На планёрцы ў райвыканкаме

Добраўпарадкаванне —  на пастаянным кантролі

Чарговая планёрка пачалася з таго, што старшыня райвыканкама Алег Таргонскі падзякаваў усім, хто прыняў удзел  у рэспубліканскім суботніку. У ім, нагадаем, было задзейнічана больш за 20 тысяч слонімцаў, мяркуецца накіраваць у  фонд суботніка 245 млн. рублёў.
Аднак кіраўнік раёна незадаволены станам населеных  пунктаў. Ачысціць іх ад смецця за адзін суботнік — не рэальна. Таму вырашана трымаць праблему навядзення парадку на зямлі пад пастаянным кантролем. Спецыяльная камісія будзе аналізаваць стан спраў кожны аўторак.
Старшыня райвыканкама запатрабаваў ад падначаленых  распрацаваць праграму захавання старых ферм і іншых паўразваленых аб’ектаў, якія даўно не выкарыстоўваюцца і ператварыліся ў звалкі смецця. У кожнай гаспадарцы раёна ёсць  такія аб’екты і штогод хаця б па аднаму іх трэба зносіць.

Кацельня павінна запрацаваць да 1 верасня

Як вядома, 52% цяпла гораду дае кацельня камвольнапрадзільнай фабрыкі. Пасля аварыі ў кацельні працягваюцца аднаўленчыя работы. Кіраўнік раёна паставіў задачу:  да 1 верасня кацельня павінна запрацаваць. А да 1 мая  патрэбна распрацаваць канцэпцыю цеплазабеспячэння горада, каб не быць залежнымі ад розных нечаканасцей.

Не можаш зрабіць — не абяцай

Разглядаючы скаргу жыхаркі Слоніма па пытанню паляпшэння яе жыллёвых умоў, старшыня райвыканкама акцэнтаваў увагу кіраўнікоў аддзелаў, службаў на неабходнасці  ўважліва клапаціцца пра вырашэнне ў першую чаргу жыллёвых пытанняў маладых спецыялістаў і іх зарплаты. Калі  даваць нейкія абяцанні, дык трымаць слова. Інакш людзі не  будуць давяраць уладзе. Не можаш зрабіць, няма магчымасці — чэсна скажы чалавеку.

Сяўбой не задаволены

Старшыня райвыканкама незадаволены якасцю сяўбы  льну, буракоў, кукурузы ў гаспадарках. Нават давялося па  гэтай прычыне ў некалькіх месцах прыпыняць ход пасяўной.
У цэлым жа ў раёне раннія збожжавыя культуры пасеяны  ўсюды за выключэннем РУСП “Новадзявяткавічы”. Хаця ў  гаспадарку ўжо прыйшла дапамога суседзяў, фронт палявых  работ там яшчэ шырокі.

Даўгі не гасяць

Выклікае трывогу стан спраў на птушкафабрыцы — прадпрыемства не разлічваецца з даўгамі па крэдытам. Райвыканкам выступіў у свой час гарантам пагашэння даўгоў. Але  час сышоў, а вяртання грошай няма. Намечана правесці нараду па выхаду з крызіснай сітуацыі на птушкафабрыцы.

Рознае

На планёрцы абмеркаваны і іншыя пытанні, напрыклад,  па падрыхтоўцы да візіту ў раён 22-23 красавіка Мітрапаліта  Паўла, а таксама дэлегацыі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў  Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.