Вобласці ёсць чым ганарыцца, але і рэзерваў многа

Прайшло сто дзён, як  кіраўніком Гродзенскай воблаці стаў Уладзімір Краўцоў.  Ужо пабываўшы ва ўсіх рэгіёнах вобласці, Уладзімір Васільевіч наладзіў прэс-канферэнцыю (першую ў такім  маштабе) для журналістаў  сродкаў масавай інфармацыі  вобласці і акрэдытаваных  журналістаў рэспубліканскіх  выданняў. Губернатар коратка спыніўся  на выніках мінулага года і  адзначыў, што не ўсё ўдалося  выканаць, хаця станоўчая дынаміка ёсць па ўсіх напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця.  Знешнегандлёвы абарот вобласці склаў 4 млрд. долараў пры  станоўчым сальда. Гаворачы аб задачах на гэты  год, кіраўнік вобласці акрэсліў  чатыры галоўныя: экспарт,  прыцягненне замежных інвестыцый, выпрацоўка на аднаго чалавека, зарплата.
Для дасягнення канкурэнтаздольнасці на рынку тавараў патрэбна мадэрнізацыя найперш буйных прадпрыемстваў.  Гэтая задача пастаянна ў полі  зроку аблвыканкама. У выніку  ўдалай мадэрнізацыі малочна-мясной галіны летась прадукцыі перапрацоўкі было рэалізавана на экспарт на 680 млн.  долараў. І гэта не мяжа. Кіраўнік  вобласці адзначыў, што крэн  бярэцца на мадэрнізацыю і новае будаўніцтва прадпрыемстваў, якія працуюць на мясцовай сыравіне: прадукцыя сельскай гаспадаркі, лес і г.д. У кожным раёне трэба ствараць невялікія прадпрыемствы з высокай эфектыўнасцю работы.  Прывёў прыклад з Іўя, дзе  прадпрымальнік выкупіў  паўразбураны кансервавы завод і цяпер выпускае сельгастэхніку, 80% яе ідзе на экспарт.
На сёння ў вобласці працуюць  140 тыс. прадпрымальнікаў,  многія даволі эфектыўна. Ставіцца задача да 2015 года давесці іх уклад у валавы рэгіянальны прадукт да 30%. Кіраўнік вобласці папрасіў  журналістаў шырока прапагандаваць прадпрымальніцкі вопыт.
Хоць вобласць па многіх паказчыках аграпрамысловага  комплексу — лепшая ў рэспубліцы, мінулы год не быў з лепшых. Дарэчы, у рэспубліканскай скарбонцы доля прамысловасці вобласці — 10%,  сельскай гаспадаркі — 16-17%  (пры гэтым плошчаў сельгасугоддзяў у нас значна менш).  Пры ўраджайнасці ў 37 ц/ а  збожжа па вобласці, у СВК  “Свіслацкі” атрымалі 83 ц/га.  Вобласць упершыню перакрочыла мільённы рубеж па  вытворчасці малака (1 млн. 27  тыс. тон). Надой на карову па  вобласці склаў 5146 кг малака.  За тры гады пабудавана 79 комплексаў, мадэрнізавана 136 малочнатаварных ферм. Малако  сёння — стратэгічны прадукт, і  яго вытворчасць трэба нарошчваць. З-за пагрозы афрыканскай чумы свіней ў вобласці давялося закрыць 36 свінаферм, пагалоўе свіней зменшылася на 80  тысяч. Тым не менш ёсць спадзяванні, што праблема будзе  хутка вырашана, і свінагадоўля  атрымае новы імпульс. Закрануў губернатар і фінансавую праблему сельскай  гаспадаркі. Для большай эфектыўнасці галіны на ўрадавым  узроўні прапрацоўваюцца  варыянты яе рэфармавання. Завастраючы ўвагу на задачах сацыяльнай сферы, Уладзімір Краўцоў адзначыў важнасць падтрымкі індывідуальнага  будаўніцтва жылля, як самага  камфортнага. Наогул у сацыяльную сферу дзяржава ўкладвае вялікія сродкі. У той жа  медыцыне з’явілася многа найноўшай апаратуры. Адкрываюцца новыя сацыяльныя аб’екты, тыя ж школы,  але, на жаль, на сяле яны  закрываюцца. У былых будынках сельскіх школ мяркуецца  адкрываць дамы для сумеснага  пражывання адзінокіх  састарэлых людзей. Многа праблем з развіццём  агратурызму, хоць Беларусь, і  наша вобласць у тым ліку — можа стаць турыстычнай меккай  пры развіцці інфраструктуры. Многа дасягненняў у гродзенскіх спартсменаў, але  патрэбна ўдасканальваць матэрыяльную базу. Прагучала  інфармацыя, што і ў Слоніме  прапрацоўваецца варыянт будаўніцтва водна-спартыўнага  комплексу. Кіраўнік вобласці адказаў на  многія пытанні журналістаў.  Пытанні, дарэчы, датычыліся і  выбараў у мясцовыя Саветы, і  дзяржпадтрымкі сельгасвытворцаў, і іншых праблем.  Напрыклад, цяпер выдзелены  неабходныя крэдыты пад набыццё ўгнаенняў, ГЗМ, запчастак на перыяд палявых работ, за мяжой заключан кантракт  на пастаўку фосфарных угнаенняў.
Губернатар прапанаваў такія  сустрэчы зрабіць рэгулярнымі.  Журналісты — толькі за!

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.