На планёрцы ў райвыканкаме

26 красавіка — раённы суботнік

На чарговай планёрцы вырашана правесці 26 красавіка  раённы суботнік. Акрамя добраўпарадкавання тэрыторыі горада  і вёсак, многія калектывы будуць працаваць на сваіх рабочых  месцах. Заробленыя сродкі будуць накіраваны на прывядзенне  ў належны стан месцаў пахаванняў загінуўшых у гады Вялікай  Айчыннай вайны, аказанне неабходнай дапамогі ветэранам,  іншыя патрэбы.

Задача сейбітам

Кіраўнік раёна Алег Таргонскі паставіў кіраўнікам гаспадарак  задачу: на гэтым тыдні завяршыць сяўбу цукровых буракоў, ільну,  пасадзіць бульбу. А да 5 мая неабходна пасеяць 2000 га кукурузы  на зерне і яшчэ 5000 га — на сілас.

Тыдзень — на зводны план

Старшыня райвыканкама абавязаў адпаведныя службы на  працягу тыдня скласці зводны план аб’ектаў, якія трэба  рэканструяваць да абласных “Дажынак”, якія пройдуць у  лістападзе ў Слоніме. Прычым арганізацыям, прадпрыемствам  трэба будзе многае рабіць за свае сродкі. Не павінны застацца ў  баку і ўладальнікі прыватных двароў, якім неабходна прывесці  свае домаўладанні ў належны стан і выгляд. Здаўна ж беларус  славіўся сваёй гасціннасцю і для гасцей выстаўляў усё лепшае. Вядома, немалая ўвага будзе ўдзелена ўездам у горад —  асабліва з вуліцы Брэсцкая. Прапрацоўваецца магчымасць на  перспектыву падаўжэння аб’язной дарогі вакол Слоніма ад  Чамяроў да Талькаўшчыны.

Хто вінаваты?

Да 20 красавіка ў Сялявічах павінна была ўступіць у строй  першая чарга бальніцы сястрынскага догляду. Аднак гэтага не  здарылася, хаця тэрмін быў рэальны. На планёрцы кіраўнік раёна абавязаў свайго намесніка па  будаўніцтву пакараць вінаватых за зрыў плана.

Наведаць кожнага ветэрана

Крыху больш за сотню ветэранаў вайны засталося ў нашым раёне. Алег Таргонскі папрасіў падначаленых яшчэ раз пабываць  у кожнага ветэрана і па магчымасці вырашыць узнікшыя  праблемы да Дня Перамогі, у крайнім выпадку да 3 ліпеня.

Гандлем не задаволены

Старшыня райвыканкама застаўся незадаволены работай  гандлю ў час футбольнага матча паміж камандай “Слонім” і  “Бяроза-2010”. Працавала на стадыёне толькі адна гандлёвая  кропка, ля якой была вялікая чарга. Нават таго ж марожанага  купілі далёка не ўсе балельшчыкі. На планёрцы абмеркаваны і іншыя пытанні. У прыватнасці,  кіраўнік раёна запатрабаваў, каб усе прадпрыемствы і  арганізацыі на гэтым тыдні выплацілі зарплату за сакавік.

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.