Хатыні зямлі нашай

+++++Слоним 1941

Набліжаецца 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Столькі гадоў прайшло, а памяць крываточыць. Памяць жыве, бо дорага каштавала Перамога…

ПРАЎДА ХАТЫНСКАЙ ТРАГЕДЫІ

22 сакавіка 1943 года свет даведаўся пра жах Хатыні. Яе жыхары былі зажыва спалены. Спалілі і вёску. Падобных беларускіх вёсак у жалобным спісе – 186. Свет зведаў пра Хатынь. Але спатрэбілася 65 гадоў, каб мы даведаліся праўду. Аказваецца хатынцаў знішчыў 118-ты паліцэйскі батальён пад кіраўніцтвам начальніка штаба батальёна Рыгора Васюры. У батальёне былі і рускія, і, на жаль, беларусы, а большасць – украінцы, выхадцы з заходніх абласцей. Здраднікі, якія добраахвотна сталі на бок гітлераўцаў, пакінулі свой крывавы след на Украіне, у Беларусі. Ёсць гэты след на Слонімшчыне, вёску Голі спалілі злачынцы са 118-га батальёна. Пасля вайны над злачынцамі 118-га паліцэйскага батальёна было тры судовыя працэсы, у 1970 годзе судзілі Кнапа і Лазінскага, у 1975 – Мялешку, у 1986 годзе – Васюру. Адзін кат і сёння жыве ў Канадзе.
Хто ж ён, галоўны хатынскі кат? Хоць намінальна батальёнам камандаваў немец Э. Кёрнер, улада была ў начальніка штаба. Перад вайной Васюра скончыў Кіеўскае ваеннае вучылішча сувязі. Здаўся немцам у палон, добраахвотна стаў ім служыць. Атрымаў афіцэрскае званне, медалі. Былі Кіеў, Бабін Яр, Хатынь… Кат збег разам з адступаючымі немцамі. А потым – неверагодна: вярнуўся ў СССР і жыў пад сваім прозвішчам. Выдаваў сябе за ўдзельніка вайны, быў ганаровым курсантам Кіеўскага вучылішча сувязі, працаваў намеснікам дырэктара саўгаса. Жыў заможна, збудаваў дамы дзецям. Пасля вайны Васюру судзілі за сувязь з немцамі, але вызвалілі па амністыі. Праўда, судзілі не за сапраўдныя крывавыя злачынствы, бо толькі ў 80-ыя гады ўсплылі і яны. У 1986 годзе ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругі прыгаварыў Васюру да выключнай меры пакарання. Журналістаў тады на працэс амаль не дапусцілі. І ўсё ж, аб’ёмны матэрыял быў падрыхтаваны да друку, але свет ён не ўбачыў. Па сведчанню відавочцаў, умяшаліся кіраўнікі ЦК Кампартыі Украіны: маўляў, з-за здрадніка не трэба ўбіваць клін паміж брацкімі народамі Беларусі і Украіны. Але ці ёсць нацыянальнасць у здраднікаў Радзімы? Яны, на жаль, былі, ёсць і, мабыць, будуць.

31 ВЁСКУ СЛОНІМШЧЫНЫ ЗНІШЧЫЛІ

Барвовы крывавы след пакінула Вялікая Айчынная вайна на нашай Слонімшчыне. Каля 60 тысяч салдат, ды яшчэ больш за 44,5 тысячы мірных жыхароў палягло на нашай зямлі – разам амаль у паўтара разы больш, чым жыве людзей на Слонімшчыне сёння. На кожны квадратны кіламетр зямлі па-над Шчарай і Ісай прыходзіцца каля 70 жыццяў, забраных вайной. Жахлівая лічба. 25 чэрвеня гітлераўцы поўнасцю акупіравалі Слонім. Пачалося жыццё ў рабстве. З першага дня «новага парадку» запрацаваў фашысцкі план знішчэння славянскай і яўрэйскай нацый.
У слонімскае гета звозілі яўрэяў не толькі са Слоніма (85% насельніцтва былі яўрэі), але і з Польшчы, Германіі, Парыжа. Больш за 40 тысяч яўрэяў закончылі свой зямны шлях на Чапялёўскіх палях, на Пятралевіцкай гары, ва ўрочышчы Маргі. Фашысты і іх мясцовыя найміты знішчылі на Слонімшчыне 31 вёску, пяць – разам з жыхарамі, у Заводным Лесе, у Андрэева (жыхароў Загор’я, Залесся, Заверша) і на шматлікіх хутарах вакол Акунінава людзей спалілі жывымі… Як і ў вёсцы Рудня, многіх у вёсцы Урач. Зімой 1942 года гітлераўскія галаварэзы праводзілі карную аперацыю «Гамбург». Нібыта для барацьбы з партызанамі. Хаця на акунінаўскіх хутарах, у Заводным Лесе, ды і ў многіх іншых месцах дзяцей, старых, жанчын забівалі, палілі яшчэ задоўга да таго, як у нашым краі пачаўся партызанскі рух. Захопнікі мэтанакіравана ажыццяўлялі свой план знішчэння славянскай нацыі. Тэрор узнімаў людзей да супраціўлення. Гітлераўская ідэалогія натраўлівання сваяка на сваяка, суседа на суседа спрацоўвала і ў нашым краі – які толькі перад вайной зведаў волю пасля ўз’яднання з Усходняй Беларуссю, дзе ў многіх мясцінах панавалі закаранелыя ўстоі панскай Польшчы. Незадаволеныя савецкай уладай уліваліся ў карныя атрады фашысцкіх наймітаў. Яны выдавалі немцам актывістаў, палілі хаты вяскоўцаў, рабавалі маёмасць, часта выдаючы гэта за дзеянні партызан. А часам і так званыя партызаны, якія былі далёкія ад сапраўдных народных мсціўцаў, вялі разбэшчаныя дзеянні, правакавалі акупантаў.
16 снежня 1942 года. За адзін дзень не стала некалькіх вёсак. Вёску Васілевічы расстрэльвалі двойчы. Спачатку, каб запужаць людзей, забілі 14 чалавек. Потым на так званых шведскіх могілках расстралялі амаль усіх. Мала каму ўдалося ўцалець у Паўлавічах – 226 чалавек пазней лягуць у брацкую магілу на ўзвышшы перад вёскай. 296 мірных жыхароў расстралялі ў вёсцы Ніз.

НІХТО НЕ ЎРАТАВАЎСЯ

Вёскі Залессе, Загор’е Жыровіцкага сельсавета. Прасеўшая вясковая вуліца-брукаванка, дзе-нідзе «падлатаная» яміста-гравійнымі ўстаўкамі, многа пабачыла на сваім вяку. Абапал яе туляцца старэнькія хаткі і яшчэ дыхтоўныя домікі. А вось і шыкоўны мураваны асабняк. То там, то сям на стрэхах бялеюць талеркі спадарожнікавых антэн. У некалькіх дварах стаяць іншамаркі, а ў адным з агародаў на калодках, бы на пастаменце, застыў без колаў небарака-«Масквіч». Нябыта дажывае свой век вёска, а сучасныя матывы ўсё ж завіталі і сюды. А той асабнячок усё ж тоіць надзею – жыццё працягваецца. І амаль нішто не нагадвае пра страшныя дні верасня і снежня 1942-га. Жывых сведкаў той трагедыі амаль не засталося…
…У двух кіламетрах на поўдзень ад Загор’я знаходзіцца ўрочышча Андрэева. За агароджай з металічных трубаў – абеліск. Тут некалі стаяла гумно, у якім фашысцкія каты 22 верасня спалілі жывымі 73-х вяскоўцаў: жанчын, старых, дзяцей. Пазней у брацкую магілу лягуць яшчэ 40 расстраляных залесцаў і загор’еўцаў, 4 партызаны. Успамінае Ніна Міхайлаўна Жывулька, 1924 года нараджэння, былая жыхарка вёскі Залессе: “Першая аблава была восенню. Наехала многа немцаў з Жыровіц. Па сёлах сталі хадзіць, у дамы, дзе парцізаны бываюць. У парцізаны тады пашлі з Загор’я, з Залесся некалькі чалавек. Карацельны атрад хадзіў з солтусам, і ён паказваў дзе парцізанскія сем’і. 73 чалавекі з трох сёлаў: Загор’я, Залесся і Заверша (там дзве сям’і) пагналі ў Андрэева. Там было некалькі хат – чваракі, яны называліся пры Польшчы, спіртзавод, панскае гумно, дзе ляжало сено. Там і ляснікі жылі. Пры Польшчы, як едзеш у лес па ягады, то квіток за 2 злоты трэба браць і да кошыка прывязаць, бо ляснікі правяралі. Як пашлі парцізаны, з тых чваракоў людзі паўцякалі хто куды, бо баяліся, што немцы паб’юць. А чатыры вялікія хаты папалілі, а гумно асталося. Сюды і прыгналі людзей. Некалькі парцізан сядзелі на хвойках і бачылі, як прывезлі машынамі людзей. Але што яны маглі зрабіць, калі немцаў было многа. Людзей загналі ў гумно, замкнулі і падпалілі ноччу. Крэч быў страшны, але стаў згасаць, як узнялося зарыва. Ніхто не спасся. Пагарэлі ўсе – і старыя, і малыя. Другая аблава ішла перад Новым годам за дзве нядзелі. Людзей пабралі вечарам, загналі там паміж Залессем і Загор’ем, дзе школа была, мы там вучыліся пры Польшчы. Тады пабілі много. І мае тры браты, і сястру, і атца, і мацяру. Сусед схаваўся ў хаце пад койку, а ён связі з парцізанамі меў. Яго знайшлі, білі, дапрашвалі куды парцізаны ходзяць. Ён выдаў дзве сям’і – выдаў маіх радзіцеляў і яшчэ адну сям’ю. І завялі іх пад школу, дапрашвалі і пабілі. Што яны маглі сказаць – парцізаны хадзілі ў кажду хату ноч’ю. А днём у кажду хату солтус вадзіў немцаў. Таго солтуса немцы назначылі. Акурат ля нашае хаты сабраннё праводзілі і тады солтуса назначылі. А з немцамі паляк некі быў і кажа: «Людзі, трымайце языкі за зубамі». А людзі гэтыя бачыш якія. Адны пайшлі ў парцізаны, а другія пайшлі да немцаў у самаахову. І выдавалі адны другіх. І як другая аблава была, многіх пабілі. І я пайшла ў парцізаны, сразу ў Дзяржынскі атрад, а пасля ў атрад Ракасоўскага. Камандзірам быў Бульін, камісарам – Аксютка. Камандзірам маёй роты быў Русецкі, у Рышчыцах жыў пасля вайны. Я ўсё выполняла: на пастах стаяла разам з напарнікам, па чатэры часа на перакростках до лесу днявальнаю была па лагеру ночью, у Воўчых Норах быў наш атрад. Па сутках патрульку ў канцы лесу неслі – галодныя, адзін раз хадзіла на ўзрыў каляі, снег разгортвала пад рэльсамі, як клалі міну. У час налёту нямецкага самалёта асколкам бомбы мяне цяжка раніла ў галаву. А солтуса таго парцізаны падпільнавалі, як ён сено касіў у Завершы. І яго спалілі, як ён іх бацькоў папаліў”.
Каля вёскі Рудня на правым беразе Ісы (Рудня – на левым беразе) ёсць дзве магілы – усё, што засталося як напамін пра вёску Турная, якую нехта называў адзінай вёскай Рудня, а Турную – яе ўрочышчам. Вёска прымыкала да лесу. У гэтых краях былі сапраўдныя партызаны, але ўсё больш маскіраваліся пад народных мсціўцаў тыя, хто не ганьбаваў рабаваннем мясцовага насельніцтва, разбэшчаннасцю і гвалтам. Сапраўдным партызанам катэгарычна забаранялася ўступаць у перастрэлку з немцамі ў населеных пунктах – інакш карнікі спаляць вёску і расстраляюць мірных жыхароў. У Турной здарылася бяда з-за так званых партызан.
Мясцовы краязнаўца Аляксей Жукоўскі апытаў Анастасію Міхайлаўну Лабко з Дзераўной, Васіля Аляксандравіча Уласіка з Ваўчуноў, Галіну Рыгораўну Шурко (Крамяноўскую) і другіх вяскоўцаў, якім было што-небудзь вядома пра лёс вёскі Турная. Што ж здарылася 19 лістапада 1942 года? У вёсцы было ўсяго шэсць хат, чатыры з аднаго боку вуліцы і дзве – з другога. 18 лістапада хлопчык з вёскі Піронім прыйшоў у Турную да сваяка. У той жа дзень жанчына з Дзераўной (свякроў А.М. Лабко) таксама была ў Турной. У той лістападаўскі дзень прымарожвала. Дзеці выйшлі на лёд Рудзенскага возера катацца на самаробных каньках і круцілі кола, да якога на жардзіне былі прымацаваны санкі. Дзеля гэтай забавы прыйшоў у Рудню і той хлопчык з Піроніма. У прылясной вёсцы, не сакрэт, гналі самагонку. Вельмі ўжо любілі яе і так званыя партызаны. Нібыта нішто не прадвяшчала бяды. Немцы часта ездзілі па дарозе Дзераўная-Харашэвічы.
Сяляне прывыклі і не баяліся іх, немцы ў малой вёсачцы амаль ніколі не спыняліся. У той трагічны дзень спыніліся…
Калі аўтамашына з гітлераўцамі ехала па вёсцы ў бок Дзераўной, з адной з хат злева раздаліся стрэлы – некалькі немцаў былі паранены. Трое так званых партызан добра «кульнулі» і не кантралявалі свае паводзіны – адкрылі агонь, хаця гаспадары дома ўмалялі не страляць. Немцы ў адказ адкрылі агонь, дваіх «мсціўцаў» забілі, адзін уцёк. Параіўшыся, немцы сагналі ўсіх жыхароў у адзін дом, паклалі на падлогу і расстралялі. А дом падпалілі. Жанчына з Дзераўной прасілася, што жыве не тут, але і яе спалілі. Хлапчук з Піроніма кінуўся ўцякаць, але яго падстрэлілі, ухапілі за ногі і кінулі ў агонь. Другі хлапчук з Турной схаваўся ў падпечак, але задыхнуўся ад дыму. Дзяўчына пабегла ў бок Загрыцькава, але яе дагналі, ухапілі за косы і таксама кінулі ў полымя…
Пасля жудаснай расправы карнікі паехалі. Абгарэлага хлапчука з Піроніма сваякі пахавалі ў Дзераўной, астатнія 13 чалавек знайшлі свой апошні прытулак на месцы трагедыі. 25 снежня карнікі знішчылі вёску Акунінава. 299 мірных жыхароў лягуць у брацкую магілу. Сярод іх і сям’я Дуброўкаў – шасцёра дзяцей (дваіх блізнят Жэню і Валодзю нават не паспелі ахрысціць), муж і жонка Фёдар і Надзея. Дзевяцігадовая Ніна, якую прастрэліла сем куль, выпаўзла з-пад трупаў. Немагчыма без болю ў сэрцы слухаць расказ беднай жанчыны, якая ўжо пасля вайны пахавала ў адзін год дачку, сына і мужа.
Акунінава, Баравікі, Мірную і многія другія вёскі напаткаў жудасны лёс. У архівах захавалася паведамленне № 28 паліцыі бяспекі і СД, у якім карнікі хваляцца ў вышэйшыя інстанцыі аб праведзенай аперацыі «Гамбург» у раёне Слоніма: «Гэтая аперацыя была адною з найбольш паспяховых аперацый, праведзеных да гэтага часу ў Беларусі. Дадзеныя разведвальнай каманды паліцыі бяспекі і СД былі такія дакладныя, што ўдалося выявіць кожны лагер. У шматлікіх баях было забіта 1676 партызан. Затым было расстраляна западозраных у сувязях з партызанамі 1510 чалавек. Былі захоплены шматлікія трафеі, у тым ліку 4 браневікі і 8 супрацьтанкавых ружжаў, велізарная колькасць жывёлы і збожжа. У населеных пунктах, размешчаных у раёне аперацыі, акрамя таго, было знішчана 2658 яўрэяў і 30 цыганоў. Страты немцаў склалі 7 забітых і 18 раненых». На момант правядзення аперацыі «Гамбург» у нашым раёне карнікі нават не сутыкаліся з партызанамі, а блакада партызанскай зоны ў раёне Воўчых Нораў не прывяла да разгрому партызан, якіх на той момант у атрадзе імя Шчорса было каля 700 чалавек (другія атрады з’явіліся пазней). У лістападзе блакада была знята, і карнікі абрушыліся на мірнае насельніцтва. Мы часта праводзім мітынгі-рэквіемы па спаленых вёсках. У Паўлавічах старэйшая жыхарка вёскі Клаўдзія Хаўтур, якая цудам уцалела ў тым пекле, дзякуючы немцу, які ў карным атрадзе аказаўся з чалавечым абліччам, расказвала пра той страшны дзень. Што ні фраза – слёзы перахоплівалі дух беднай жанчыны. Двое азярніцкіх хлопцаў потым прызнаюцца: калі слухалі расказ бабулі, уявілі, як бы ім было, каб іх забралі ад мамы і стралялі. Страшна стала, слёзы выступілі, але адвярнуліся, выцерлі вочы, бо баяліся, каб гарадскія дзеці не ўбачылі і не смяяліся… Адзін «басякаваты» юнак прызнаўся настаўніцы, калі яна спытала ці спадабалася яму паездка: «Я так слухаў, што нават не пачуў, як стралялі салют». І ўжо настаўніца была здзіўлена: «Ну, калі ты слухаў…» і была шчаслівая, што ўзяла хлопца з сабой. Не стаў на калені наш народ, узняўся на барацьбу, як мог дапамагаў Чырвонай Арміі. Партызаны Яшка і Максім наводзілі жах на немцаў і паліцаяў. Партызан Касьян Панасевіч яшчэ за 101 дзень да Матросава здзейсніў такі ж подзвіг на Слонімшчыне. Аддасць юнае жыццё за свабоду роднага краю Вася Крайні. Яны, і такія ж як яны змагары, ішлі на смерць за сваю зямлю. Барацьба была доўгая і адчайная. Каб наступіла 10 ліпеня 1944 года, калі нашы непакораныя землякі сустрэлі Чырвоную Армію…

Васіль АФАНАСІК.

Ваш комментарий будет первым

Поделитесь своим мнением

  • "Слонiмскi Веснiк" 2018.
  • При использовании материалов гиперссылка (не закрытая от индексации поисковыми системами) на www.slonves.by - обязательна.