Новы этап Слонімскага тэатра

+++++1++++IMG_2799

У Слоніме ў мінулую суботу ўрачыста адкрылі  новы будынак дзяржаўнага драматычнага тэатра

АД АГІНСКАГА ДА НАШЫХ ДЗЁН

+++2++++IMG_8719

Яшчэ ў XVIII cтагоддзі (з 1771 г.) Слонім стаў знакамітым тэатральным горадам. Створаны Міхалам Агінскім, тэатр на працягу двух дзесяцігоддзяў  зачароўваў гледача з усёй Еўропы, у тым ліку і вяльможных асоб, майстэрствам акцёраў, капэлы, якая суправаджала паказы тэатра. Мінулі часы,  тэатра Агінскага не стала, як і яго палаца. І толькі вуліца Оперная, якая на пэўны час таксама знікала (яе назва) з карты Слоніма, нагадвала пра  традыцыі аднаго з важнейшых відаў мастацтва ў нашым горадзе. Тэатр адрадзілі ў 1948 годзе сіламі А.А. Бялова, які потым працаваў  акцёрам у Мінску ў Дзяржаўным рускім драматычным тэатры. Эстафету  прыняў М.І. Фрыдман, які пазней атрымаў званне «Заслужаны дзеяч культуры Беларусі». Пры ім тэатр стаў народным. Яшчэ на больш высокі  ўзровень узняў тэатр М.Ф. Варвашэвіч, які ўзначаліў акцёрскі калектыў у  1968 годзе. За тэатральныя заслугі 1 студзеня 1990 года тэатру (сярод  нямногіх у рэспубліцы, якія меліся ў раённых цэнтрах) быў нададзены  статус Дзяржаўнага драматычнага тэатра. Хутка ў тэатра юбілей.

Слава была,  а сцэна адсутнічала

Парадаксальна, але многія гады  славуты тэатр не меў сваёй сцэны. Артысты выступалі на сцэне былога  раённага Дома культуры (Народны  дом на плошчы Леніна). Але калі будынак прыйшоў у заняпад, пераехалі ў  прыстасаванае памяшканне ў сучасны  РДК. І толькі дзесяць гадоў назад, дзякуючы Міністэрству культуры, практычна разбураны будынак былога Народнага дома быў уключаны ў рэспубліканскую праграму рэканструкцыі  будынкаў тэатра. Само ж будаўніцтва  доўжылася тры апошнія гады і каштавала 23 мільярды рублёў. Лічба немалая, але і яна, відаць, не суразмерная  з той колькасцю праблем, якія давялося вырашаць у ходзе будаўніцтва і да  апошняга моманту адкрыцця. Як звычайна, у такіх выпадках бывае — хутка ўсё забудзецца, галоўнае — тэатр  збудаваны. Намаганнямі Міністэрства  культуры, аблвыканкама, райвыканкама, калектыву тэатра, прадпрыемстваў, прадпрымальнікаў, у Слоніме  ўзведзен сучасны тэатр з захаваннем гістарычных фрагментаў знешняй архітэктуры. Адна  сцяна захавана поўнасцю,  частку яе пакінулі без тынкоўкі,  як след даўніны. Тут хутка  з’явіцца дошка з напамінам аб  тэатральных традыцыях Агінскага.
Унутраная аздоба тэатра  не ўступае сталічнай. Такое  абсталяванне сцэны, як у  Слоніме, ёсць яшчэ толькі ў  двух тэатрах Беларусі. Тыя ж  шыкоўныя люстры, што ззяюць брыльянтавым россыпам,  зроблены лідскай фірмай  “Каскад”. Гордасць поўніць  сэрца за нашых майстроў  сцэны, майстроў-вытворцаў,  майстроў-будаўнікоў.

Знакавая падзея

Адметна, што тэатр адкрылі ў дзень 120-годдзя з дня  нараджэння Міхаіла Фрыдмана, аднаго са стваральнікаў  сучаснага тэатра. Безумоўна, увод у карыстанне новага будынка тэатра —  знакавая падзея не толькі для  Слоніма, але і для ўсёй культуры Беларусі. Як адзначыў у час адкрыцця  тэатра начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па  справах моладзі аблвыканкама Павел  Скрабко, цяпер на сцэне сучаснага  тэатра будуць радаваць гледачоў не  толькі слонімскія артысты, сюды будуць прыязджаць творчыя калектывы  іншых тэатраў.
…У мінулую суботу з раніцы частка плошчы Леніна была закрыта для  руху транспарту. Тут разгарнулі свае  выставы народныя майстры, размясціліся гандлёвыя палаткі. Насуперак прадказанням сіноптыкаў аб некамфортным надвор’і, яно “не ўстаяла” перад веліччу свята — пяшчотнае  сонца свяціла бы сцэнічныя сафіты.
Да таго ж некалькі гадзін наш цудоўны  ансамбль “Славяначка” разаграваў  публіку вясёлымі песнямі. А між іншым апоўдні ля галоўнага ўваходу ў новы тэатр сабраліся ганаровыя госці: прыехалі ўсе  старшыні райвыканкама, пры якіх  пачыналі, працягвалі і закончылі  будаўніцтва, Народны мастак Беларусі Іван Міско, дэпутат Палаты  прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ала Сопікава, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры  і па справах моладзі аблвыканкама  Павел Скрабко, многія другія, сотні слонімцаў. Перад тым як сказаў  слова з нагоды адкрыцця тэатра  старшыня райвыканкама Алег Таргонскі, адбылося тэатралізаванае  прадстаўленне юных талентаў.  Дырэктар МПМК-164 Мікалай  Таўлуй (арганізацыя будавала  тэатр) уручыў дырэктару тэатра  Мікалаю Лішыку сімвалічны ключ.  Алег Таргонскі і Павел Скрабко перарэзалі чырвоную стужку. Ганаровыя госці першымі ўвайшлі ў двор  тэатра, дзе іх вітаў “сам” Міхал Агінскі. Сотні слонімцаў і гасцей запоўнілі тэатр, агледзелі яго шыкоўную аздобу. А праз гадзіну быў  першы спектакль на новай сцэне. У  зале — аншлаг, праўда, гледачы  былі толькі па запрашальных білетах.

“Паўлінка” вярнулася  праз… 40 гадоў

З вялікім поспехам у новым тэатры  прайшла прэм’ера спектакля “Паўлінка” з элементамі сучасных рэжысёрскіх знаходак. Тэатральная трупа  ўрачыстае свята прадоўжыла на такой  жа ўзнёслай ноце. Сімвалічна — 40  гадоў назад на старэнькай сцэне Народнага дома калектыў народнага  тэатра ставіў “Паўлінку”. У зале новага тэатра былі і гледачы, і артысты той  першай пастаноўкі. Адзін з ганаровых гасцей урачыстасці Народны мастак Беларусі Іван Міско не стрымліваў сваіх эмоцый ад  убачанага, падзяліўся ўспамінамі.  Дарэчы, свой шлях у мастацтва ён  пачынаў у Слоніме, у адным з гурткоў  Народнага дома: — Тут прайшлі маё дзяцінства, мая  маладосць, — заўважыў Іван Якімавіч.  — Я добра памятаю рэжысёра Фрыдмана, Сашу Бялова. Тут я вучыўся ў  мастака Сашы Сакалоўскага. Пасля спектакля тэатральная трупа, дырэктар тэатра прымалі шматлікія  віншаванні.
Пачаўся новы этап у творчай  біяграфіі Слонімскага драматычнага  тэатра. І няхай для гледачоў на гэтым  этапе існуе “праблема” — як дастаць  білет на спектакль…

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.