Сяргей Ваўчуновіч: Гэта была казка…

+======+Волчунович

Нядаўна з Паралімпійскіх гульняў у Сочы вярнуўся слонімскі лыжнік зменны майстар ААТ  “СКПЗ “Альбярцін” Сяргей Ваўчуновіч. У выніку няшчаснага выпадку на вытворчасці Сяргей застаўся без рукі. Але знайшоў у сябе сілы  не кідаць аматарскі спорт, больш  таго, паставіў мэту — удзельнічаць у Паралімпіядзе. І мэты дасягнуў. 47-гадовы лыжнік на Паралімпійскіх гульнях па ўзросту аказаўся адным з самых старэйшых.
Тым не менш выступіў  дастойна.
— Сяргей, ты першы  са слонімцаў, хто ўдзельнічаў у паралімпійскіх гульнях. Нагадаем чытачам, у якіх  дысцыплінах удзельнічаў і як выступіў.
— Удзельнічаў у лыжных гонках на 20 км, адзін км, 10 км і ў эстафеце. Лепшы вынік — 11-е  месца ў індывідуальнай  гонцы класікай на 20 км  і 8-е — у эстафеце. Лічу,  што мог выступіць і лепш,  але вопыту не меў ніякага,  а ў камандзе была лыжніца, якая выступае на Паралімпіядзе (летняй і зімовай) у восьмы раз. Для мяне ж усё было ўпершыню — нервы падвялі, вельмі  хваляваўся.
— Уражанні ад відовішча, відаць, большыя,  чым ад саміх стартаў?
— Гэта была фантастыка, казка. Перад Паралімпіядай я ўдзельнічаў у  этапах кубка свету ў Фінляндыі, Германіі, але там арганізацыя гульняў ні  ў якое параўнанне з Сочы не ідзе. Нават бывалыя паралімпійцы адзначылі:  Сочы на фоне іншых — феерыя.
У Сочы грандыёзныя спартыўныя  аб’екты, нідзе ў Еўропе нічога падобнага не бачыў, і не толькі я.
— Хто дапамагаў рыхтавацца  да ўдзелу ў паралімпіядзе? І калі  з’явілася ідэя ўдзелу ў Гульнях?
Ты ж прафесіянальным спортам  не займаўся.
— Як толькі згубіў руку, адразу паставіў мэту — не апускаць галаву, трэніравацца і дабіцца ўдзелу ва Паралімпіядзе. Аб гэтым даведаліся і ў паралімпійскім камітэце — заўважылі на спаборніцтвах. Каб трапіць на Гульні,  трэба было ўдзельнічаць у этапах кубка свету — набраць неабходныя ачкі.
Гэтыя ачкі я набраў з лёгкасцю. На двух зборах у Навагрудку дапамаглі ў раёне. Дарэчы, у Фінляндыю  на этап кубка свету ездзіў на сваім  аўтамабілі. Дзесьці траціў свае сродкі, дапамагалі ў ААТ “СКПЗ “Альбярцін”, у аблвыканкаме, выдзеліў сродкі рэспубліканскі прафсаюз лесапапяровай прамысловасці. Трэба было набываць экіпіроўку, змазку і іншае. Усё  вельмі дарагое.
Дарэчы, мог бы выступіць куды  лепш, калі б не спадзяваўся толькі  на свае сілы. Як высветлілася, сучасная фармакалогія робіць цуды ў аднаўленні сіл. Яна вельмі дарагая. І я  ёю практычна не карыстаўся.
— Як наогул выступіла беларуская каманда?
— Не так узнёсла, як на Алімпіядзе, але без медалёў не засталася. Думаю, былі промахі і трэнераў. У эстафеце маглі быць з медалём, выставіўшы адну каманду. Але выставілі дзве і засталіся без узнагарод. Расіяне  апярэдзілі намнога ўсіх у медальным  заліку, але ў іх і магчымасцей для  падрыхтоўкі намнога больш, чым у  іншых. Ёсць нават школа падрыхтоўкі  спартсменаў-інвалідаў. З верасня мы былі разам на многіх зборах, вельмі здружыліся. Мне, як  новаму члену зборнай, было вельмі  цікава і прыемна.
— Вернемся да арганізацыі спаборніцтваў. Усё ж нямногія бачылі  па тэлевізару паралімпіяду.
— Адно — бачыць па тэлевізару,  зусім іншае — быць самому ў эпіцэнтры. Для спартсмена — гэта важнейшае дасягненне, дзе ўсёй душой  разумееш, што ўдзел у такім форуме — сапраўды галоўнае. Адкрыццё  і закрыццё Гульняў нагадвала зямны  рай. Нават не верыцца, сон гэта быў  ці ява. Адкрыццё Алімпіяды я бачыў  па тэлевізары, калі былі ў Германіі.  Праўда, там не вельмі асвятлялі гэтую  велічную падзею: відаць, не хочуць  рэкламаваць, што Расія можа зрабіць нешта лепш за іншых. Адкрыццё  і закрыццё Алімпіяды і Паралімпіяды  былі аднолькава велічнымі, хіба што  на нашых Гульнях былі дадаткова нумары з удзелам людзей з адхіленнямі  ў фізічным здароўі.
— Што паглядзеў акрамя Гульняў? Відаць, столькі VIP-персон  ніколі і не бачыў?
— Нам паказалі многае, былі на  многіх спартыўных аб’ектах — фантастыка, і веліч, і прыгажосць.
І вядомых людзей бачылі многа.
Неяк адразу і не паверыў вачам, што  так проста апынуліся побач з Уладзімірам Пуціным. Такі прыемны суразмоўца. Як кажуць, асабіста за руку з Прэзідэнтам Расіі не павітаўся,  хаця некаторыя нашы спартсмены  гэта зрабілі. Размаўлялі з Пуціным,  на развітанне сказаў нам: “Дзякуй, я  вас выслухаў”.
— Сістэма бяспекі была жорсткай?
— Жорсткай на кожным кроку, але  тактоўнай і нікога гэта не пакрыўдзіла. Хаця чутак хадзіла многа пра  магчымыя тэракты. Але як толькі апынуліся на месцы, зразумелі — сістэма  бяспекі тут вельмі надзейная.
Жылі мы ў поўным безбар’ерным  асяроддзі. Там ніхто, нават калясачнік, не адчуваў нейкіх нязручнасцей.
— Займеў многа сяброў сярод  замежнікаў?
— Многа, спартсмен адзін другога  разумее, нават калі і мову не ведае. Здружыліся з балгарамі. Дарэчы, яны  вельмі зайздросцілі нам, як нас падтрымлівае дзяржава, як мы жывем.
Вось вам і Еўрасаюз: там і беспрацоўе, заводы пазакрывалі, цэны за  камунальныя паслугі бываюць вышэй  за зарплату…
Калі ж я трапіў у зборную Беларусі, то, вядома ж, ездзіў на зборы ўжо  за сродкі дзяржавы.
— Сяргей, якія ў цябе далейшыя планы?
— Буду трэніравацца. Пэўны вопыт набыў. У наступным годзе — чэмпіянат свету. Але, думаю, будзе праблема з фінансамі, бо пройдзе ён у  Амерыцы. А перад ім адбудуцца этапы кубка свету ў Фінляндыі (даехаць  туды праблем не будзе), а затым у  Японіі і Карэі. Буду рыхтавацца.

Інтэрв’ю правёў Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.