Эканоміка

++++IMG_3022

Хто шукае, той знаходзіць

Чарговы савет дырэктараў прайшоў у акцыянерным таварыстве Упраўляючая кампанія холдынга “Слоніммэбля”. Гэты калектыў, дарэчы, працуе найбольш эфектыўна ў прамысловасці раёна. Тут ёсць усё, што патрабуе час: мадэрнізацыя вытворчасці, абнаўляемы асартымент прадукцыі,  слонімская мэбля мае збыт, сярэдняя зарплата мэбельшчыкаў дасягнула 5,5 млн. рублёў. Ніхто сюды не прыйшоў  з боку і не дапамог, калектыў сам стварае свой дабрабыт.
Нягледзячы на эканамічныя праблемы, выкліканыя і нестабільнасцю ў суседняй Украіне, прамысловасць раёна ў  цэлым апярэджвае мінулагодні аб’ём вытворчасці больш чым  на 2% па выніках першага квартала. Але падстаў для суцехі  няма — у раёне 11 стратных прадпрыемстваў (на жаль, колькасць іх вырасла). З іх шэсць — прамысловыя прадпрыемствы: ААТ “СКПЗ “Альбярцін”, ААТ “Слонімскі мясакамбінат”,  ільнозавод, драбільна-сартавальны завод, быткамбінат і, што  дзіўна — прыватнае прадпрыемства “Ромгіль-тэкс”. Агульныя  страты дасягнулі 19 млрд. рублёў. Прычым праблемы  захлістваюць не толькі стратныя прадпрыемствы. На тым жа  маторарамонтным заводзе самы час думаць пра новыя віды  работы, новую прадукцыю — заказы на рамонт рухавікоў  растаюць, як той снег напрадвесні… Многа праблем на птушкафабрыцы.
Як вобразна адзначыў старшыня райвыканкама Алег Таргонскі, некаторыя прадпрыемствы знаходзяцца на краі прорвы. Калі не шукаць эфектыўнае выйсце (а толькі той знаходзіць, хто шукае), перспектывы ў калектыве не будзе.
Удзельнікі савета ў цэхах прадпрыемства ўбачылі наколькі  эфектыўна арганізавана праца мэбельшчыкаў. А на пасяджэнні ў актавай зале кіраўнікі стратных прадпрыемстваў  тлумачылі прычыну неэфектыўнай работы. Кіраўнік раёна  запатрабаваў на працягу тыдня прыехаць дырэктарам разам  са спецыялістамі ў райвыканкам з канкрэтнай праграмай выхаду з крызісу. Аналіз трэба рабіць сёння і карэктывы ўносіць  у работу сёння, а не чакаць з надзеяй канца года. Практыка  паказвае: як спрацуеш у першым квартале, такім будзе і фінал года. Напрыканцы пасяджэння кіраўнікі Слоніммэблі, вінзавода  і Ромгіль-тэкс атрымалі Дыпломы за лепшую прадукцыю на  рынках па выніках мінулага года.

Адны — маюць, другія — чакаюць. Чаго?..

У мінулую суботу ў СВК “Міжэвічы”падводзілі вынікі работы жывёлагадоўчай галіны раёна за першы квартал. Гаспадарку выбралі невыпадкова. Новы старшыня райвыканкама  Алег Таргонскі з прыходам да кіраўніцтва раёнам паставіў  перад кіраўнікамі гаспадарак задачу: пачынаючы з сакавіка  мэтанакіравана павышаць прадукцыйнасць ферм. Ніякае  прыхарошванне сітуацыі не дапушчальна. У СВК “Міжэвічы”  у сакавіку малака надаілі на 1,2 тоны больш, чым у папярэднім месяцы. Пабываўшы на фермах, удзельнікі семінара пераканаліся: жывёла ў сельгаскааператыве дагледжана, накормлена. І ўжо нават пасуць кароў па азімым жыце. На фермах, на комплексе ўсюды чысціня: і ў двары, і ў стойлах  жывёлы. Пры гэтым з кадрамі ў СВК не лепш, чым у іншых  гаспадарках, а буйной рагатай жывёлы між іншым 4,5 тыс.  галоў (больш толькі ў СВК “Сянькоўшчына”).
Працуюць кіраўнікі, працуюць спецыялісты — і вынік ёсць.  Адзінае, за што пакрытыкавалі гаспадароў семінара — за марнатраўства добрага сена. Яго досыць і ў кармушках, і  пад… нагамі жывёлы. А ў некаторых іншых гаспадарках і саломы добрай няма. У цэлым жа па раёну лічаныя кіраўнікі выканалі задачу,  пастаўленую старшынёй райвыканкама. Вытворчасць малака працягвае падаць, зніжаецца колькасць буйной рагатай  жывёлы. За першы квартал пагалоўе свіней зменшылася (не  з-за пагрозы афрыканскай чумы) на 1,5 тыс. галоў. Красамоўная лічба: РУСП “Новадзявяткавічы” запазычыла малаказаводу столькі, што толькі на пагашэнне доўгу трэба працаваць  малочнаму цэху… 1,5 года. Катастрафічна не хапае фінансаў.  І ў той жа час, з-за элементарнай безгаспадарчасці, у многіх  СВК і РУСП проста выкідваюцца грошы на вецер. Па самых  сціплых падліках у сакавіку з-за няякаснага малака гаспадаркі не далічыліся 2 млрд. рублёў. Нават з комплексаў, дзе ідэальныя ўмовы для атрымання якаснага малака, сортам “экстра” ідзе яго вельмі мала. Прывагі буйной рагатай жывёлы на  некаторых фермах — 300 грамаў у суткі… Здаецца, на семінарах дэталёва аналізуюцца ўсе тэхналагічныя дробязі, а на  месцах па-ранейшаму беспарадак. І гэта мякка сказана: фота, якія паказалі на семінары — сведчанне таму. Размова на гэты раз была надзвычай прынцыповая, недзе  нават вострая. Старшыня райвыканкама ацаніў работу спецыялістаў райсельгасупраўлення як “пабочных статыстаў”: далей зафіксаваных шматлікіх негатыўных фактаў справа не ідзе. Па-ранейшаму ніхто не нясе матэрыяльнае пакаранне ні  за падзенне надояў малака, ні за падзенне прываг жывёлы.  Мінулі часы, калі спісвалі даўгі, давалі пазыкі без меры. Сёйтой ніяк не зразумее, што толькі сваёй працай створыць свой  дабрабыт.
Кіраўнік раёна ў катэгарычнай форме паставіў задачу: у красавіку атрымаць прывагу свіней не менш 500 г, а буйной рагатай жывёлы — 700 г у суткі, з гэтага тыдня паўсюдна выганяць  кароў на пашу на азімае жыта, а з пачаткам пашавага перыяду  — пасвіць кароў кругласутачна. Вядома, трэба падрыхтаваць  людзей да такой работы, адпаведнай павінна быць і зарплата.
На семінары абмеркаваны і іншыя пытанні, у тым ліку і земляробчыя: што, як і калі сеяць, падкормліваць. Да 1 мая на лінейцы гатоўнасці павінна стаяць кормаўборачная тэхніка. А яшчэ старшыня райвыканкама раіў кіраўнікам быць больш згуртаванымі, дапамагаць адзін другому. Сёння у РУСП  “Новадзявяткавічы” мноства праблем не толькі ў жывёлагадоўлі, там непачаты край палявых работ. У недалёкім мінулым  флагман не толькі раёна — саўгас “Слонімскі” (РУСП “Новадзявяткавічы” цяпер) дапамагаў усім, сёння просіць дапамогі  сам. Такі час — трэба дапамагаць. Бо зямелька ж — усюды  наша. Карміць будзе, калі паклапоцімся пра яе. Талакой, як  заўсёды рабіў беларус.

Васіль АфАНАСІК.

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.