  спілаваць бярозу ў двары на дровы і адрамантаваць печку. Як аказалася, і сельсавет, і сацслужба раёна ўдзяляюць 90-гадоваму вяскоўцу належную ўвагу. Ёсць у яго і дровы, і печку  рамантавалі, дапамогу аказваюць рэгулярна. Але чалавеку хочацца дроў пра запас і бясплатна. Пры тым, што пенсія ў яго  нядрэнная. У той жа час у нас нямала людзей з меншымі магчымасцямі…

Дапаможам дзіцяці

У мінулым нумары нашай газеты была змешчана інфармацыя  пра неабходнасць дапамогі маленькаму дзіцяці, у якога вельмі  рэдкая хвароба і патрэбны немалыя сродкі на лячэнне. Бацька  дзіцяці звярнуўся па дапамогу ў райвыканкам. На планёрцы Алег  Таргонскі папрасіў прысутных, а праз іх усіх слонімцаў, не застацца абыякавымі да чужой бяды. У сваю чаргу райвыканкам на  лячэнне дзіцяці выдзеліць пэўныя сродкі. Таксама па лініі сацабароны сям’і выдзяляецца адрасная сацыяльная дапамога ў памеры больш 10-і мільёнаў рублёў.

Тыдзень на знос плоту

На вуліцы Карбышава ў Слоніме стаіць бетонная агароджа  (аб’ект раённага вузла электрасувязі). Плот не мае эстэтычнага выгляду, даўно нахілены і да бяды недалёка — побач гуляюць дзеці. З 2011 года мясцовыя жыхары б’юць трывогу, а плот  стаіць і ўсё больш нахіляецца. Кіраўнік раёна запатрабаваў ад начальніка вузла электрасувязі на працягу тыдня знесці аварыйную агароджу.

Расцэнкі ўстаноўлены

Як ужо паведамлялася, у горадзе плануецца ўвесці новыя  расцэнкі на знешнюю рэкламу. Цяпер у раёнах першай катэгорыі  квадратны метр рэкламы будзе каштаваць 32,7 тыс. рублёў, у  раёнах другой катэгорыі — 19,5 тыс. рублёў (расцэнкі некалькі  ніжэйшыя, чым у Лідзе, Ваўкавыску). Плата будзе спаганяцца ў  раённы бюджэт штомесячна.

Кошт вядомы

На планёрцы было сказана, што кошт памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам — 314 млн. рублёў, а добраўпарадкаванне вакол яго абыдзецца ў 230 млн. рублёў. Старшыня райвыканкама даручыў падначаленым правесці сустрэчу з адпаведнымі структурамі, у тым ліку прадпрымальніцкімі, якія б маглі  прыняць удзел у інвестыраванні праекта.

Рознае

Удзельнікі планёркі ўзнялі пытанне па навядзенню парадку  вакол гаражнага кааператыва “Заазёрны”, абсталяванню месца  звалкі бытавых адходаў каля Дзераўной і інш. Агучваліся пытанні, якія проста абавязаны вырашаць на месцах. Алег Таргонскі  запатрабаваў ад старшынь сельвыканкамаў займацца канкрэтнай работай.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.